Украінцам небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі, — міністар замежных справаў Украіны

Паўло Клімкін, архіўнае фота

Міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін у інтэрвію Ukrinform заявіў, што ўкраінцам небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі пасьля зьнікненьня ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба і яго меркаванага выкраданьня расейскім ФСБ.

«Давайце шчыра скажам: пасьля таго, як Паўло Грыб зьнік з тэрыторыі Беларусі, мы павінны гаварыць аб небясьпецы знаходжаньня ўкраінскіх грамадзянаў ня толькі на расейскай тэрыторыі, — казаў Клімкін. — Хачу скарыстацца гэтым інтэрвію і яшчэ раз папярэдзіць грамадзянаў Украіны аб небясьпецы знаходжаньня на расейскай тэрыторыі, дзе ўсе расейскія спэцслужбы пасьлядоўна дзейнічаюць супраць нашых грамадзянаў. Я заклікаю кожнага, хто едзе на расейскую тэрыторыю, вельмі добра падумаць, ці ехаць туды. Але цяпер у нас стварылася сытуацыя, калі мы бачым, што расейскія спэцслужбы дзейнічаюць таксама на тэрыторыі Беларусі, і я лічу, што ўкраінскія грамадзяне маюць узважваць, якім чынам езьдзіць туды».

На ўдакладненьне пра тое, ці будуць украінцаў гэтак жа засьцерагаць ад паездак у Беларусь, як засьцерагаюць ад паездак у Расею, Клімкін сказаў, што гэтыя засьцярогі могуць быць рознымі, але дадаў:

«Мы ведаем, што адбываецца, аднак павінны дзейнічаць у юрыдычных рамках, грунтуючыся на фактах і доказах».

Украіна з 1 студзеня 2018 году будзе патрабаваць ад тых, хто перасякае мяжу, біямэтрычныя дадзеныя (у прыватнасьці адбіткі пальцаў): або празь біямэтрычныя пашпарты (у Беларусі такіх пакуль не выдаюць), або праз здаваньне гэтых дадзеных проста на мяжы.