Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаныя па “працэсу 14-ці” прызнаныя вязьнямі сумленьня


Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала ўдзельнікаў “працэсу 14-ці” вязьнямі сумленьня.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце, які міжнародная арганізацыя накіравала на імя генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Прадстаўнік Аmnesty International Нікаля Дакварс (Nicola Duckworth), дырэктар па справах рэгіёнаў Эўропы і Цэнтральнай Азіі, у сваім звароце да генпракурора Беларусі ў прыватнасьці адзначыў:

“Я пішу вам з нагоды справы 11 маладых людзей, якія былі падвергнутыя абмежаваньню волі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 студзеня 2008 году ў Менску. Amnesty International упэўненая, што яны былі падвергнутыя пакараньню за мірнае ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказваньня меркаваньняў. У сувязі з гэтым мы абвяшчаем іх вязьнямі сумленьня”.

У сваім паведамленьні Amnesty International называе 11 фігурантаў “справы 14-ці” – Арцёма Дубскага, Міхася Пашкевіча, Таццяну Цішкевіч, Паўла Вінаградава, Аляксея Бондара, Міхася Крывава, Алеся Стральцова, Алеся Чарнышова, Міхася Субача, Максіма Дашука, Аляксандра Баразенку. Вязьнямі сумленьня арганізацыя прызнала тых, хто на дадзены момант адбывае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі. Зараз яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі пільным назіраньнем, і пры самым дробным парушэньні ў любы момант могуць апынуцца за кратамі.

Нагадаем, што яшчэ два фігуранты гэтай крымінальнай справы Антось Койпіш і Уладзімір Сяргееў былі пакараныя штрафамі.

Нікаля Дакварс у сваім звароце да генпракурора Васілевіча заклікае вызваліць пералічаных фігурантаў “справы 14-ці” ад пакараньня, а таксама правесьці расьследваньне наконт збіцця Аляксандра Баразенкі афіцэрам міліцыі, што адбылося 23 сакавіка.

У сувязі з гэтым фактам, Amnesty International патрабуе ад генпракурора кантраляваць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія нясуць адказнасьць за кантроль адпаведнасьці умоваў абмежаваньня волі, і гарантаваць, што да пералічаных арганізацыяй 11 чалавек будуць ставіцца справядліва і бесстаронна.

«Справа 14-ці» - крымінальная справа па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 году.

Amnesty International - гэта ўсясьветны рух, які аб'ядноўвае 2,2 мільёны чалавек з больш чым 150 краінаў і тэрыторый, якія дамагаюцца спыненьня грубых парушэньняў правоў чалавека.

Кваліфікацыі палітычных вязьняў і вязьняў сумленьня, зробленыя Amnesty International , зьяўляюцца вызначальнымі для міжнароднай супольнасьці і ўрадаў заходніх краінаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG