У Менску знайшлі амаль 50 тысяч няплатнікаў «камуналкі»

Ілюстрацыйнае фота

На 1 верасьня раённым прадпрыемствам камунальных паслугаў Менску грамадзяне былі вінныя 4,92 млн беларускіх рублёў, заявіла агенцтву «Менск-навіны» прадстаўніца Адзінага разьлікова-даведкавага цэнтру Менску Юлія Агеева. Завінавачанасьць знайшлі на 49 263 рахунках — 7,2% ад усіх менскіх асабовых рахункаў.

Паводле Агеевай, больш за 41 тысячу няплатнікаў — «кароткатэрміновыя», іхная запазычанасьць мае даўнасьць ня больш за тры месяцы. На іх прыпадае палова нясплачаных грошай — 2,73 млн рублёў.

Больш за тры тысячы рахункаў маюць завінавачанасьць ужо 3–6 месяцаў, яны вінныя 747 тысяч рублёў.

Амаль 4,8 тысячы рахункаў маюць завінавачанасьць 6–12 месяцаў, і яны вінныя амаль тры мільёны рублёў.

Ёсьць і такія, хто плаціць бягучыя плацяжы, але ня плаціць доўг за папярэднія месяцы.

На няплатнікаў афармляюць выканаўчыя надпісы (іх за студзень-жнівень аформілі больш за 7,6 тысячы на суму 1,4 млн рублёў), падаюць пазовы на сплату доўгу (за той жа пэрыяд — 398 пазоваў на больш як 120 тысяч рублёў), перастаюць прадстаўляць ім камунальныя паслугі, падаюць пазовы на высяленьне і пазбаўленьне жытла (колькі разоў ужываліся тры апошнія захады, невядома).

Колькі складае завінавачанасьць за камунальныя паслугі па ўсёй Беларусі, не паведамляецца.

Пытаньнямі камунальных паслугаў у Беларусі цяпер займаецца ня толькі адпаведнае міністэрства, але і Камітэт дзяржаўнага кантролю, і нават прэм’ер-міністар. І хоць Дзяржкантроль абяцаў, што тарыфы на ЖКГ не павысяцца да канца году, зь верасьня павышэньне адбылося.

Падвышэньне кампэнсацыі за паслугі ЖКГ было адным з патрабаваньняў Міжнароднага валютнага фонду, каб Беларусь магла атрымаць крэдыт. Як выявілася на канфэрэнцыі ў чэрвені, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і Рэспубліканскае таварыства ўласьнікаў жыльля зацікаўленыя ў рэформе ЖКГ, але дэпутаты Палаты прадстаўнікоў канфэрэнцыю праігнаравалі, з чаго арганізатар — кампанія «Гавары праўду» — зрабіў выснову, што і рэформа ЖКГ дэпутатам не патрэбная.