У Віцебску аднавілі справу за сьпевы на пікеце

Тацяна Севярынец чытае рэп на пікеце правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску

Віцебская абласная ўправа міліцыі загадала аднавіць адміністрацыйную справу за сьпевы на пікеце.

Віцебская абласная ўправа міліцыі загадала аднавіць адміністрацыйную справу за сьпевы на пікеце.

Пра гэта даведалася кандыдатка ў дэпутаты па Вцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе № 19 Алена Шабуня. 27 ліпеня разам з Тацянай Севярынец і Георгіем Станкевічам яна сьпявала гімн «Магутны Божа» ў цэнтры Віцебску.

Алена Шабуня сказала, што атрымала адказ на сваю скаргу, дасланую ў абласную міліцэйскую ўправу:

«Скарга была напісаная яшчэ тады, калі супраць нас траіх завялі адміністрацыйныя справы за несанкцыянаваны пікет. Хоць мы сьпявалі падчас пікетаў, якія ладзілі ў межах выбарчай кампаніі — на іх мы зьбіралі подпісы за вылучэньне кандыдатамі. Нас усіх траіх, да слова, зарэгістравалі. А цяпер, аказваецца, яшчэ й узнавілі ўжо скасаваныя 11 жніўня адміністрацыйныя справы. Пра гэта, сярод усяго астатняга, паведамляецца ў адказе на маю скаргу, які падпісаў начальнік міліцэйскай управы генэрал-маёр Віктар Сянько.

Your browser doesn’t support HTML5

«Віват, віват, Беларусь!» - Тацяна Севярынец прасьпявала на пікеце рэп

Скарга спадарыні Шабуні тычылася памылак у рапарце палкоўніка Ігара Скарыновіча, намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму. А таксама ягоных паводзінаў: чаму палкоўнік не спыніў дзеяньняў, якія кваліфікаваў як парушэньне адміністрацыйнага заканадаўства? На апошняе пытаньне з абласной управы міліцыі адказалі, што, маўляў, «актыўная фаза парушэньня была непрацяглай па часе», і сьпевакі разышліся да ўмяшаньня міліцыі. Тым ня менш міліцэйскі апэратар пасьпеў зьняць на камэру і калектыўныя сьпевы гімна, і сольны сьпеў «барда Свабоды» Георгія Станкевіча, які выканаў уласную песьню «Сьцяг».

Калі актывістаў выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС, кожны зь іх даводзіў, што выбарчае заканадаўства не рэглямэнтуе формы актыўнасьці на пікеце па зборы подпісаў. Адпаведна, і сьпяваць на пікетах не забаронена. Па выніках праверкі ў межах распачатых адміністрацыйных спраў супрацоўнікі райаддзелу спынілі адміністрацыйны перасьлед тады яшчэ прэтэндэнтаў на кандыдацтва. Але ў абласной міліцэйскай управе вырашылі, што «праверка не была ўсебаковай і не былі ўлічаны ўсе аспэкты». А таму з 23 жніўня адміністрацыйная вытворчасьць — цяпер ужо супраць кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту — была адноўлена.

Да слова, ніхто з траіх актывістаў яшчэ не атрымаў афіцыйнага паведамленьня пра гэта з Кастрычніцкага РАУС.