Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі апазыцыянэр Яшын пра супрацоўніцтва зь беларусамі: «Чужых палітвязьняў не бывае»

абноўлена

Ільля Яшын
Ільля Яшын

Сёньня расейскі апазыцыянэр, былы палітвязень Ільля Яшын выступіў у Варшаўскім унівэрсытэце. Падчас выступу ён патлумачыў свае высілкі па вызваленьні беларускіх палітвязьняў.

Прыгадаўшы абмен вязьнямі паміж Расеяй, Беларусьсю і Захадам, у выніку якога быў вызвалены і сам Яшын, ён заявіў, што быў шанец, што ў абмене будуць удзельнічаць Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, Віктар і Эдуард Бабарыкі:

«Я не зьбіраюся вучыць беларусаў, што і як ім рабіць. Усё, што я хачу зрабіць — гэта дапамагчы. Так, дзе я магу быць карысным. Калі пачалася кампанія ў падтрымку Калесьнікавай, да нас зьвярнуліся з просьбай публічна падтрымаць гэтую кампанію, прыцягнуць увагу да таго, што зараз адбываецца з Марыяй. І мы проста рабілі тое, аб чым нас прасілі. Адпаведныя публікацыі зьяўляліся ў сацсетках і Уладзіміра Кара-Мурзы, і Юліі Навальнай, і ў маіх сацсетках. Мы не робім нічога такога адносна Беларусі, што мы б не ўзгаднялі зь беларускімі калегамі.

Я ведаю, што быў шанец, што ў самалёце, які прывёз нас у Анкару, будуць прадстаўнікі беларускай апазыцыі, беларускія палітвязьні. У самалёце магла апынуцца і Маша (Калесьнікава — РС), і Бабарыка, і Ціханоўскі, і Эдуард Бабарыка, якога я, дарэчы, някепска ведаю. Я ведаў яго да таго, як ён пачаў займацца палітычнай дзейнасьцю і яго бацька пачаў выбарчую кампанію. Эдуард прыяжджаў у Маскву.

Адзіная наша матывацыя — гэта дапамагчы. Вы думаеце, мы дакладна ведаем? Мы спрабуем. Мы гаворым. І дзе нас слухаюць, там мы гаворым пра палітвязьняў — аб сваіх і аб вашых. Чужых палітвязьняў не бывае», — сказаў Ільля Яшын.

1 жніўня паміж Расеяй і некалькімі заходнімі краінамі на чале з ЗША адбыўся абмен вязьнямі. У яго межах у Расею вярнуліся 8 агентаў спэцслужбаў і двое дзяцей, на Захад трапілі некалькі амэрыканцаў, у тым ліку журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава і група расейскіх апазыцыянэраў, усяго 16 чалавек.

Раней некаторыя беларускія актывісты казалі пра адсутнасьць жаданьня расейскай апазыцыі, якая ўсё часьцей намагаецца асобна прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой, знаходзіць кантакты і тэмы для супрацоўніцтва. Апошні раз пра гэта казаў, сярод іншага, сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.

У адказ на пытаньне пра гэта Радыё Свабода Яшын сказаў, што ён падтрымлівае кантакты зь некаторымі беларускімі палітыкамі:

«З Тацянай Хоміч я гаварыў у апошні час, і зь Лябедзькам, маім старым сябрам Толем Лябедзькам».

На пытаньне, ці гатовы ён пашыраць сувязі зь беларускай апазыцыяй, Яшын адказаў:

«Я гатовы, у любы момант. Юля [Навальная] нядаўна кантактавала зь Ціханоўскай. Калі ёсьць магчымасьць для пашырэньня сувязей, мы вельмі дабразычліва настроеныя да беларускай апазыцыі».

Пры гэтым Яшын падкрэсьліў, што ён не прэтэндуе на замяшчэньне беларускіх дэмакратычных палітыкаў, у тым ліку Сьвятланы Ціханоўскай, у лабіяваньні інтарэсаў беларускіх палітвязьняў:

«Мне ад Ціханоўскай нічога не патрэбна. Адзінае, што мяне матывуе — гэта тое, што я хачу дапамагчы вашым палітвязьням. І жадаю посьпеху вашаму руху за свабоду. Гэта ўсё», — сказаў Яшын.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG