Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад крызісу — на лецішчы


Сёлета ўдвая падвысіўся попыт на лецішчы, а цэны на дачныя дамкі вырасьлі амаль у чатыры разы. Гэта адзначаюць супрацоўнікі агенцтваў нерухомасьці і службаў землеўпарадкаваньня.

Ці ўплывае на актыўнасьць дачнікаў крызіс?

Алеся Лагун зь Пінску — карэнная гараджанка. Усе свае 32 гады пражыла “ў сталіцы Палесься”, мае 10-гадовую дачку. Але толькі сёлета пачала прызвычайвацца да сялянскай працы на гародзе, і вось як гэта тлумачыць:

“Заробак у мяне невялікі, а ў маёй сяброўкі ёсьць лецішча. Яна мне выдзеліла крыху зямлі, я набыла цыбулю-сявак, пасадзіла. Таксама пасадзіла радыску, кроп. Летам кроп будзе, а цяпер цыбулька зялёная ўжо ёсьць — усё ж купляць ня трэба”.

Яшчэ адна патомная гарадзкая жыхарка, Марына Каравай з Клецку — пэнсіянэрка. Кажа, што звыклая да працы на лецішчы. А цяпер нават марыць набыць мотаблёк і ўсё, што да яго трэба:

“Набыла б я і электракасілку, і купіла б плужок, каб з канём не пакутаваць. Бо коні ўсялякія бываюць, здараецца, што пудзяцца ці яшчэ якія праблемы. Дый заўсёдная залежнасьць — яна вельмі стамляе. І як сталі выпускаць усе гэтыя гаспадарчыя рэчы, то так цудоўна стала”.

Ажыятажны попыт на лецішчы на пачатку 1990-х стаў вынікам таго, што грамадзянам для вядзеньня калектыўнага садаводзтва было выдзелена амаль 522 тысячы зямельных дзялянак. На пачатку 2000-х спэцыялісты адзначылі зьмяншэньне іх колькасьці. Цяпер лецішчы і прадаюць, і набываюць. Але засеяць гарод — не галоўная мэта бальшыні ўдзельнікаў гэтага рынку. Спэцыялісты рынку нерухомасьці канстатуюць, што зямельныя надзелы і лецішчы ўсё часьцей робяцца аб’ектам укладаньня фінансавых сродкаў. Да прыкладу, вось што кажа супрацоўніца садаводчага таварыства “Дражня” Вера Мікуліч:

“30% гэтых лецішчаў ужо ня кормяць нікога, яны закінутыя. Людзі старэйшага пакаленьня памерлі ці састарэліся. Дзеці і ўнукі ня хочуць апрацоўваць, але й не прадаюць. Але ідуць людзі, і набываюць, і будуюцца ўсё адно. Маладым, да прыкладу, каб было дзе жыць летам, дый нават зімой. А багатым людзям трэба, каб зьнесьці гэты дамок і паставіць сабе катэдж. Ім зямля, каб нешта садзіць, ня надта й патрэбная. Усё залежыць ад пакупніка”.

Валянціна Бягун — яшчэ адна даўняя дачніца. Працуе касіркай на адной з чыгуначных станцый, якую мясцовыя жыхары называюць “дачнай”, бо тут багата лецішчаў. З многімі гаспадарамі зямельных надзелаў знаёмая асабіста і ведае іх настроі. Пераважная бальшыня дачнікаў, так бы мовіць, трымаецца сёньня не за зямлю, а за тую ж нерухомасьць, кажа яна:

Просты чалавек, дык ёсьць у яго гэтая градка, ён сядзіць, працуе і нічога пра той крызіс і ня думае.
“Ёсьць такія, што шукаюць набыць лецішча, а ёсьць, якія шукаюць прадаць. Але тыя, што езьдзілі, яны й езьдзяць. Яны кажуць, што нявыгадна гэта, бо дарагія квіткі. Але ж яны хатак набудавалі. Кажа: у мяне ж там і калодзеж, і хлявок — у мяне ж там усё. На дзесяці сотках у іх там усё. А куды яны цяпер усё гэта падзенуць? Цяпер жа шкада кінуць гэта ўсё. А лецішчаў там — мільярд, каму яны іх прададуць? І яны езьдзяць. Тыя, што старэйшыя, гадоў 60-70, кажуць, што дзеці езьдзіць ня хочуць. Езьдзім самі”.

Пэнсіянэрка Марына Каравай, у сваю чаргу, мяркуе, што імкненьне да працы на зямлі не залежыць ні ад усясьветнага крызісу, ні ад кошту нерухомасьці:

“Я думаю, што як просты чалавек, дык ёсьць у яго гэтая градка, ён сядзіць, працуе і нічога пра той крызіс і ня думае. Мы такія людзі, што любім працу. Я таксама люблю, каб у мяне былі грады пасаджаныя як мае быць. Я ўжо ўсё перакапала, усё парабіла. І немаведама, ці той крызіс ёсьць, ці яго няма. Саджу, каб усё сваё было: свой агурок, свая бульбачка. Мы гэта ўсё, простыя людзі, і бяз крызісу рабілі”.

Апошнімі гадамі вырашчанае на беларускіх лецішчах складала істотную частку агульнадзяржаўных аб’ёмаў ураджаю, а менавіта паўмільёна тон. Пра крызіс і беларускіх дачнікаў аналітык Міхась Залескі мяркуе гэтак:

“Дзейнасьць лецішчаў зьвязаная з двума чыньнікамі: цэны на садавіну і гародніну на рынках і кошт квіткоў. Сёньня склалася такая сытуацыя, што, да прыкладу, сокі, ягады, гародніна для моладзі зь сярэднім даходам і вышэйшым за сярэдні сталі больш-менш даступныя. А тыя людзі, якія на пэнсіі або перадпэнсійнага ўзросту, якія даўно бралі гэтыя лецішчы, яны ўжо ўклалі туды, так бы мовіць, капітал. Таму яны й ня могуць адарвацца: і несьці цяжка, і кінуць шкада. Вось і атрымліваецца, што й працуюць гэтыя лецішчы. Часткова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG