Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці-адзіночак ніхто не шкадуе


Наста Азарка з дачкой Міхалінай
Наста Азарка з дачкой Міхалінай

Мы шмат гаворым, якой будзе Беларусь у будучым. Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася. Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень. А будучыня ёсьць цяпер. Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці. Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

«Канечне, хацелася і каханьня, хацелася ўсяго. І я ня думала, што так атрымаецца з бацькам гэтай маленькай маёй Міхалінкі. Я проста хацела адчуць сябе жанчынай. Вось адчула».

Наста Азарка — адзінокая маладая мама зь Нясьвіжу. 25 лістапада ў яе нарадзілася дачушка Міхалінка. Наста распавядае пра тое, як гэта — быць маці-адзіночкай.

«Будзь мне гадоў 20, я б яшчэ падумала, нараджаць ці не, але ў 30 гадоў дзіцё ўжо патрэбнае. І пытаньне пра тое, захоўваць дзіця ці не, у мяне ня ўзьнікла. Як толькі я даведалася, што ў мяне будзе дзіця, я ні ў кога не пыталася, а проста паставіла ўсіх у вядомасьць».

Уся сям’я — бацькі, брат, сястра, якая ўжо даўно замужам і мае сваіх дваіх дзетак, вельмі хацелі, каб Наста выйшла замуж.

«Як толькі мой дзень народзінаў, а мой дзень народзінаў у сьнежні, так усе зьбіраюцца і кажуць — „Каб да Новага году выйшла замуж!“ А на Новы год як зьбіраемся, дык яны ўсе кажуць — „Каб за гэты год выйшла замуж!“ Усе даўно чакалі, усе даўно хацелі, каб хоць што-небудзь ці як-небудзь. Ну вось так і атрымалася — што-небудзь і як-небудзь».



Радыё Свабода: «Наста, а чаму вы замуж ня выйшлі?»

«Там такая складаная сытуацыя з бацькам маёй Міхалінкі. Я зараз не хачу яго ані бачыць, ані чуць пра яго не хачу».

Пра сваю цяжарнасьць Наста першай сказала маме. Мама падтрымала. Міхаліна для яе ўжо трэцяя ўнучка.

​«Мы спачатку думалі, што будзе хлопчык. У нашым родзе зусім не хапае хлопчыкаў: на пяць дзяўчатак адзін хлопчык толькі. А тут бац — і дзяўчынка. Але я скажу, што для хлопчыка больш патрэбны бацька, а дзяўчынцы ён ня так патрэбен. Бо хлопчыку трэба, каб чуўся мужчынскі голас, каб быў побач мужчына. А дзяўчынку мы можам і самі выхаваць».

Радыё Свабода: «Як вы думаеце, нараджаць дзіця ці не нараджаць — гэта толькі жаночае пытаньне?»

«Гэта ня толькі жаночае пытаньне. Гэта нават у большай ступені тычыцца мужчын, бо яны не адчуваюць сябе бацькамі да таго часу, пакуль ня ўбачаць дзіцё. А тое, што жанчыне цяжка, што жанчына мусіць неяк сьцерагчыся, зьмяніць свой лад жыцьця — гэта як бы няважна. Мужчына тут мусіць праявіць сябе менавіта як мужчына, а не рабіць выгляд, што гэта толькі жаночая праблема».

У пасьведчаньні пра нараджэньне Міхаліны запісаныя сапраўдныя імя і імя па бацьку яе бацькі, але прозьвішча стаіць Насьціна – Азарка. У ЗАГСе сказалі, што так робіцца, каб дзіця не адчувала сябе непаўнавартасным
У пасьведчаньні пра нараджэньне Міхаліны запісаныя сапраўдныя імя і імя па бацьку яе бацькі, але прозьвішча стаіць Насьціна – Азарка. У ЗАГСе сказалі, што так робіцца, каб дзіця не адчувала сябе непаўнавартасным


Наста кажа, што падчас цяжарнасьці яе стаўленьне да мужчынаў таксама памянялася.

«Я як была цяжарная, ужо з жыватом, езьдзіла на працу ў Гарадзею на аўтобусе. Часьцяком аўтобус перапоўнены. А мужчыны месца не саступаюць. Адзіны, хто мне саступіў месца аднойчы, быў былы зэк. Бо як кантралёр падышла правяраць квіткі, у яго была з сабою папера, што ён толькі што вызваліўся. І вось ён падняўся, падышоў да мяне і сказаў, каб я села на яго месца. Такая выснова, што — дзе цяпер сапраўдныя мужчыны? Толькі ў турме, выходзіць».

Наста жыве з бацькамі. Кватэра вялікая, месца ўсім хапае. У Насьці і Міхаліны асобны ўтульны пакой. У дзяўчынкі ёсьць усё, што мае быць у любімага і чаканага дзіцяці.

«Мама, канечне, дапамагае. Пакуль я ляжала ў раддоме, яна вось ложачак зрабіла. Яго цётка з Магілёва прывезла. Гэта яшчэ той савецкі ложак за 13 рублёў. Мама тут такую прыгажосьць навяла. Рэчы дзіцячыя — амаль усё засталося ад пляменьніц. Сястра перакідае рэчы мне. І ванначку дзіцячую яна мне пакінула, і нават вазок ужо пакінула. А цяпер ложачак каштуе 2 мільёны, вазок таксама, можа, нават і болей. „Перадродавых“ мне выплацілі чатыры з паловай мільёны, а „пасьляродавых“ — шэсьць з паловай. І гэтыя б усе грошы пайшлі толькі на ложачак і на вазок».




Наста рабіла на ільнозаводзе. Адтуль і пайшла ў дэкрэт.

«Я апэратар сушыльнага абсталяваньня. Лён, які прывозяць на перапрацоўку, я праганяю цераз сушыльнае абсталяваньне, і далей ён ужо ідзе па лініі. Праца вельмі пыльная і вельмі цяжкая. Мне даводзілася выконваць і „мужчынскую“ работу: і чысьціць, і грэбці, і выцягваць трэба было тыя рулёны — трыста кіляграмаў адзін рулён. Як такой, лёгкай працы ў нас няма. Або ісьці ў нейкія падсобныя рабочыя, або ўжо я ня ведаю куды. А гэта значна меншы заробак. Каб я пайшла ў гэтыя падсобнікі, я б не атрымала столькі грошай».

Як маці-адзіночцы Насьце будуць яшчэ даплочваць да звычайнай дапамогі на дзіця. Яна спадзяецца, што і дзіцячае харчаваньне ёй удасца атрымаць бясплатна. Чакае да красавіка, калі падвысяць базавую велічыню. Бо цяпер з-за таго, што ў яе, як яна кажа, быў добры заробак, бясплатнага харчаваньня для дачкі ёй не дадуць.

«Добра» — гэта колькі грошай?"

«Вы будзеце сьмяяцца, але „бруднымі“ гэта 900 рублёў».

«А на рукі колькі вы атрымлівалі?»

«Рублёў 600–800, недзе вось так».

«Гэта лічыцца добры заробак?»

«Гэта лічыцца ў нас добры заробак».

«І вы змаглі нават з гэтых грошай нешта ашчадзіць?»

«Так».

«А бацькі вашы працуюць?»

«Мая мама працуе мэдсястрою ў бальніцы. Палова яе заробку ідзе на аплату кватэры. А на другую палову я з дачкой, бацька, бабуля — усе сядзім у яе на шыі. Яна працуе толькі на нас. Яна адна».

«Мама не злуе на вас?»

«Не, не злуе. Наадварот. Яна сказала, што ўнучка ў яе — аддушына ад таго жыцьця, ад тых клопатаў. Яна прыходзіць дахаты і забаўляецца».

На зіму Азаркі забіраюць да сябе зь вёскі Насьціну бабулю Марыю Адамаўну. Гэта бацькава маці. Ёй ужо больш за 80 гадоў.

Марыя Адамаўна
Марыя Адамаўна
Марыя Адамаўна: «Як мы былі з мужам удваіх, то хто мяне мог паглядзець? Ніхто! Трэба ж было ісьці зарабляць капейку. Нам не было часу гэдак глядзець свае дзеткі. Не было! А яна ж мае час. Цяпер каждая мамка мае час. Ёй за гэта грошы плацяць, што яна гэтага дзіцятка глядзіць, гадуе яго. А нам ніхто не плаціў. Трэба ж было рабіць.

Як пакарміў, палажыў, трэба карову падаіць, бегчы. Дзіця прачнецца, то паплача. І заўсёды ж так было. І сьвінкі трэба карміць. Нікога няма. Хто ёсьць — пайшоў на работу.

Тады было трудно гадаваць дзеці, а цяпер дзеці гадаваць добра: і грошы даюць, і ўсё. Гадуй дзіцятка, глядзі яго, як птушачку. Яны ж гэтак і глядзяць. Чаму ж бы не глядзець? Але ж гэта дзіця. Каб жа нават і не давалі, то яго трэба глядзець усё раўно. Бо гэта ж маё яно, маё!»

Наста сапраўды не выпускае дачку з рук.

«Яна ў мяне малайчынка: 55 сантымэтраў нарадзілася і 3570 вагой. Месяц калі быў, мы ўзважваліся, ужо было 4 600 і 56 сантымэтраў, а ў два месяцы мы ўзважваліся — 5100, а рост — 67. Будзе высокай-высокай прыгажунькай. Мадэлькай!»

На алімэнты Наста пакуль не падавала. Кажа, што па беларускіх законах бацька Міхаліны можа ў старасьці запатрабаваць з дачкі грошы. А гэтага Наста вельмі баіцца.

Радыё Свабода: «Марыя Адамаўна, не шкада вам, што Наста адна?»

Марыя Адамаўна: «Шкада, шкада, што яна адна. Яна гэтага не заслугоўвала. Але так выйшла, так папала. Але яна маладзец. Яна ўсё раўно рабёнка нідзе ня дзела. І за гэта я ёй магу „дзясятку“ нават паставіць, што яна рабёнка не пацярала. І цяпер, як той казаў, зашчыта ёй будзе. А яна потым яе паглядзіць, можа, як яна будзе старая. Хто яе паглядзіць? А так яна выгадуе дочаньку. Дажа калі яна ня пойдзе замуж. Я ж ня знаю, ці яна пойдзе, ці яна ня пойдзе. Яна сама ня знае, ці яна пойдзе, ці ня пойдзе. Але ў яе ўжо апора есьць на жызьню — у яе ёсьць дзіця. Вось гэта дарагога стоіць».

Марыя Адамаўна і Наста з дачкой Міхалінай
Марыя Адамаўна і Наста з дачкой Міхалінай


Насьціна сям’я кажа, што палову іхнага жыцьцёвага пляну Наста ўжо выканала — дачку нарадзіла. Цяпер за ёю другая палова — займець сям’ю.

Наста Азарка: «Але мяне шкадаваць ня трэба, нашто? У мяне ёсьць мая лялечка, і мне гэтага хапае. А ўсё астатняе потым будзе. І прычым я такая не адна, жанчын такіх хапае адзіночак. І іх ніхто не шкадуе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG