Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёзунгі Дня волі — «Свабоду палітвязьням» і «Незалежнасьць Беларусі»


Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Мікола Дземідзенка на пасяджэньні аргкамітэту Дня Волі-2011.
Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Мікола Дземідзенка на пасяджэньні аргкамітэту Дня Волі-2011.
Аргкамітэт Дня волі-2011 абвясьціў галоўныя лёзунгі сёлетняй акцыі: «Свабоду палітвязьням» і «Незалежнасьць Беларусі». Напярэдадні лідэры шэрагу палітычных партый і рухаў дамовіліся пра супольныя мітынг і шэсьце 25 сакавіка. Ад падпісаньня супольнай заявы ўстрымаўся рух «За свабоду».

Аргкамітэт падрыхтаваў дзьве супольныя заявы ў Менгарвыканкам зь дзьвюма просьбамі: ануляваць папярэднія заяўкі на дзьве палітычныя акцыі і даць дазвол на правядзеньне супольнага мітынгу і шэсьця па маршруце: плошча Якуба Коласа — парк Янкі Купалы. На тым, каб адмовіцца ад збору каля Акадэміі навук, настаялі лідэры «Маладога фронту». Намесьнік старшыні Мікола Дземідзенка гэтак пракамэнтаваў пазыцыю маладафронтаўцаў:

Мікола Дземідзенка
«Нам неістотна — ці гэта плошча Якуба Коласа будзе, ці нават Кастрычніцкая, бо відавочна, што праз Акадэмію навук улада хоча навязаць нам Бангалор. Гэта паказвалі шматразовыя мінулагоднія акцыі. Пасьля выбараў на вуліцу выйшла шмат народу, што і паказала падтрымку апазыцыі. Таму мы павінны выходзіць за рамкі, навязаныя ўладамі, мы павінны паказаць, што апазыцыя ёсьць».

Супольную акцыю апазыцыі 25 сакавіка падтрымалі таксама лідэры руху «Гавары праўду», «Разам», Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі». Ад падпісаньня супольнай заявы на зьмену маршруту адмовіліся прадстаўнікі руху «За свабоду». Намесьнік кіраўніка руху Віктар Карняенка гэтую пазыцыю пракамэнтаваў наступным чынам:

Віктар Карняенка
«Мы проста ня згодныя з мэханізмамі падрыхтоўкі да гэтай імпрэзы. І, з нашага пункту гледжаньня, прапанаваны сцэнар фактычна скіраваны на тое, што акцыя не адбудзецца. Таму мы проста ня хочам трымаць за яе адказнасьць. Але ўдзел возьмем, бо ня можам не дэманстраваць салідарнасьць».

Тым часам прадстаўнікі аргкамітэту заяўляюць, што ягоная праца адкрытая для далучэньня ўсіх палітычных сілаў. Акрамя таго, сілавым структурам будуць накіраваныя заявы пра недапушчальнасьць бязьдзейнасьці ў выпадку беспарадкаў, як гэта здарылася 19 сьнежня, паведаміў адзін з чальцоў аргкамітэту Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
«Наша акцыя будзе мець выключна мірны і негвалтоўны характар — мы адразу пра гэта сёньня заяўляем. Мы нікому не дазволім выставіць нас за тых людзей, якія арганізоўваюць правакацыі ці паддаюцца на іх — гэта не атрымаецца. Таму мы будзем рабіць афіцыйныя звароты ад імя аргкамітэту і спробы дамовіцца на ахову акцыі, на тое, каб не бязьдзейнічалі тыя, хто абавязаны ахоўваць грамадзкі парадак».

Паводле супольнай дамоўленасьці, гэтым разам Дзень волі пройдзе без партыйнай сымболікі: выключна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, з партрэтамі палітзьняволеных і інфармацыйнымі ўлёткамі з гісторыі БНР. Адзін зь лёзунгаў Дня волі — «Незалежнасьць Беларусі» — абвясьціў намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ён падкрэсьліў, што падставай для новай пагрозы незалежнасьці стаў масавы продаж айчынных прадпрыемстваў, і ў прыватнасьці — намер аб’яднаць МАЗ з расейскім КАМАЗам. Пра яшчэ адзін важны сэнс акцыі 25 сакавіка заявіў прадстаўнік руху «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў
«Безумоўна, 25 сакавіка — гэта сьвята, але сёлета гэта сумнае сьвята. І нам падаецца, што адна з мэтаў гэтай акцыі — гэта выказаць салідарнасьць з тымі, хто знаходзіцца за кратамі, хто сапраўды змагаецца за незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны. І сёньня мы бачым, як гэтыя пытаньні зьвязаныя паміж сабой — пытаньне нармальнага палітычнага існаваньня краіны і яе незалежнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG