Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На газавы саміт паедзе Сяргей Сідорскі


Сяргей Сідорскі
Сяргей Сідорскі

Прадстаўнікі Беларусі запрошаныя да ўдзелу ў газавым саміце, які склікае ў Маскве расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Расея разьлічвае, што ў саміце, які заплянаваны на 17 студзеня, возьмуць удзел тыя, хто зацікаўлены як найхутчэй урэгуляваць газавую праблему. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Ён адзначыў, што на саміт запрошаныя ўсе, “хто так ці інакш зьвязаны з гэтай сытуацыяй”. Пры гэтым Лаўроў адзначыў, што “калі некаму гэта нецікава, мы ня можам прымусіць іх прыехаць у Маскву”. Ён выказаў пажаданьне, каб на стол перамоваў былі пакладзеныя “ўсе варыянты разблякаваньня сытуацыі”. У прэсавай службе расейскага прэзыдэнта паведамілі, што на газавы саміт у Маскву зьбіраецца прыехаць прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Але чаму не кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка?

Прадстаўнік прэс-службы расейскага прэзыдэнта Барыс Булай кажа:

“Цяпер мы нічога ня будзем камэнтаваць, бо сьпіс удзельнікаў мяняецца фактычна ня тое што з гадзіны на гадзіну, а з паўгадзіны на паўгадзіну”.

На пытаньне, ці было накіравана запрашэньне Аляксандру Лукашэнку, супрацоўнік прэс-службы прэзыдэнта Расеі адказаў:

“Запрашэньне? На жаль, не магу пацьвердзіць гэтую інфармацыю”.

Нагадаем, у сувязі са спыненьнем Расеяй паставак газу праз Украіну ў Эўропу ад 1 студзеня была павялічана нагрузка на нітку “Ямал — Эўропа”, якая ідзе празь Беларусь, і на сыстэму “Белтрансгазу”. Як паведамілі ў “Белтрансгазе” і “Газпроме”, пакуль транзыт празь Беларусь не зьмяншаўся.

Нагадаем, 30 сьнежня мінулага году прадстаўнікі “Белтрансгазу” пабывалі ў “Газпроме”. Аднак дагэтуль цана на расейскі газ для Беларусі ня вызначана. Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў заявіў, што цана ёсьць, але яна не называецца. Ці можа паўтарыцца ўкраінскі сцэнар зь Беларусьсю? Сяргей Купрыянаў адзначыў:

“У нас ёсьць сярэднетэрміновы кантракт і на транзыт, і на пастаўку. Таму гэтага здарыцца ня можа. Мы правялі ўсе перамовы, і асноўныя парамэтры ўзгодненыя”.

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, афіцыйны Менск марна спадзяецца падчас гэтага саміту вырашыць сваё газавае пытаньне:

“Ніхто ня будзе там займацца двухбаковымі праблемамі Беларусі і Расеі, напрыклад, ці Беларусі і Эўразьвязу. Усе будуць займацца той праблемай, дзеля якой яны сабраліся. У іх проста ня будзе часу. Пытаньне сапраўды сур’ёзнае і складанае. Адхіляцца ад яго ня будуць. Ніхто ня будзе вырашаць нейкія іншыя, мясныя, малочныя праблемы зь Беларусьсю”.

Аднак, паводле спадара Фёдарава, важна, каб у гэтым саміце ўзялі ўдзел прадстаўнікі Ўкраіны:

“Калі ня будзе Ўкраіны, Беларусь нічога ня вырашыць, і Эўропу ня выратуе яе прысутнасьць. Беларусь — як дадатак. Калі ёсьць асноўны транзытэр, канечне, было б добра, каб і другасны таксама прыняў правілы гульні і гуляў паводле іх. Калі ня будзе Ўкраіны, Беларусь нічога ня вырашыць”.

Са свайго боку, кіраўніцтва Ўкраіны прапаноўвала правесьці саміт з удзелам Украіны, Расеі і Эўразьвязу ў Празе. Нягледзячы на пагадненьне аб пастаўках газу ў Эўропу, якое заключана пры пасярэдніцтве ЭЗ і дзейнічае ўжо больш за тры дні, расейскі газ яшчэ не паступае ў эўрапейскія краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG