МЗС: Васіль Быкаў заўсёды згадваў эўрапейскасьць Беларусі. Быкаў — гэта сумленьне

20 чэрвеня ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому...», створаная па матывах аднайменнай апошняй прыжыцьцёвай кнігі народнага пісьменьніка і прымеркаваная да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Выставу адкрыла намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына, якая адзначыла, што для яе гэта вялікі гонар — прадстаўляць у зьнешнепалітычным ведамстве краіны такую экспазыцыю, прысьвечаную народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву:

Алена Купчына

«На маю думку, праўду перагледзець немагчыма. Праўда таму і праўда, што заўсёды застаецца такой, якой яна стала вядомая людзям. Але праўду мы павінны пераасэнсоўваць, мы павінны таксама, памятаючы аб тым, што з намі адбывалася, памятаючы аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны, мы павінны падрыхтавацца да будучыні. Я глыбока ўпэўнена, што ўся творчасьць Васіля Быкава была дзеля будучыні Беларусі. Нам трэба было зразумець, што з намі адбывалася, мы павінны былі даць зразумець іншым народам сьвету, якім быў унёсак Беларусі ў агульную вялікую перамогу і ўвогуле ў чалавечую цывілізацыю. Каб разам будаваць новую будучыню Беларусі. Сёньня ўжо казалі, што Васіль Быкаў заўсёды казаў пра эўрапейскасьць Беларусі. Гэта значыць, што ён усё сваё жыцьцё, і нават у цяжкія дні вайны, глядзеў у будучыню. Таму памяць — гэта ня толькі мінуўшчына. Для мяне памяць — гэта і будучыня.

Імя Быкава вядомае ня толькі ў Эўропе, але і ва ўсім сьвеце. Паводле дадзеных Бібліятэкі Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі, творы Быкава перакладзеныя на 52 мовы сьвету. Канечне, імя Быкава вядомае! І Васіль Быкаў — гэта сумленьне, сумленьне ня толькі таго пакаленьня, пра якое ён пісаў у сваіх творах, але гэта і сумленьне маладых людзей, якія цяпер праходзяць праз усе выпрабаваньні разам з новай Эўропай».

Выстава — гэта дзясятак стэндаў, сотні фотаздымкаў. Экспанатамі выставы сталі дакумэнты, рукапісы, вокладкі кніг, малюнкі Васіля Быкава. Дырэктарка Беларускага дзяржаўнага музэю беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч распавяла, што ў 1994 годзе, у год свайго 70-годзьдзя, Васіль Быкаў перадаў у фонды музэю ўнікальныя калекцыю сваіх матэрыялаў:

Дырэктар Музэю беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч

«Гэта былі рукапісы, фотаздымкі, кнігі на замежных мовах, кнігі з аўтографам, асабістыя рэчы. І мы да 70-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка рыхтавалі выставу. Адна з галоўных тэм на той выставе гучала так: «Голас Быкава чуе ўвесь белы сьвет. Мне здаецца, наша сёньняшняя сустрэча — гэта пацьверджаньне таму, што больш чым праз 20 гадоў, каб яшчэ раз дакрануцца да голасу Васіля Ўладзімеравіча Быкава.

У аснове гэтай выставы — кніга „Доўгая дарога дадому“. Але каб выстава мела большы рэзананс, мы да яе дадалі вельмі шмат здымкаў. Вялікую частку здымкаў зрабіў ягоны сябар Яўген Коктыш. На нашу просьбу зрабіць здымкі мясьцінаў, дзе жыў і працаваў Быкаў, адгукнуліся і дыпляматы, якія працавалі ў Нямеччыне, Чэхіі — Аляксей Жбанаў, Аляксей Кухарчык. Ёсьць фотаздымкі малодшага сына Васіля. Гэтыя здымкі нам асабліва дарагія».

На здымках, прадстаўленых на выставе — бацькі пісьменьніка, ягоная сямʼя, сябры і паплечнікі Быкава: Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Андрэй Вазьнясенскі.

Ёсьць некалькі здымкаў і з супрацоўнікамі Радыё Свабода, зробленымі ў 2003 годзе ў Празе: з дырэктарам Беларускай службы Свабоды Аляксандрам Лукашуком, з супрацоўнікам і сябрам Быкава Сяргеем Навумчыкам і старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. Ёсьць здымак 2002 года зь цяперашняй ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі Сьвятланай Алексіевіч.

На адкрыцьці выставы прысутнічала шмат замежных дыпляматаў — кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, амбасадары Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Баўгарыі, Іраку, Лівіі, Палестыны, Сырыі, Кіргізстану, Туркмэністану, ААЭ ды іншых краінаў.

Прадстаўнікі пасольстваў

Глядзіце фотарэпартаж з імпрэзы вялікім памерам