Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская міліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым


КПП на ўваходзе ў цэнтар гораду летась.
КПП на ўваходзе ў цэнтар гораду летась.

Міліцыянты рыхтуюцца да сьвяткаваньняў Дня Незалежнасьці і «Славянскага базару» — у горадзе дадаткова ўсталявалі 50 камэр відэаназіраньня і рыхтуюцца разьмясьціць 28 кантрольна-прапускных пунктаў з мэталашукальнікамі.


Летась такіх КПП было толькі 18.

Апрача віцебскіх супрацоўнікаў, за парадкам будзе сачыць менскі міліцэйскі атрад спэцназу, паведаміў журналістам начальнік МУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Найдзенка.

Ён запэўніў, што міліцыянты будуць паводзіць сябе выключна карэктна. Ім рэкамэндавана, у прыватнасьці, дастаўляць нецьвярозых аматараў алькаголю адразу дахаты, а не ў выцьвярэзьнік.

На час сьвяткаваньняў у 500-мэтровай зоне вакол месцаў масавых мерапрыемстваў будзе забаронена гандляваць алькагольнымі напоямі. Але гэта тычыцца толькі крамаў — на кавярні і рэстарацыі забарона не распаўсюджваецца.

Дарэчы, цэлы шэраг вулічных кавярняў зараз функцыянуе на самой плошчы Перамогі, якая стане 3 ліпеня канцэртна-забаўляльнай пляцоўкай. На плошчы ўсталяваны дзіцячыя атракцыёны, працуе пракат ролікавых канькоў і скейтбордаў, а побач проста на вачох у маленькіх жыхароў Віцебску масава спажываюць алькаголь дарослыя.

Падчас фэстывалю «Славянскі базар», паводле рашэньня гарвыканкаму, усе пункты грамадзкага харчаваньня будуць працаваць круглыя суткі. Гэтаксама як і харчовыя крамы ў зоне фэстывальных імпрэзаў. Пра гэта жыхарам Віцебску паведамілі мясцовыя газэты.

Што да аховы грамадзкага парадку, то менавіта ў Віцебску ў пералік прадметаў, зь якімі ня пусьцяць праз турнікеты на масавыя імпрэзы, упершыню ўнесены «сымбалічны» пункт. Апрача зброі, яе муляжоў і любых напояў у непразрыстых ёмістасьцях, міліцыянты не дазволяць прайсьці на сьвята «са сьцягамі, эмблемамі, плякатамі і транспарантамі, за выключэньнем дзяржаўных сымбаляў і атрыбутыкі, распрацаванай Віцебскім гарвыканкамам». Пра гэта таксама папярэдзілі віцебскія дзяржаўныя СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG