Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Ярмошынай патрабуюць адказу, ці правільна яна зарэгістравала Лукашэнку

абноўлена

439 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. Гэтую лічбу назваў сёньня сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Зыходзячы з таго, што апошнія заявы падаваліся 19 ліпеня, а акруговыя камісіі маюць права разглядаць іх цягам пяці дзён, канчатковыя вынікі рэгістрацыі стануць вядомыя на наступным тыдні.

Чатыры гаду таму, на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах, заяваў на рэгістрацыю падалі 455. Сёлета — 439. Як сказаў «Свабодзе» сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, гэтым разам найбольшая актыўнасьць назіраецца ў Менску, у Магілёўскай і Віцебскай абласьцях. Тут ахвотных зарэгістравацца болей, чым на выбарах-2008.

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
З 455 заяў на папярэдніх выбарах акруговыя камісіі задаволілі 423. Гэтым разам адсеў можа быць крыху большы, прагназуе спадар Лазавік. Ён спасылаецца на тое, што сёлета заявы падаюць і тыя людзі, якія самі ведаюць, што іх не дазваляе зарэгістраваць дзейнае заканадаўства. У якасьці прыкладаў сакратар ЦВК называе былых кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча:

«У Міколы Статкевіча дагэтуль ня зьнятая судзімасьць. Дый наагул ён знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі. А ў Алеся Міхалевіча другая неадпаведнасьць заканадаўству — ён стала не пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Тым ня менш як палітыкі яны маюць права правесьці піяр-акцыю. І, напэўна, тое, што яна праводзіцца падчас выбарчай кампаніі, зробіць гэтую акцыю больш гучнай. І яны змогуць заявіць пра сябе большай колькасьці грамадзян нашай рэспублікі».

З праблемай нерэгістрацыі ініцыятыўных групаў сутыкнуліся і патэнцыйныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты, якіх падтрымлівае грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Яе прадстаўнік Сяргей Вазьняк сёньня на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што ўжо двум ахвотным стаць дэпутатамі адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. У Менску гэта Іван Амельчанка, у Жлобіне — Пётар Лебедзеў:

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк
«Матывацыя адказаў аднолькавая — яны не асабіста прыйшлі ў камісію, а накіравалі свае заявы поштай. Камісія спасылаецца на 65-ы артыкул Выбарчага кодэксу. Мы вывучылі гэты артыкул. У ім не прапісана, якім чынам прэтэндэнт мусіць падаваць дакумэнты. Таму мы лічым, што камісіі дзьвюх акруг парушылі заканадаўства.

Мы памятаем, што ў 2010 годзе быў створаны прэцэдэнт. Тады падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі прэтэндэнт Лукашэнка асабіста не прыносіў у ЦВК заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы, а зрабіў гэта праз кіраўніка групы Радзькова. Тым ня менш спадарыня Ярмошына зарэгістравала гэтую групу.

Цяпер мы будзем абскарджваць рашэньні аб нерэгістрацыі двух нашых кандыдатаў. І лічым, што ў Ярмошынай будзе выбар. Альбо яна прызнае, што рашэньні па Амельчанку і Лебедзеву правільныя. І тады атрымліваецца, што яна незаконна зарэгістравала Лукашэнку ў 2010 годзе. Альбо да ўсіх трэба ўжываць аднолькавы падыход. Грамадзянін Лукашэнка валодае гэткім самым выбарчым правам, як грамадзянін Амельчанка і грамадзянін Лебедзеў».

Журналістам прадставілі і афіцыйную заяву 27 патэнцыйных кандыдатаў, якіх падтрымлівае кампанія «Гавары праўду». Яны зьвяртаюць увагу на тое, што ў беларускіх турмах застаюцца палітвязьні:

«Незаконна пазбаўленыя свабоды, яны, апроч іншага, пазбаўленыя права выбіраць і быць выбранымі. Ніякія выбары ў такіх умовах ня могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Дзеля таго каб яны былі прызнаныя такімі, каб мы прынялі ў іх паўнавартасны ўдзел, — патрабуем вызваленьня палітвязьняў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты зьвяртаюцца да ўсіх выбарцаў з прапановай падтрымліваць толькі тых кандыдатаў у дэпутаты, якія змаганьне за вызваленьне палітвязьняў лічаць сваім грамадзянскім абавязкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG