Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман пра Лукашэнку: фінал — трагічны


У сеціве зьявіўся расейскамоўны твор пад назвай «Prezident L». «Футурыстычны раман» ужо выклікаў шырокае абмеркаваньне: у галоўным героі лёгка пазнаецца кіраўнік Беларусі.

На старасьці дыктатар вырашае адысьці ад спраў і хоча падзяліць уладу паміж трыма сынамі. Што з гэтага вынікае — аўтар Антон Дыбаў праецыруе праз фабулу знакамітага «Караля Ліра» Ўільяма Шэксьпіра. Мала вядомы ў творчым асяродку літаратар у пасьляслоўі ўдакладняе, што яму 27 гадоў, ён беларус, але працуе ў Расеі і са зразумелых прычынаў мусіць хавацца пад псэўданімам.

У анатацыі аўтар піша, што стварыў «футурыстычнае дакумэнтальна-мастацкае дасьледаваньне прыроды палітычнай улады ў Беларусі». І хоць супадзеньні з рэальнымі людзьмі падаюцца як «выпадковасьць», але ў рамане фігуруюць практычна ўсе пазнавальныя прадстаўнікі намэнклятуры на чале зь нязьменным прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Падзеі разгортваюцца ў верасьні 2041 году, у галоўнай залі дзяржаўных пасяджэньняў Адміністрацыі прэзыдэнта:

«Прэзыдэнт нетаропка ўвайшоў у залю. Яму было 87. Ад сваіх першых тэрмінаў ён моцна зьмяніўся: вялізная, зморшчаная, у старэчых крапінках лысіна, сівыя вусы зрабіліся радзейшыя, але даўжэйшыя. А на друзлых шчоках серабрылася неакуратная шчаціна».

Віктар Марціновіч, аўтар раманаў «Параноя» і «Сьцюдзёны вырай», прысьвечаных беларускай мэнтальнасьці, адразу папярэджвае, што да згаданага твору дачыненьня ня мае, і ўвогуле, зь літаратурай гэта, на яго думку, мае мала агульнага:

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч
«Першая думка, якая прыйшла ў галаву пасьля прачытаньня, што стваральнік твору ставіў перад сабой не літаратурныя, а паліттэхналягічныя мэты. У прыватнасьці, спрабаваў вынесьці некаму пэўнае папярэджаньне — пра тое, што будзе, калі дойдзе да сцэнару пераемнікаў, і што з гэтага атрымаецца. А пра „Караля Ліра“ мне ўвогуле сьмешна было чытаць: мастацкі ўзровень тэксту да ўзроўню Шэксьпіра, мякка кажучы, „трохі“ не дацягвае. Гэта можна казаць і пра мову — мову нейкіх пратаколаў ці афіцыйных заяваў. Увогуле адчуваньне такое, як быццам тэкст пісаў нечы прэсавы сакратар, які прызвычаіўся ўсё жыцьцё складаць афіцыйныя дакумэнты і цяпер вось паспрабаваў сябе ў гэткім мастацкім творы. Што тычыцца таго, ці будзе гэта чытацца? Ну, ня ведаю, кім трэба быць, каб дачытаць гэты тэкст да канца. Гаворка яўна не пра звычайнага чалавека. Усё, што хацеў сказаць аўтар, робіцца зразумелым праз тры старонкі».

Паводле сюжэту, састарэлы кіраўнік Беларусі, правёўшы на пасадзе прэзыдэнта паўсотні гадоў, вырашае перадаць уладу дзецям. Беларусь дзеліцца на тры «саюзныя часткі», кожнай зь якой будуць кіраваць ягоныя сыны. І калі старэйшыя Георгій і Раман з удзячнасьцю прымаюць камандаваньне заходняй і ўсходняй тэрыторыямі, то малодшы Мікалай пачаў папракаць бацьку за шматгадовую ўзурпацыю ўлады, фактычна адмовіўшыся ад прэтэнзіяў на цэнтральны рэгіён з рэзыдэнцыяй у сталіцы. Разгневаны ўладар выпраўляе некалі любімага сынка з вачэй далоў у дыпляматычную высылку, а Беларусь дзеліць паміж старэйшымі. А потым пачынаюцца роздумы пра сэнс свайго таталітарнага існаваньня.

Аляксандар Фядута, аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія», кажа, што інтарэс да асобы беларускага прэзыдэнта зразумелы — столькі гадоў ва ўладзе, тым больш — якую ён аддаваць не зьбіраецца, выклікае шмат спакусаў уявіць Беларусь без Лукашэнкі. На якую аўдыторыю разьлічаны раман? Ці зацікавяць унутраныя праблемы Беларусі кагосьці за яе межамі?

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
«Ня ведаю, яшчэ тэксту не чытаў. Бо кнігі ў інтэрнэце я не чытаю прынцыпова. Я чалавек часоў Гутэнбэрга, кніга для мяне павінна быць на паперы. Але, ведаеце, існаваў такі расейскі імпэратар Іаан Антонавіч, які ў шасьцімесячным узросьце тры месяцы „кіраваў“ Расейскай імпэрыяй. І цікавасьць да яго — лічыце, ужо колькі стагодзьдзяў захоўваецца! Што ўжо казаць пра Лукашэнку, які ўладарыць амаль два дзясяткі гадоў... На жаль, беларускія эліты мастацкую літаратуру не чытаюць. Бо калі б чыталі, яны б шмат што зразумелі значна раней. Мастацкая гэта літаратура ці не? Калі ў аснове ляжыць „Кароль Лір“, то, напэўна ж, мы маем справу зь літаратурай. Гэта можа быць дрэнная літаратура, але ўсё ж літаратура».

Маналёгі ўладара Беларусі, які пасьля паўстагодзьдзя пры ўладзе нарэшце захацеў на спачын, аўтарам узятыя з жыцьця практычна без карэктаваньня: «Я прыняў краіну ў рэзрусе і галечы. Прадпрыемствы стаялі, грошы абясцэньваліся, не было ні харчаваньня, ні рэсурсаў. Беспрацоўе, адчай, адчужэньне. Мы засталіся адны. Безь сяброў, без падтрымкі. Нас спрабавалі паставіць на калені, нахіліць і зьнішчыць. Мы ўсе каціліся ў бездань...»

Пісьменьнік Віктар Марціновіч не выключае, што аўтарам раману «Prezident L» мог быць хтосьці з тых, ад каго сыстэма ўжо пазбавілася як ад адпрацаванага матэрыялу, альбо хто сыгналізуе сваім калегам, што варта задумацца пра беспэрспэктыўнасьць будучыні пры Лукашэнку:

«Ці мог напісаць чалавек з таго боку? Так, мог. Бо калі казаць пра почырк, дык гэта почырк нейкага дзяржаўнага чалавека, службоўца; хто мае адносіны да ўлады, нейкія інтарэсы ў гэтай уладзе, і такім чынам тупа вырашае сваю задачу — папярэдзіць уладныя эліты пра тое, што будзе, калі наважацца ці давядуць да таго, што прыйдзецца некаму перадаваць уладу. Почырку няма, гэта не раман, гэта сынопсіс раману. Гэта добрая сцэнарная заяўка. У расейскіх выдавецтвах па такіх сынопсісах аўтары-найміты робяць тэксты, напаўняючы прапісаныя там у якасьці накіду асобы, так бы мовіць, мясам і крывёю, жыцьцём. Вось жыцьця ў гэтым рамане няма. Гэта сцэнарная ідэя ці паліттэхналягічны прагноз. Магу сказаць, што тым, хто зацікаўлены, ці тым, хто будзе чытаць гэты тэкст, каго аўтар мог ставіць задачу папярэдзіць, мастацкія вартасьці ня вельмі і цікавыя. Ён проста расьпісаў сцэнар будучыні. Дарэчы, вельмі праўдападобна. Я не магу выключаць таго, што нечым такім усё магло і скончыцца. Мэта, здаецца, выкананая. Але гэта не літаратурная мэта, падкрэсьліваю, я літаратуры ў гэтым рамане не пабачыў».

Як і задумваў Шэксьпір, усё павінна скончыцца трагедыяй. У фінале раману «Prezident L» паведамляецца, што першага прэзыдэнта Беларусі і трох ягоных сыноў пахавалі ў радавым сяле на Шклоўшчыне: «Народ так і не даведаўся пра радыеактыўнае атручэньне Георгія, пра самагубства Рамана, задушэньне Мікалая і сьмерць ад гора старога прэзыдэнта. Для народа была прыдуманая прыгожая легенда пра тое, што яны сталі ахвярамі змовы КДБ, кіраўніца якога была завэрбаванае польскай выведкай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG