У Швэцыі асьцерагаюцца расейскага ўварваньня

BALTOPS16

У апошнія дні першапалоснымі ў Швэцыі сталі навіны вайсковыя і шпіёнскія. І тыя, і іншыя зьвязаныя з Расеяй.

Спачатку стала вядома, што на востраве Ґотлянд вярхоўнае камандаваньне нечакана загадала разьмясьціць мотастралковую роту, прычым з пастаяннай дысьлякацыяй. На швэдзкім востраве, дзе абыходзяцца без пастаяннага патруляваньня апошнія адзінаццаць гадоў, раптам зьявіліся вайскоўцы, і адбылося гэта на паўгоду раней заплянаванага парлямэнтам тэрміну.

«У сувязі з пагаршэньнем становішча», — суха растлумачыў сваё рашэньне галоўны вайскавод узброеных сілаў Швэцыі Мікэль Бюдэн.

Праз некалькі дзён газэта Dagens Nyheter, спасылаючыся на свае крыніцы ў выведцы, паведаміла, што рашэньне рэмілітарызаваць Ґотлянд было прынятае ў сувязі са «звышсакрэтнымі зьвесткамі, якія зьмяняюць карціну нацыянальнай бясьпекі краіны». І гэтыя зьвесткі зьвязаныя з ваеннай пагрозай з боку Расеі.

Нягледзячы на запэўніваньні міністра абароны ​Пэтэра Гультквіста і прэмʼер-міністра Стэфана Лёвена ў тым, што ніякай сурʼёзнай ваеннай небясьпекі з боку Расеі не існуе, СМІ сталі ўсё часьцей паведамляць пра ўзмацненьне актыўнасьці расейскай выведкі на тэрыторыі Швэцыі.

Акрамя таго, літаральна напярэдадні ў Швэцыі разгарэўся палітычны скандал праз прысутнасьць у мясцовым парлямэнце дэпутата расейскага паходжаньня Аляксандра Фрыдбака, сакратара ва ўрадавай канцылярыі ад нацыяналістычнай партыі «Дэмакраты Швэцыі». Некаторыя экспэрты лічаць яго палітычна нядобранадзейным.

Ня так даўно швэдзкаму ўраду быў пададзены даклад «Сучасная бясьпека. Абаронная і вайскова-палітычная супраца Швэцыі», у якім гаворыцца, што ў выпадку вайны ў рэгіёне Балтыйскага мора Швэцыя стане першай краінай, на якую нападзе Расея. Швэцыя не зможа трымаць абарону ўласнымі сіламі і вымушана будзе прасіць вайсковай дапамогі ў іншых краін.

Даклад быў напісаны па выніках незалежнага дасьледаваньня, праведзенага пад кіраўніцтвам швэдзкага дыплямата Крыстэра Брынеўса, у нядаўнім мінулым — шэфа аддзелу бясьпекі МЗС Швэцыі. Вынікі дасьледаваньня, заснаванага на аналізе сакрэтных матэрыялаў Міністэрства замежных спраў, вайсковай выведкі MUST і Агенцтва радыёэлектроннай выведкі Швэцыі, а таксама гутарак са спэцыялістамі ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі 22 краін, складаюцца ў тым, што ваенны канфлікт у рэгіёне Балтыкі «хоць і ўяўляецца малаверагодным, але наступствы ў выпадку яго пачатку акажуцца катастрафічнымі».

Без дапамогі НАТО гіпатэтычная вайна будзе прайграная, — такія высновы робяць экспэрты.

А першай мішэньню стане востраў Ґотлянд. Спэцыялісты ацэньваюць патэнцыял баяздольнасьці Ґотлянда ў 6 гадзін. Менавіта столькі спатрэбілася б расейскаму дэсанту для поўнай акупацыі ключавога ў стратэгічным пляне вострава ў Балтыйскім моры.

Матэрыял цалкам чытайце на сайце расейскай службы Радыё Свабода.