Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовіла Беларусі ў крэдыце


Аляксей Кудрын
Аляксей Кудрын
Пра гэта заявіў расейскі віцэ-прэм'ер Аляксей Кудрын. Паводле яго, Беларусь можа атрымаць грошы з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Кудрын таксама параіў беларускаму кіраўніцтву зьвярнуцца па грошы ў МВФ, да асобных краінаў і правесьці прыватызацыю.

Расея не разглядае магчымасьці выдзяленьня крэдыту Беларусі з свайго бюджэту, гаворка ідзе толькі аб крэдытаваньні з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, заявіў у сераду журналістам віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

Беларусь раней зьвярнулася з просьбай вылучыць ёй фінансавую падтрымку з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, а таксама з боку Расеі.

Кудрын дадаў, што ўмовы прадастаўленьня крэдыту Беларусі могуць быць вызначаны да візыту прэм'ер-міністра Расеі Уладзіміра Пуціна ў Менск, заплянаванага на наступным тыдні.

Паводле Кудрына, паводле праграмы крэдытаваньня Беларусі з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС могуць быць выдадзеныя крэдыты у памеры каля аднаго мільярда даляраў штогод у 2011-2013 гадах.

"Мы разглядаем магчымасьць выдзяленьня крэдыту на суму аднаго мільярда даляраў (у гэтым годзе), але, так як праграма разьлічана на тры гады, то таксама разглядаем такія крэдыты ў 2012-2013 гадах", - цытуе Кудрына расейскае агенцтва навінаў «Новости».

Ён таксама адзначыў, што лічыць мэтазгодным зварот Беларусі ў Міжнародны валютны фонд або да асобных краін па крэдыты, бо грошай, якія могуць быць вылучаныя ЭўрАзЭС, будзе недастаткова. Акрамя крэдытнай падтрымкі, лічыць кіраўнік расейскага Мінфіну, Беларусь павінна прыватызаваць шэраг аб'ектаў, якія могуць зацікавіць замежных інвэстараў, і гэта дазволіла б атрымаць каля 2 мільярдаў даляраў ад прыватызацыі. Кудрын нагадаў, што два гады таму Беларусь паставіла задачу стаць самай інвэстыцыйна прывабнай краінай, для чаго прапаноўвала прыватызаваць некаторыя дзяржаўныя прадпрыемствы.

"Мы гэта толькі вітаем", - сказаў ён.

Напярэдадні, урад Расейскай Фэдэрацыі ўнёс у Дзярждуму законапраект аб зьменах у бюджэце 2011 г. Папраўкі выкліканыя неабходнасьцю разьмеркаваньня чаканых дадатковых даходаў ад продажу нафты ў памеры 1,46 трыльёна расейскіх рублёў.

Адначасова ў расходную частку расейскага бюджэту будзе ўнесены артыкул, які дазваляе расейскаму ураду прадставіць крэдытную дапамогу Беларусі – па лініі антыкрызыснага фонду ЭўраАзЭС – на суму 14 мільярдаў расейскіх рублёў, што складае прыблізна 500 мільёнаў даляраў.

Беларусь прасіла ў згаданым антыкрызысным фондзе крэдыт памерам 2 мільярды даляраў.

У ЭўраАзЭС, акрамя Беларусі і Расей, уваходзяць Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Узбэкістан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG