Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму МЗС Беларусі ўсхвалявала праблема правоў чалавека ў сьвеце?


Будынак МЗС
Будынак МЗС

Беларускі МЗС падрыхтаваў справаздачу пра парушэньні правоў чалавека ў краінах Захаду. Чаму міністэрства знайшло такія парушэньні менавіта ў краінах Эўразьвязу і ЗША? У чым сэнс зьяўленьня гэтага дакумэнту? Ці будзе ён спрыяць размарожваньню адносін Беларусі з Захадам?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.


Зьмест справаздачы


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Найперш — пра зьмест згаданага дакумэнту. У сьвеце шмат краін, дзе парушаюцца правы чалавека, асабліва ў Афрыцы, Азіі. Але МЗС чамусьці асноўную ўвагу аддаў краінам ЭЗ і ЗША. Чаму?»

Андрэй Фёдараў: «ЗША і ЭЗ найбольш жорстка крытыкуюць беларускі рэжым за парушэньні правоў чалавека. І вось справаздача МЗС Беларусі — гэта „наш адказ Чэмбэрлену“. Там згадваецца 25 краінаў, дзе парушаюцца правы чалавека. Усе — краіны ЭЗ, за выключэньнем Люксэмбургу, Мальты і Кіпру, плюс ЗША.

У гэтай справаздачы ЗША прысьвечаныя чатыры старонкі, з фатаздымкамі. Аналягічная справаздача, падрыхтаваная Злучанымі Штатамі пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, утрымлівае 55 старонак аднаго тэксту бяз здымкаў. Плюс існуе справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША пра парушэньне рэлігійных свабод у Беларусі аб’ёмам 12 старонак. У суме атрымліваецца, што ў маленькай Беларусі амэрыканцы знайшлі ў 30 разоў болей парушэньняў правоў чалавека, чым беларусы ў вялікіх ЗША.

І трохі пра зьмест. Ёсьць там такі факт. ЗША закідваецца, што на тэледэбаты падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў былі запрошаныя толькі прадстаўнікі Дэмакратычнай і Кансэрватыўнай партыяў. Цяжка паверыць, што ў МЗС Беларусі ня ведаюць, як называецца другая вялікая партыя ЗША: не Кансэрватыўная, а Рэспубліканская.

Таксама сьцьвярджаецца, што прадстаўніца партыі зялёных была некалькі разоў затрыманая паліцыяй падчас удзелу ў мірных дэманстрацыях пратэсту. Чаму так мала? Чаму ня больш за 20? Гэта вялікі недагляд з боку МЗС».

Карбалевіч: «Так, хачу нагадаць, восеньню Лукашэнка падчас сустрэчы з студэнтамі казаў, што больш за 20 кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША кінутыя ў турму».

Яўген Прэйгерман: «Ва ўводзінах да справаздачы міністар замежных спраў Макей тлумачыць, чаму выкрываюцца менавіта краіны ЭЗ і ЗША. Таму што яны крытыкуюць Беларусь за сытуацыю з правамі чалавека. Маўляў, паўсюль ёсьць праблемы з правамі чалавека, кожная краіна ідзе сваім шляхам. Таму ня трэба нас крытыкаваць.
Думаю, гэтая справаздача зарыентаваная на Лукашэнку

Каму гэты даклад адрасаваны? Ня думаю, што ён адрасаваны Захаду ці нават беларускаму грамадзтву. Бо ў беларускіх дзяржаўных мэдыях увесь час зьяўляюцца матэрыялы пра парушэньні правоў чалавека на Захадзе.

Думаю, гэтая справаздача зарыентаваная на Лукашэнку. Макей, які атрымаў дазвол на пачатак перамоўнага працэсу з Захадам, мусіць паказаць, што ён вытрымлівае ідэалягічную пазыцыю».


У чым сэнс зьяўленьня гэтага дакумэнту?


Карбалевіч: «Вядома, што Кітай кожны год робіць падобную справаздачу пра парушэньне правоў чалавека, і найбольш ён знаходзіць іх у ЗША. Вось і афіцыйны Менск пайшоў гэтым шляхам. Гэта фактычна абвяшчэньне новага раўнду ідэалягічнай вайны з Захадам? Ці на каго скіраваная гэтая справаздача?»

Фёдараў: «Згодзен з тым, што галоўны адрасат гэтага дакумэнту — Лукашэнка. Гэта дэманстрацыя таго, што МЗС не здае пазыцый. Але ж я б не выключаў, што справаздача адрасаваная і беларускаму грамадзтву. Вядома, цяжка ўявіць, што шмат людзей палезуць у інтэрнэт на сайт МЗС, каб чытаць гэтую справаздачу.

Але ўжо сёньня ў галоўным друкаваным афіцыёзе — газэце „Советская Белоруссия“ — надрукаваны камэнтар да гэтай справаздачы. Яго прачытае значна больш людзей. І яны прыйдуць да высновы, што, па-першае, наш МЗС ня сьпіць у шапку. А па-другое, няма чаго дакараць нас пытаньнем пра правы чалавека, калі ў вас саміх з гэтай справай ня ўсё ў парадку».

Карбалевіч: «Сапраўды, магчыма, гэты дакумэнт разьлічаны на электарат Лукашэнкі, які дрэнна інфармаваны, у ЗША і краінах ЭЗ ніколі ня быў».

Прэйгерман: «Думаю, эфэкт ад гэтага дакумэнту будзе нулявы. Ён ніяк не паўплывае на адносіны Беларусі з Захадам. Можа, толькі заходнія амбасадары яго згадаюць у справаздачах для сваіх міністэрстваў замежных спраў».


Як паўплывае гэты дакумэнт на адносіны паміж Беларусьсю і Захадам?


Карбалевіч: «Апошнім часам афіцыйны Менск робіць крокі па размарожваньні адносін з Захадам. Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей правёў шэраг сустрэч з эўрапейскімі амбасадарамі. Мінулым тыднем Лукашэнка даў заданьне Макею актывізаваць супрацоўніцтва з заходнімі партнэрамі. Тут цікавы сам тэрмін — „партнэры“. Лукашэнка правёў нараду па ўдасканаленьні выбарчага заканадаўства, прычым асабліва не хаваў, што гэта робіцца па прапанове АБСЭ. І вось на гэтым тле зьяўленьне гэтага дакумэнту, які ідзе ўразрэз з гэтымі плянамі і намерамі кіраўніцтва Беларусі. Як адно стасуецца з адным?

Вось сп. Прэйгерман кажа, што гэта ніяк не паўплывае на адносіны Беларусі з Захадам. Але падчас палітыкі дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ у 2008–2010 гадах прапагандысцкая кампанія супраць краін ЭЗ была згорнутая, пра эўрапейскія краіны давалася ў асноўным нэўтральная інфармацыя. Больш крытыкі тады гучала адносна Расеі. А вось цяпер ставіцца задача актывізаваць дачыненьні з Захадам і адначасова ладзіцца, так бы мовіць, антызаходняя ідэалягічная дывэрсія».
Нягледзячы на імкненьне палепшыць адносіны з Захадам, кіраўніцтва Беларусі хоча прадэманстраваць сваю непахіснасьць

Фёдараў: «Сп. Прэйгерман кажа, што паколькі ў беларускіх дзяржаўных мэдыях пастаянна вядзецца антызаходняя кампанія, то і гэтая справаздача ня выкліча вялікага рэзанансу. Але ёсьць розьніца паміж матэрыяламі ў мэдыях і афіцыйным дакумэнтам МЗС. Бо пра мэдыйныя матэрыялы можна сказаць, што гэта меркаваньне журналістаў, у нас жа свабода слова. А дакумэнт МЗС — гэта афіцыйная пазыцыя дзяржавы.

Але я згодзен, што гэта ніяк не паўплывае на адносіны Беларусі з Захадам. Бо ў ЗША і ЭЗ цудоўна разумеюць, які сэнс зьяўленьня гэтай справаздачы».

Прэйгерман: «Беларускія ўлады хочуць пачаць перамоўны працэс з Захадам, пры гэтым каб праблема правоў чалавека была вынесена за дужкі. Асаблівых супярэчнасьцяў у дзеяньнях МЗС Беларусі я ня бачу. У адрозьненьне ад 2008–2010 гадоў, цяпер гэты працэс толькі на самым пачатку. Калі ён дасягне таго ўзроўню, які быў тры гады таму, тады, магчыма, ідэалягічнае супрацьстаяньне і ня будзе мець такой вастрыні.

Увогуле, ці магчыма, што сытуацыя вернецца ў тыя часы? Бо за гэты час зьявіўся вялікі нэгатыўны досьвед. Ёсьць 19 сьнежня 2010 году. Ёсьць крыўда Лукашэнкі на Польшчу і Нямеччыну, на ЭЗ, якія, на ягоны погляд, падманулі афіцыйны Менск».

Фёдараў: «Нягледзячы на імкненьне палепшыць адносіны з Захадам, кіраўніцтва Беларусі хоча прадэманстраваць сваю непахіснасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG