Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Граніце» значна паднялі заробкі


На мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт» паднялі заробкі больш як у два разы, распавёў «Свабодзе» кіраўнік незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве Алег Стахаевіч.

Спадар Стахаевіч кажа, што рабочыя перакананыя — такога заробку ўдалося дабіцца дзякуючы незалежнаму прафсаюзу:

«Заробак паднялі ў гэтым месяцы так, што калі раней чалавек атрымліваў 3 мільёны, то зараз па 7 мільёнаў налічваюць. Больш чым у два разы падняўся заробак. Па ўсім „Граніце“. Калі б не было незалежнага прафсаюзу, то і не было б гэтых заробкаў. Было б і надалей хамскае стаўленьне да рабочых. Як зьявіўся незалежны прафсаюз, то і стаўленьне да людзей стала зусім іншае. Начальнікі сталі па-іншаму размаўляць з працоўнымі».

Алег Стахаевіч нагадвае: раней чыноўнікі казалі, што да такога ўзроўню падняць заробак немагчыма: «Казалі, што, маўляў, так раптоўна падвысіць заробак нельга, што хаця б цягам году. А тут, бачыце — за месяц управіліся».

Спадар Стахаевіч лічыць, што такім чынам начальства мяркуе зьбіць хвалю пратэсту на прадпрыемстве. Аднак прафсаюзны лідэр перакананы, што выцягнуць людзей зь незалежнага прафсаюзу такім чынам ня ўдасца:

«Вось і сёньня два чалавекі напісалі заявы ў наш прафсаюз. Хоць і атрымліваюць большыя заробкі, людзі ж разумеюць, дзякуючы чаму гэтага ўдалося дасягнуць».

Алег Стахаевіч паведаміў «Свабодзе», што цяпер кіроўцы самазвалаў атрымліваюць па 8–11 мільёнаў, машыністы экскаватара — па 7–9 мільёнаў, рабочыя заводу — па 4–6 мільёнаў. Спадар кажа, што заробкі вырасьлі ўдвая, а часам і болей.

Пры канцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам працаўнікі выказалі пратэст супраць нізкіх, на іх думку, заробкаў, пагардлівага стаўленьня з боку адміністрацыі і бязьдзеяньня афіцыйнага прафсаюзу. Адразу пасьля гэтага на працоўных пачала ціснуць адміністрацыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG