Бізнэсовец Цітовіч ідзе ў прэзыдэнты: «Права выбару ў нас адабрала дзейная сыстэма і так званая апазыцыя»

Уладзіслаў Цітовіч

12 ліпеня пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявіў 39-гадовы прадпрымальнік зь Менску Ўладзіслаў Цітовіч. Зварот да грамадзянаў з просьбаў запісвацца ў ягоную ініцыятыўную групу ён разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Уладзіслаў Цітовіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў Менску. Скончыў будаўнічы факультэт БНТУ, інжынэр-эканаміст, вядзе прыватны бізнэс. Гадуе двух сыноў (9 і 4 гадоў). Жонка працуе лекарам-эндакрынолягам у 1-й клінічнай бальніцы Менску. Беспартыйны. У 2006-м зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, у 2010-м — за Яраслава Раманчука. У 2012 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў.

— У сваім звароце ў фэйсбуку вы напісалі, што за вамі не стаіць ні ўлада, ці апазыцыя. А хто тады? Каго вы прадстаўляеце?

— Я прадстаўляю сам сябе і такіх самых, як я, грамадзянаў нашай краіны. І ўсё, што я хачу, — гэта каб нам вярнулі наша права выбару. Таму што як толькі мы атрымаем гэтае права, мы пачнём жыць па-іншаму. У нас гэта права адабрала як дзейная сыстэма, так і так званая апазыцыя, калі яна наагул ёсьць.

— Вы маеце пэўны досьвед удзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Вось што паказаў той ваш досьвед — ці рэальна перамагчы чалавеку, за якім ніхто не стаіць?

— Выбары парлямэнцкія цалкам рэальна выйграць добрай камандай. Іншае пытаньне — гэта падлік галасоў. Гэта адзіная замінка. Таму што на тых выбарах мне налічылі перадапошняе месца, хоць я сустракаўся з многімі людзьмі, якія казалі, што галасавалі за мяне. І тыя парушэньні, якія былі на выбарах. І нашы заўвагі пра парушэньні падчас выбараў былі альбо наагул не разгледжаныя, альбо нам далі такія адказы, якія, як кажуць, ні ў якія вароты ня лезуць.

— А хто тады перамог, хто быў вашым канкурэнтам?

— Дзейны дэпутат Віталь Бусько. А па маёй акрузе балятаваўся таксама Ўладзімер Падгол.

— Прынамсі апошнія 5 гадоў ужо ідзе размова пра адзінага кандыдата. Вы таксама пішаце ў сваім звароце ў фэйсбуку, што «мы павінны згуртавацца вакол адзінага кандыдата». На мінулых выбарах было 10 кандыдатаў, на сёлетніх, мяркуючы па заявах прэтэндэнтаў, таксама будзе нямала. Не атрымаецца зноў, што будзе процьма кандыдатаў, а вынік прадказальны?

— «Адзіны» — тут, магчыма, крыху ня тое слова, напэўна, яго трэба замяніць на «аднаго кандыдата». Аднаго кандыдата, за якім стаяць звычайныя людзі — не ад апазыцыі, не ад улады, ні ад кога. Простыя, звычайныя людзі, якія хочуць, каб іх голас пачулі. У якіх ёсьць канстытуцыйнае права на сумленны падлік галасоў.

— А гэта рэальна пры цяперашнім Выбарчым кодэксе — празрыстасьць пры падліку? Калі вы сказалі, што праблема на парлямэнцкіх выбарах была менавіта ў падліку галасоў?

— У гэтым жыцьці няма нічога немагчымага. Пытаньне толькі, як рашаецца гэта задача. Як вырашыць — пэўныя напрацоўкі ёсьць. Але для таго каб гэта зрабіць, мне неабходна каманда. Каманду я зьбіраю са звычайных грамадзянаў. Але патрэбна як мінімум 2 тысячы. А лепш — тысяч 5. Калі столькі людзей зьбярэцца — будуць вельмі цікавыя выбары.

— А рэальна цяпер сабраць 100 тысяч подпісаў? Вось у вас ужо быў досьвед па зборы подпісаў у парлямэнт.

— Рэальна. У людзей павінна быць толькі жаданьне. Рэальна сабраць. Дзьве тысячы могуць сабраць 100 тысяч. Пяць тысяч яшчэ лягчэй зьбяруць. Калі будзе менш людзей у ініцыятыўнай групе — гэта амаль нерэальна. Таму што, мяркуючы па мінулым досьведзе, таксама час збору подпісаў прыпаў на жнівень, адпачынкі, вельмі мала людзей было ў кватэрах, я абышоў велічэзную колькасьць кватэр. Паколькі я сам за сябе зьбіраў, то сабраў досыць шмат — 600 подпісаў. Усе астатнія сабралі ў сярэднім па 50 подпісаў за месяц. Тут чыстая матэматыка — чым больш людзей, тым хутчэй гэтыя подпісы зьбяруцца.

— А цяпер у вас нейкі касьцяк каманды ёсьць?

— Касьцяк ёсьць — больш за 100 чалавек. Але я зь ім не пайду, таму што гэта будзе несур’ёзна. Гэтай колькасьцю мы не зьбяром 100 тысяч. Калі я пасьпею сабраць неабходную колькасьць да 16–17 чысла, то тады я буду заяўляцца. Калі я не зьбяру — я ня буду зьбіраць подпісы.

— Людзі вас ня ведаюць. Вам трэба распавесьці пра сябе і нейкі накід праграмы прадставіць. У вас ёсьць хаця б тэзісы перадвыбарчай праграмы?

— Так, канечне. У мяне ёсьць плян дзеяньняў.

— І што ў першую чаргу вы будзеце рабіць? Хоць некалькі пунктаў пералічыце.

— Пакуль я не магу гаварыць, таму што, наколькі я ведаю, пакуль я не зарэгістраваны, я пра праграму наагул нічога не магу казаць.

— Колькі ў нас было выбараў, і як толькі хтосьці заяўляў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, пачынаючы ад дырэктараў МТЗ і заводу халадзільнікаў, бізнэсоўца Сяргея Скрабца — іх садзілі за краты. Пасьля мінулых выбараў амаль усе прэтэндэнты таксама апынуліся за кратамі, а Мікола Статкевіч дагэтуль сядзіць. Не апасаецеся за сябе?

Людзі адкрываюць інтэрнэт і бачаць: зноў апазыцыянэра затрымалі. Але пытаньне: ці зьяўляўся ён сапраўдным апазыцыянэрам?

— Паглядзіце на гэта зь іншага боку. Так, яны адседзелі, але хто нагнятае гэтыя страхі? Усе апазыцыянэры выйшлі, акрамя Статкевіча, прычым нядоўга адседзелі. Вось яны самі і наганяюць гэтыя страхі. Так, ёсьць страх у людзей. Але адкуль ён узьнікае? Людзі адкрываюць інтэрнэт і бачаць: зноў апазыцыянэра затрымалі. Але пытаньне: ці зьяўляўся ён сапраўдным апазыцыянэрам? Таму што ўсе, наколькі мне вядома, былі ля якой-небудзь кармушкі. Гэта палітыка, канечне, але як толькі для цябе гэта становіцца бізнэсам і ты ня маеш падтрымкі ўнутры краіны, такі вынік і будзе. Мне на парлямэнцкіх выбарах таксама казалі, палохалі, але ніякіх праблемаў я не сустрэў, Хаця, канечне, гэта не зусім той узровень, але, тым ня менш, заканадаўства я не парушаў, дзейнічаў згодна са сваёй асабістай грамадзянскай пазыцыяй.

— Вось ці магчыма ў такі кароткі тэрмін «раскруціць» чалавека, каб ён стаў вядомы і пазнавальны? Ці здолееце вы раскруціцца?

— Раскруціць чалавека можна. Гэта тэхнічны момант. Па-другое, калі праглядаць апазыцыйныя сайты ці непраўладныя сродкі масавай інфармацыі, там загалоўкі спрэс прыкладна такія: «Вынік выбараў вядомы», «Выбараў няма». Такімі загалоўкамі журналісты заганяюць людзей у тупік. Нельга так пісаць. Трэба пераконваць людзей: «Мы зробім гэта. Мы зможам перамагчы, пераламіць сытуацыю». У мяне просьба да СМІ: пішыце па-іншаму, і людзям стане лягчэй.

— У краіне крызіс, вельмі цяжкая сытуацыя на прадпрыемствах, заробкі мізэрныя... Не баіцеся прыняць краіну ў такім стане, калі вам усё ўдасца?

— Сытуацыя сапраўды даволі цяжкая. Я думаю, што любы чалавек, нават дзейны кіраўнік, калі застанецца, сутыкнецца зь вялікімі праблемамі, і іх давядзецца вырашаць. Але няма шляху бяз выйсьця.

— Але ў вас павінна быць каманда аднадумцаў, прафэсіяналаў. Патрэбна будзе, напэўна, мяняць урад. Вы бачыце вакол сябе такіх людзей?

— Я думаю, нават і ў цяперашнім урадзе, а тым больш ва ўсёй краіне ёсьць нармальныя, адэкватныя прафэсіяналы, спэцыялісты. Але ў сілу пэўных палітычных момантаў яны скаваныя ў сваіх дзеяньнях. Нават тыя, хто цяпер ва ўрадзе, вымушаныя ісьці за тым палітычным курсам, які праводзіць улада. А прафэсіяналаў шмат, яны ёсьць.

— Вы апублікавалі 12 ліпеня свой зварот у фэйсбуку, каб людзі далучаліся да вашай каманды. Народ зьвяртаецца?

— Так. Прычым 90% — жанчыны. Але ў сілу няверы ў перамены яны не да канца бачаць, не разумеюць, хто я. Хоць у мяне ў фэйсбуку ёсьць невялікае партфоліё, відэаролік з парлямэнцкіх выбараў, дзе я практычна казаў тое самае, што і цяпер кажу. І пра права выбару я таксама кажу. Там усё гэта ёсьць. Проста паглядзіце мой ролік. Увечары 14 ліпеня запрацуе мой сайт titovich.by.