Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што казаў Лукашэнка ў папярэдніх зваротах


А.Лукашэнка падчас леташняга звароту
А.Лукашэнка падчас леташняга звароту
22 красавіка на дваццатым годзе свайго прэзыдэнцтва Аляксандр Лукашэнка зьвернецца з традыцыйным пасланьнем да Нацыянальнага сходу і беларускага народу. Зазвычай кіраўнік краіны выдаткоўвае на гэта некалькі гадзінаў.

Радыё Свабода выбрала самыя «гарачыя кавалкі» зь некаторых папярэдніх зваротаў Аляксандра Лукашэнкі, па якіх мы згадваем, якія тэмы найбольш хвалявалі прэзыдэнта ўсе гэтыя гады.

Год 2000. «Народ у нас дзіўны»


«Народ у нас дзіўны. Усе хочуць рынка, але ніхто ня ведае якога. Напэўна, хочуць рынак, каб не працаваць і жыць добра, як на Захадзе. Але на Захадзе ўсе працуюць з ранку да ночы. А калі і толькі да абеду, дык там жа ёсьць вынік».

«Хачу папярэдзіць: як бы нас не дзяўблі, асабліва мяне, вось гэтыя заезжыя эмісары, як бы яны на нас не крытыкавалі, ні спрабавалі мяне спіхнуць з гэтага шляху — нічога не атрымаецца. Больш таго, мы зробім сапраўды сумленныя выбары: ня грошы будуць выбіраць, а народ будзе выбіраць».

Год 2004. Суверэнітэт Беларусі — не прадмет перамоваў з Расеяй


«Да ганебнай для беларускага народу прапановы па ўключэньню Беларусі ў склад Расеі вяртаньня быць ня можа. Наш суверэнітэт ніколі не зьяўляўся і ня можа зьяўляцца прадметам перамоваў...

І калі наш саюзьнік спыніць глядзець на Беларусь выключна праз „прыцэл“ газавай трубы, мы знойдзем разьвязку усіх наяўных праблем».
«На тэрыторыі новых краін-удзельніц разгортваецца вайсковая інфраструктура НАТО. Нашая тэрыторыя цалкам „прастрэльваецца“ сродкамі тэхнічнай выведкі. Ды што там наша! Сёньня з улікам тэхнікі ня толькі нашая, але і расейская тэрыторыя да Крамля „прастрэльваецца“ сродкамі выведкі. Калі такое было?»

Год 2005. «Паклалі труну ў лужыну» і ўкраінскія рэвалюцыянэры


«Нашыя паважаныя будаўнікі, Сяргей Сяргеевіч (Сідорскі — прэм’ер-міністр РБ. — рэд.) пачалі спрашчацца: „труну“ у лужыну паклалі, прабачце за грубасьць, і гэта называецца дом. Мусяць быць прыгожыя, танныя, архітэктура зьнешне і ўнутрана прыцягальныя дамы і жытло....

Дзяржава будзе рабіць усё неабходнае, каб любы чалавек змог сам за некалькі гадоў зарабіць на кватэру. Нядаўна былі прынятыя важнейшыя рашэньні па крэдатваньні жыльлёвага будаўніцтва, забесьпячэньня жытлом маладых і шматдзетных сямей».

«Бачыце, сёньня выпрацоўваюць, што ж будзем рабіць у 2006 годзе. Украіна фармуе лягеры: маўляў, адтуль вам падкінем рэвалюцыянэраў. Палякі працуюць у заходняй частцы, у тым ліку і праз царкву каталіцкую, але ня вельмі ў іх атрымліваецца. Католікі — гэта нашыя католікі. Мы іх не прыцясьняем... На Палесьсі таксама спрабуюць працаваць. Яны не разумеюць, што беларусы жывуць зусім у іншым сьвеце, што гэтыя палешукі — гэта самая надзейная апора, што палякі ўжо даўно сталі нашымі палякамі...»

Год 2006. Прадчуваньне вайны — Расея ўздымаецца на ногі


«Пачаў уздымацца рэгіён Пэрсыдзкай затокі, у тым ліку і Іран, пачаў разьвівацца Кітай, а самае галоўнае — на ногі ўздымаецца Расея. І так далей. Я яшчэ не назваў Індыю ды і Лацінскую Амэрыку, якая ўсё больш актыўна праводзіць самастойную палітыку, адрозную ад той, якую ёй навязвалі ЗША.

Дадзеныя цэнтры сілы ўсё больш патрабуюць для сябе пэўных правоў і свайго месца ў гэтым шчыльным, складаным сьвеце. Як сьледзтва, абвастраецца барацьба паміж гэтымі дзяржавамі (пакуль яна ня бачная, але, на мой погляд, хутка, на жаль, мы будзем сьведкамі больш адкрытай і вострай барацьбы.

Вельмі не хацелася б, каб гэта прывяло да жорсткага абвастрэньня сытуацыі, як гэта ня раз было ў нашай гісторыі і асабліва напярэдадні Другой сусьветнай вайны.


Год 2008. Дынастыі прафэсійных апазыцыянэраў


«Катэгарычна не прымаю ўсялякія прапрэзыдэнцкія палітычныя структуры. Заўжды абапіраўся і абапіраюся на народ, а не на нейкія групы і кляны. Галоўнае — давер народу. Бяз гэтага аніякімі партыямі ўладу не ўтрымаеш. Савецкая гісторыя таму наглядны прыклад».

«Дактары ў нас — сусьветнага ўзроўню. Толькі ім трэба стварыць годныя ўмовы працы і забясьпечыць усім неабходным. І тады ня мы, а да нас будуць езьдзіць на кансультацыі і лячэньне».

«Калі шчыра, мне гэтых дзяцей, якія прадстаўляюць зь сябе змагароў-рэвалюцыянэраў, шчыра шкада. Іх жа, прабачце за грубасьць, як мяса, выстаўляюць у першыя шэрагі. А за юнымі плячыма хаваюцца тыя, хто задавальняе свае палітычныя амбіцыі. Праўда, за столькі год іх палітычны інтарэс трансфармаваўся ў фінансавы.

Сталі зьяўляцца цэлыя дынастыі прафэсійных апазыцыянэраў — людзей, якія гадамі нідзе не працуюць і сваё цёплае месьцейка трымаюць для сыноў і дачок. Рыхтуюць іх у пераемнікі на кіруючыя пасады ў партыях і рухах. Што было б, калі б яны прыйшлі сёньня да ўлады? Праўда, яны ўжо былі...»


Год 2010. У зямлянкі пойдзем, але выжывем!


«Кіраўніцтва Расеі зыходзіць з таго, што „нікуды ня дзенуцца“. Дзенемся. У цэнтры Эўропы краіна пуставаць ня будзе. Я не магу дазволіць сабе прыніжаць уласны народ. У зямлянкі пойдзем, але выжывем! Бакіеў, ён таксама прыйшоў... Там перамагла — якая там, цюльпанавая ці якая? Цюльпанавая. А назаўтра селі і думаюць: так, перамаглі. Але краіна — разьбітая, разбэшчаная, бедната жудасная, трэба нешта рабіць. Дык адна справа — зрынуць уладу, расстраляць, страляць, граміць. Разграмілі, а далей? Далей патрэбна кіраваць».

«Яны нас кляймяць за тое што гэты дыктатар разагнаў людзей ад Дома ўраду. Ну мы ж не стралялі».

Год 2012. Няма рэсурсу ні ў Расеі, ні ў Пуціна задушыць Беларусь


«Няма рэсурсу ні ў Расеі, ні ў Пуціна задушыць Беларусь. Не дачакаюцца. Мы будзем разьвіваць адносіны толькі ў лепшы бок».

«Паслы заварушыліся... Нас рытуальна крытыкуюць за адсутнасьць дэмакратыі. Калі здарыўся канфлікт з пасламі, я быў прыемна ўражаны, што ніводзін з дыпляматаў не хацеў пакідаць краіну... Яны нас публічна крытыкуюць, выціраюць аб нас ногі, але яны любяць нашую краіну, і разумеюць, што ў нас дэмакратыі ня менш, чым у іх».

«У 90-я гады радыкальная лібэралізацыя была адкінутая не па маёй волі, а па волі народу. Мы прапанавалі грамадзтву такі шлях, мы пачалі ісьці гэтым шляхам, і ішлі б, калі б народ ня выбраў Лукашэнку. Шокавыя рэформы народ адкінуў».

«Мы гатовыя прыватызаваць нават „Беларуськалій“, але пытаньне ў цане, сёньня гэта ўжо ня трыццаць мільярдаў, а трыццаць два».

«Мы прывыклі, што ў кожным доме ікона. Трэба, каб у кожным доме беларуса быў і слуцкі пояс. І гэта толькі пачатак. Такіх рамёстваў было шмат. Трэба палацы, замкі падымаць».

«Нас нельга зламаць. Нас можна пахаваць. Нас ня будзе, тады зробіце з нашай краінай усё што заўгодна... Давайце жыць па-сяброўску. Дыялёг — вось адзінае, што магчыма. Мы хочам жыць свабодна, у міры і сяброўстве», — сказаў Лукашэнка на адрас Захаду.

«Стаўка на інтэграцыю — наш сьвядомы выбар. Разам з Расеяй і Казахстанам мы стварылі Мытны саюз і АЭП з адзіным рынкам. Праз гэта мы можам атрымаць роўны доступ да сыравінных, энэргетычных рэсурсаў».

Год 2013. Не сасьпелі да галубізны — пачакайце крыху


«Мы ня хочам з вамі (Захадам — рэд.) сварыцца, мы хочам быць з вамі ў добрых адносінах, але мы ня станем перад вамі на калені. Усё аб чым мы дамовіліся, мы будзем выконваць. Але ня трэба нас душыць, вы самі пераканаліся, што санкцыі непрадуктыўныя. А дэмакратыі ў нас меней ня будзе, чым у вас. Ну не прымушайце нас уводзіць аднаполыя шлюбы, ня будзе тут галубізны, а вы адыходзіце ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Мы гэтага не прымаем. Мы не дапусьцім і рэвалюцый. Хай будзе апазыцыя, але хай сумленна змагаюцца, парушаць парадак — атрымаюць па галаве. Мы дзейнічаем, як і вы. Ну не сасьпелі мы да галубізны, пачакайце крыху».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG