Італьянцы прадставяць на «Бэрлінале» фільм «Žyvie Biełaruś!»

Кадр з фільму "Жыве Беларусь" падчас паказу на Канскім кінафэстывалі ў 2012 годзе

8 лютага адбудзецца паказ фільму «Жыве Беларусь!» на кінафэстывалі «Бэрлінале» ў межах Эўрапейскага кінакірмашу. Найбольш цікава тое, што фільм будзе прадстаўлены італьянскім павільёнам кампаніі Intramovies, якая зьяўляецца сусьветным дыстрыбутарам стужкі.
У каталёгу Кінакірмашу фільм падпісаны беларускай лацінкай Žyvie Biełaruś! і па-ангельску Viva Belarus!, суседнічае з француcкай камэдыяй «Vive la France!». Акрамя таго Intramovies прэзэнтуе на фэстывалі некалькі італьянскіх і адну нямецкую стужку.

Фільм «Жыве Беларусь!» апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам.

Прэзэнтацыя фільму:
Fri. 8th — 14.45 — CinemaxX 16
Potsdamer Straße 5
10785 Berlin, Entrance Voxstraße



European Film Market (Эўрапейскі Кінакірмаш) — зьяўляецца адной з найбуйнейшых у сьвеце гандлёвых пляцовак у галіне кіно і тэлебачаньня.

Intramovies — незалежная кампанія, створаная больш за 40 гадоў таму, зьяўляецца міжнародным дыстрыбутарам фільмаў з усяго сьвету. Кампанія бярэ ў распаўсюд ня больш за 8–10 стужак на год. Многія зь іх атрымліваюць прызнаньне на міжнародных фэстывалях. Intramovies зьяўляецца афіцыйным дыстрыбутарам сотняў карцінаў, у тым ліку такіх рэжысэраў як Фэліні, Антаніёні, Пазаліні, Дэ Сіка, Бэрталючы, і іншыя.





ДАВЕДКА


Фільм «Жыве Беларусь!» (Viva Belarus!).

Прадукцыя: Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў (WFDIF) і францускі Canal +.

Рэжысэр — Кшыштаф Лукашэвіч (рэжысэр «Лінч», 2 рэжысэр «Бітва Варшаўская 1920», асыстэнт рэжысэра «Агнём і мячом», Quo Vadis, аўтар сцэнару «Генэрал Ніл» і інш.).

Мастацкі кіраўнік, сцэнаграфія — Анджэй Галіньскі (жыве ў Канадзе) («Out of Reach» са Стывенам Сыгалам, «Агнём і мячом», «Mala Matura 1947» і інш).

Апэратар — Вітальд Сток (Вялікабрытанія) (сэрыял «Закон Мэрфі», «As if», «The Match»).

Сцэнар — Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

У ролях: Караліна Грушка («Кісларод», «Капітанская дачка», «У жніўні 44-га»), Анатоль Кот («Акупацыя. Містэрыі», «Анастасія Слуцкая», «Маргоша», сэрыял «Салдаты» і г.д.), Зьміцер «Vinsent» Папко («Вышэй за неба»), Аляксандар Малчанаў (Купалаўскі тэатар, а таксама «Каменская», «Акупацыя. Містэрыі», «Цёмная ноч» і інш.), Раман Падаляка (Купалаўскі тэатар, а таксама «Сьляпое шчасьце», «На безыменнай вышыні», «Эрык 14»), Дзяніс Тарасенка (Свабодны тэатар, а таксама «Франц і Паліна», «Марго. Вогненны крыж», «Капітан Гардзееў» і інш.), Аляксандар Памідораў (шbоўмэн), Павел Крыксуноў («Тутэйшыя»), Павел Гарадніцкі і інш.

http://www.youtube.com/embed/QseBzQiSXcY?rel=0