У працэсе аб сьмерці на «Валадарцы» ў 2013 годзе вязьня Ігара Пцічкіна пракурор просіць для абвінавачанага фэльчара Аляксандра Крылова 3 гады калёніі-пасяленьня паводле часткі 2 артыкулу 162 Крымінальнага кодэксу — за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў, якое прывяло да сьмерці.
Пракурор Вадзім Кісель назваў сярод асноўных прычынаў, якія прывялі да сьмерці Пцічкіна, фіксацыю яго да ложка, якую прызначыў Крылоў незаконна, і лячэньне Пцічкіна з боку Крылова «не ў адпаведнасьці з пратаколам». Вынікі комплексных экспэртызаў прычын сьмерці Пцічкіна пракурор лічыць «супярэчлівымі» і «узаемавыключальнымі». Экспэрты казалі пра сьмерць у выніку вострай сардэчнай недастатковасьці, якая разьвілася ад комплексу прычынаў, на якія Крылоў ня мог узьдзейнічаць.
Крылоў не прызнае сябе вінаватым. Пракурор заяўляе, што Крылоў не раскаяўся. Адвакат Крылова Андрэй Міхайлаў кажа, што няма доказаў, што Пцічкіна зьбівалі, а ягоны кліент толькі фэльчар, але ня лекар.
Адвакат назваў праваабаронцаў «ворагамі», якія фінансуюцца ЦРУ. Прысуд Крылову, паводле Міхайлава, будзе на іх карысьць. Ён заклікаў суд Крылова апраўдаць, а таксама прыцягнуць да адказнасьці пракурора, які вёў справу Пцічкіна, па 393 артыкуле КК – за гэта, маўляў, трэба даваць 3–10 гадоў зьняволеньня. Пракурор Кісель назваў гэтыя словы адваката Міхайлава пагрозай і ціскам на суд.
Паседжаньне 14 кастрычніка завершылася. У панядзелак, 14 кастрычніка а 14:15 апошняе слова і абвяшчэньне прысуду.
Праурор Кісель запрасіў для фэльчара Вададаркі Крылова 3 гады зьняволеньня за невыкананьне абавязкаў, што прывяло да сьмерці Пцічкіна. pic.twitter.com/aO9MqX6x2N
— Радыё Свабода (@svaboda) 14 октября 2016 г.
Маці Пцічкіна Жана: сына трымалі 22 гадзіны прывязаным, без вады, пры тэмпературы 32 градусы! Крылову 3 гады яшчэ мала. pic.twitter.com/95I0OF00XR
— Радыё Свабода (@svaboda) 14 октября 2016 г.
Адвакат Галіеў: Сьледзтва яшчэ не дасьледавала сьляды на целе Пцічкіна, якія сьведчаць пра незаконныя меры да яго акрамя фіксацыі. pic.twitter.com/qsLziCUCFI
— Радыё Свабода (@svaboda) 14 октября 2016 г.
Сястра Пцічкіна Ірына: Крылову 3 гады калёніі-пасяленьня мала, трэба даць 5 гадоў калёніі. Мой брат паміраў, а ён яму не даамог. pic.twitter.com/gbou23C0lR
— Радыё Свабода (@svaboda) 14 октября 2016 г.
Адвакат Міхайлаў: А калі б Пцічкіна не прывязалі, што магло быць? Аднаму вязьню 4 літры крыві ўлілі, каб выратаваць пасьля ўскрыцьця вен. pic.twitter.com/9GOCe5RHlG
— Радыё Свабода (@svaboda) 14 октября 2016 г.
Апошняе слова фэльчара "Валадаркі" Крылова будзе 14-га. Дагэтуль не прызнаваў віны цалкам, але адвакат пагадзіўся з "недахопам дапамогі". pic.twitter.com/wOJY6kndNl
— Радыё Свабода (@svaboda) October 14, 2016
21-гадовы Ігар Пцічкін адбываў на «Валадарцы» тры месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы пасьведчаньня. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што Пцічкін памёр ад спыненьня сэрца, аднак сваякі выявілі на целе шматлікія сінякі і сьляды пашкоджаньняў і дамагліся, каб у дачыненьні да лекараў «Валадаркі» завялі крымінальную справу.
Сьведкі, а гэта супрацоўнікі СІЗА на Валадарскага, а таксама некаторыя сукамэрнікі Ігара Пцічкіна, казалі на працэсе, што ён у турме перажываў «сындром адмены», уласьцівы для наркаманаў, якія трапілі ў зьняволеньне. Экспэрты-патолягаанатамы выявілі, што Пцічкін памёр у выніку тупой траўмы сэрца.