Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіраньне: на ўсе ўчасткі чалавечага рэсурсу ня хопіць


На выбарах будзе 2,5 тысячы мясцовых назіральнікаў на 7000 участкаў.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучылі ў якасьці адной з галоўных задач на апошнім этапе свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі кантроль за падлікам галасоў — каб прад’явіць “доказы фальшаваньня вынікаў выбараў”.
Ацэньваць ход выбарчага працэсу будуць каля тысячы міжнародных назіральнікаў, якія прадстаўляюць АБСЭ, СНД, асобныя замежныя краіны. На сёньня ўжо акрэдытавана каля 400 замежных назіральнікаў.
Унутраныя назіральнікі падзеленыя на 2 катэгорыі — незалежныя і партыйныя. Незалежнае назіраньне прадстаўляе кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Паводле прадстаўніка гэтай кампаніі Валянціна Стэфановіча, гэтым разам праваабаронцы адмовіліся ад масавага назіраньня, скіраванага на тое, каб ахапіць усе 7 тысяч выбарчых участкаў. Цяпер у гэтую кампанію аб’ядналася каля трохсот назіральнікаў, — кажа спадар Стэфановіч:
“Мы зараз асноўны ўпор робім на аналіз выбарчых этапаў, ужо некалькі справаздач было, яны разьмешчаныя на сайтах... Дзень галасаваньня мы разглядаем як адзін з этапаў. Таму назіральнікі будуць рэгістравацца, але мы не ахопім усю краіну... На ўчастках ніхто ня будзе знаходзіцца цэлы дзень, бо абсалютна няма сэнсу ў гэтым. Асноўная задача, якая ставіцца, — ацаніць выбары з пункту гледжаньня іх празрыстасьці і дэмакратычнасьці”.
Партыйнае назіраньне арганізоўваюць суб’екты Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Аляксандар Бухвостаў каардынуе працу назіральнікаў ад АДС. Цяпер у кожнай вобласьці створаныя групы для трэнінгу назіральнікаў, падрыхтаваная мэтадычная літаратура, значкі і бэджы, кажа Аляксандар Бухвостаў:
“У нас няма магчымасьці закрыць усе ўчасткі. Мы разьлічваем на 2200 назіральнікаў. Такога чалавечага рэсурсу ў АДС няма, каб закрыць усе ўчасткі”.
Спадар Бухвостаў зазначае, што ў рэгіёнах прадстаўнікі кааліцыі самі будуць вызначацца, куды, на якія акругі накіраваць больш назіральнікаў. Там, дзе няма кандыдатаў ад АДС, назіраньня ня будзе.
“Натуральна, што калі б у нас былі магчымасьці закрыць усе ўчасткі і паставіць па два назіральнікі, пры гэтым захапіць папярэдняе галасаваньне... Але такіх магчымасьцяў у нас няма, таму будзем арыентавацца на кропкавы глыбокі аналіз і па тых пратаколах, па тых заўвагах, якія будуць зьбірацца ў кожным рэгіёне, потым будзе выпрацоўвацца агульная ацэнка выбараў”.
Аляксандар Бухвостаў кажа, што найбольшая адказнасьць за арганізацыю назіраньня будзе ляжаць на саміх кандыдатах.
Валянціна Сьвяцкая — адна зь нешматлікіх кандыдатаў у дэпутаты ад БНФ у Менску. Яна кажа, што сама падрыхтавала 5 назіральнікаў, яшчэ некалькі назіральнікаў у дзень выбараў на яе акругу прышле партыя. Але гэта замала для 28 участкаў. Такімі сіламі зафіксаваць магчымыя фальсыфікацыі складана, кажа спадарыня Сьвяцкая:
“Думаю, што наўрад ці ўдасца гэта, таму што ўсе злачынствы робяцца ноччу, і падмена бюлетэняў таксама. Гэта мне добра вядома зь мінулай выбарчай кампаніі”.
Тым часам А. Лукашэнка сёньня заявіў, што беларускія ўлады стварылі “беспрэцэдэнтныя ўмовы адкрытасьці гэтай кампаніі, запрасіўшы фактычна ўсіх жадаючых назіраць за ходам выбараў”.
Пры гэтым ён зазначыў, што ўлады “не дапусьцяць ніякага бязладзьдзя— ні ў Менску, ні ў іншых гарадах”.
“Выбары яшчэ не пачыналіся, а апазыцыя ўжо пагражае байкотам і зьбірае палаткі для арганізацыі другога “майдану” ў той час, як толькі зачыняцца ўчасткі для галасаваньня. Яшчэ вынікаў ня будзе, а яны ўжо гатовыя наладзіць нешта кшталту ўкраінскага варыянту. Яны ня ведаюць, як прыкрыць сваю бездапаможнасьць і канчаткова не зганьбіцца перад усім сьветам сваімі нізкім аўтарытэтам у сваёй краіне”, — заявіў А. Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG