Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пры аднолькавым працоўным стажы ў аднаго пэнсія — 300 тысяч рублёў, а ў другога — 3 мільёны..."


Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".

Эфір 23 сакавіка 2011 году


Тэма, якая хвалюе і турбуе амаль усіх нашых слухачоў сталага веку, — пэнсіі. Чаму ў адных яны высокія, а ў другіх — мізэрныя? Як здарылася, што галоўнай умовай атрыманьня высокай пэнсіі ў Беларусі стала не працяглая і цяжкая праца на карысьць грамадзтва, а — набліжанасьць да ўлады, прыналежнасьць да чыноўніцкага апарату?

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Наша слухачка Сьвятлана Асаёнак зь Менску, якая прыклала шмат асабістых намаганьняў дзеля таго, каб разабрацца ў гэтай сытуацыі, так піша пра свае высновы, да якіх у выніку прыйшла:

"Пры аднолькавым працоўным стажы ў аднаго пэнсія — 300 тысяч рублёў, а ў другога — 3 мільёны. І такая несправядлівасьць існуе ўжо на працягу 15 год. Мы, пэнсіянэры, б’ем у званы, але адпаведныя міністэрствы, парлямэнт, Адміністрацыя прэзыдэнта не ўнікаюць у гэтую праблему. Больш за тое, якраз чыноўнікі і дэпутаты і ўстанавілі такі парадак. А народны прэзыдэнт падпісаў — відаць, не разабраўшыся. І цяпер чыноўнікі не інфармуюць прэзыдэнта пра недапушчальную сытуацыю з пэнсіямі. А каб адцягнуць увагу, настройваюць яго на зьнішчэньне апазыцыі — замест таго, каб наладжваць зь ёй супрацоўніцтва, як робяць гэта ў братняй Расеі.

Хіба можна мірыцца з фактамі, калі рабочы, урач, настаўнік, якія адпрацавалі на сваіх месцах па сорак гадоў, атрымліваюць пэнсію ўдвая меншую за самых дробных чыноўнікаў шматлікіх выканкамаў і міністэрстваў, падатковых інспэктараў, міліцыянтаў? І гэта пры тым, што стаж у гэтых клеркаў часта ў два ці тры разы меншы…

За што ж такія прывілеі? Відаць, прэзыдэнту проста не даводзяць, чым займаюцца гэтыя чыноўнікі на сваіх працоўных месцах. Прайдзіце па выканкамаўскіх кабінэтах… Цішыня. Чыноўнікі сядзяць у інтэрнэце, бавяць час за кавай і чакаюць падвышанай ільготнай пэнсіі, якую гарантуе ім закон, падпісаны прэзыдэнтам.

Народ гатовы перачакаць цяжкасьці ў краіне, але ня можа цярпець несправядлівасьці. Чаму не скарачаецца колькасьць чыноўніцкага апарату? Да якога часу будзе існаваць такая дзікая несправядлівасьць у налічэньні пэнсіяў? Што творыцца з цэнамі? Чаму квітнее карупцыя? Пэнсіянэры, не аблашчаныя прэзыдэнтам, ня могуць зьвесьці канцы з канцамі. А ён хоць і шмат і прыгожа гаворыць, але не пра тое, пра што мы хочам пачуць. А хочам мы паслухаць пра тое, якія рэальныя заробкі і пэнсіі, з аднаго боку, у працоўнага люду, а з другога — у чыноўнікаў, міліцыянтаў, кагэбістаў ды іншай прыслугі. І нам незразумела, чаму маўчаць прафсаюзы і сродкі масавай інфармацыі пра тую несправядлівасьць, якая ўкаранілася ў беларускай рэчаіснасьці і замоўчваецца", —


— напісала ў сваім лісьце на "Свабоду" Сьвятлана Асаёнак зь Менску. Слухачка пры гэтым асабліва адзначае, што выказвае ня толькі свае асабістыя думкі, але і меркаваньні групы аднадумцаў зь ліку пэнсіянэраў.

Увогуле, пэнсіянэры лічацца той часткай грамадзтва, якая найбольш пасьлядоўна і аддана падтрымлівае дзейную ўладу на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах. Але і сярод людзей сталага веку нямала тых, якія гэтак жа, як Сьвятлана Асаёнак, параўноўваюць, супастаўляюць факты са свайго штодзённага жыцьця і спрабуюць шукаць адказы на нязручныя для ўлады пытаньні. І сапраўды, за якія такія асаблівыя заслугі столаначальнік у выканкаме, які ўсё жыцьцё перакладваў паперы з аднае шуфляды ў другую, атрымлівае ўдвая ці ўтрая большую пэнсію, чым трактарыст, даярка, сьлесар? Чым праца міністэрскага клерка больш адказная, цяжкая ці небясьпечная за працу настаўніка і ўрача?

Відавочна, чыноўнікі, якія распрацоўвалі пэнсійнае заканадаўства і шматлікія падзаконныя акты, крыўдзіць самі сябе не зьбіраліся. А што ж, так бы мовіць, "народны прэзыдэнт", які падпісваў гэтыя законы? Можа, і праўда падмахнуў, ня гледзячы, ня ведаючы, не ўнікаючы ў сутнасьць? Ды не, спадарыня Асаёнак. Справа тут у іншым. Гэта ў палітычна зацішныя пэрыяды чыноўніцкая раць мірна дрэмле ў мяккіх крэслах, шастае па сацыяльных сетках у інтэрнэце ды бавіцца кавай падчас бясконцых перакураў. А ў часе выбараў? Хто наладжвае бездакорны склад выбарчых камісій? Хто арганізуе гарантаваны падлік галасоў? Хто забясьпечвае чарговую "элегантную перамогу"? І яшчэ ў большай ступені гэта датычыць міліцыянтаў, кадэбістаў ды іншых асобаў у мундзірах. Так што тут сыстэма наладжана якраз паводле прынцыпу "адзін за ўсіх і ўсе за аднаго". Праўда, большасьць грамадзтва застаецца ўбаку ад гэтага "міжсабойчыка", у якім між сваімі дзеляць зарплаты, пэнсіі ды прывілеі. Ну, але для гэтага можна ўвесьці рэжым сакрэтнасьці. І ня варта зьдзіўляцца, што прафсаюзы ды СМІ пра гэтую праблему маўчаць. Яны ж у Беларусі — частка сыстэмы, рэальнай незалежнасьці ня маюць.


Цяпер — да тэмы, якая на працягу трох апошніх месяцаў не зьнікае з пошты "Свабоды" — лёс удзельнікаў масавых пратэстаў, што адбыліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Наша слухачка Леанарда Мачульская з Маладэчна, разважаючы пра наступствы палітычных рэпрэсіяў, піша:

"Учора пачула, што апазыцыя добраахвотна выплаціла ўладзе 14 мільёнаў за разьбітыя ў Доме ўраду дзьверы. Навошта было гэта рабіць? Значыць, апазыцыянэры самі прызналі сваю віну і далі ў рукі Лукашэнку ўсе карты. Ён цяпер будзе цягнуць грошы з кожнага закладніка, ператворыць гэта ў бізнэс. Яму шырока адкрылі дарогу для гандлю людзьмі. Хоць хто там насамрэч біў шыбы 19-га сьнежня — вялікае пытаньне.

Яшчэ хачу сказаць пра санкцыі, уведзеныя Эўропай супраць беларускіх чыноўнікаў. Лукашэнку гэта ня надта палохае — ён і так на Захад даўно ня езьдзіць. Санкцыі трэба ўвесьці супраць ягонай спартыўнай каманды, якая з дубінкамі бегала па менскіх вуліцах 19-га сьнежня ды ламала косьці ні ў чым не вінаватым людзям.

... Яшчэ колькі словаў пра наша цяперашняе паўсядзённае жыцьцё. Цэны — як з ланцуга сарваліся. А на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё — адны забавы: разухабістыя канцэрты ды розыгрыш лятарэй. Весела жывем. Як кажуць, б'юць і плакаць не даюць", —


— напісала ў сваім лісьце на "Свабоду" Леанарда Мачульская з Маладэчна.

Тыя 14 мільёнаў рублёў былі сабраныя апазыцыяй і перададзеныя адміністрацыі ўрадавага будынка не як знак прызнаньня віны, спадарыня Леанарда, а дзеля таго, каб аблягчыць долю арыштаваных, каб ім у далейшым не выстаўлялі маёмасныя прэтэнзіі. Штопраўды, гэта ня надта дапамагло. Шматмільённыя штрафы працягваюць сыпацца на ўдзельнікаў Плошчы. Вось і зь нядаўна адпушчаных з турмы грамадзянаў Расеі Арцёма Брэўса ды Івана Гапонава, неадкладнага вызваленьня якіх у жорсткай форме патрабавала Масква, беларуская Фэміда вырашыла наастатак спагнаць па 10,5 мільёна рублёў з кожнага. У гэтым сэнсе бізнэс на палітвязьнях працягваецца.

На гучныя выкрывальніцкія заявы былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Алеся Міхалевіча адгукнуўся наш слухач Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну. Нагадаю, Алесь Міхалевіч пасьля вызваленьня з турмы КДБ спачатку распавёў пра ўжытыя ў дачыненьні да яго катаваньні, а потым уцёк зь Беларусі. Іван Цімафейчык з гэтай нагоды піша:

"Цалкам веру тым прызнаньням, якія прагучалі з вуснаў Алеся Міхалевіча. У гэтай установе, закрытай ад грамадзкага кантролю, па старой савецкай традыцыі прывыклі, што ім дазволена дамагацца патрэбнага выніку любым коштам. За тое, што перагнулі палку, ніхто іх не асудзіць. Вось і вытвараюць, што захочуць.

Увогуле, у Беларусі цяпер узмацняецца варожае стаўленьне да любога іншадумства. Вядуцца вышукі тых, хто недаспадобы — хто думае і гаворыць ня так, як хочацца ўладзе. Такіх людзей пазбаўляюць працы, ім ствараюць побытавыя нязручнасьці. Яны становяцца выгнаньнікамі, чужынцамі ў сябе на радзіме.

Скажу пра сябе. Мне хутка 70 гадоў. Да ніякай партыі не належу. Але зь несправядлівасьцю не міруся. Праз што і трапіў у няміласьць. Больш за 20 год мяне як творцу адмаўляюцца друкаваць у раённай газэце "Праца". Ня іхні я.

Далей. Жыву я ў двухпавярховіку, на другім паверсе. Восем год таму за мае ж грошы дах мне адрамантавалі так, што стала невыносна жыць. Улетку ў сьпёку дах, пакрыты адным слоем прасмоленага рубэройду, распаляецца да 50 градусаў. А ўзімку — замярзаю. У гэтую зіму выжываў пры 6—8 градусах цяпла і радаваўся, калі тэмпэратура падымалася да 10—12 градусаў. Што гэта, калі не катаваньне? А я ж — інвалід. Дык, відаць, катавалі, каб даканаць, канчаткова зьнішчыць", —

— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну.

Уяўляю, спадар Іван, Ваша жытло. Такія цагляныя ці панэльныя двухпавярховыя дамы з плоскімі дахамі будавалі ў вёсках у 60—70-я гады ва ўсіх рэгіёнах Савецкага Саюзу — не зважаючы ні на кліматычныя асаблівасьці, ні на нацыянальныя традыцыі. Паліва тады каштавала капейкі, а вось з будматэрыяламі і грашыма на будоўлю было туга. Дык будавалі, абы таньней і прасьцей.

Цяпер вось даводзіцца разьлічвацца за тое марнатраўства. Відаць, ня варта, спадар Іван, лічыць, што гэта нейкае асаблівае катаваньне камунальнымі праблемамі менавіта вас. На тое, каб мадэрнізаваць такія будынкі, патрэбны вялікія грошы, якіх у сьціплых мясцовых бюджэтах, як правіла, няма. У падобнай сытуацыі ня толькі вы — сотні і сотні іншых насельнікаў такіх дамоў у многіх іншых беларускіх вёсках.

Аўтар наступнага кароткага ліста, Сяргей Норман зь Менску, піша пра тое, што ў ягоным жыцьці цесна перапляліся і асабістыя, і грамадзкія праблемы. Цытата з допісу:

"Пасьля апазыцыйнай дэманстрацыі 30 траўня 96-га году мяне некалькі разоў вазілі ў "псыхушку". Гвалтоўна лечаць і зараз. Такія спадары прывыклі лічыць людзей быдлам. Але пасьля рэвалюцый у Тунісе і Эгіпце веру, што мая барацьба ў Беларускім народным фронце — ня марная і рана ці позна скончыцца пераменамі. А яшчэ хачу, каб, як казаў Васіль Быкаў, у Беларусі ведалі імёны сваіх карнікаў", —

— напісаў у сваім лісьце на "Свабоду" Сяргей Норман зь Менску.

І на заканчэньне — ліст-пытаньне ад Фелікса Варвашэвіча зь вёскі Макава Ганцавіцкага раёну. Слухач піша:

"Доўгія гады я слухаў Беларускую Свабоду, але зараз, на жаль, ня маю такой магчымасьці. Раней мяне выручаў старэнькі "Акіян", ды толькі пасьля больш як дваццаці год службы ён канчаткова зламаўся: давялося выкінуць.

Сабраў грошы, езьдзіў і ў Лунінец, і ў Баранавічы. Абхадзіў нямала рынкаў і крамаў — і нідзе кароткахвалевага прыймача не знайшоў. Купіў зь сярэднімі хвалямі, але на іх "Свабоду" ўдаецца паслухаць рэдка. І што мне ў такім разе рабіць?" —

— пытаецца ў сваім лісьце на "Свабоду" Фелікс Варвашэвіч зь вёскі Макава Ганцавіцкага раёну.

Варыянтаў тут, спадар Фэлікс, два: альбо авалодаць кампутарам і падключыцца да інтэрнэту, альбо набыць спадарожнікавую антэну і празь яе настроіцца на нашу хвалю. Зразумела, што для многіх людзей сталага веку варыянт з кампутарам — даволі праблематычны. (А зважаючы на памер пэнсій — і ня надта даступны). А вось спадарожнікавыя антэны па сваіх коштах ужо ненашмат даражэйшыя за сучасныя радыёпрымачы. Да таго ж дзякуючы спадарожнікаваму тэлебачаньню вы атрымаеце доступ і да соцень іншых незалежных каналаў інфармацыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду".

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG