Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан: рэвалюцыйны антураж «Нябеснай сотні»


Пяць месяцаў кіеўскі Майдан Незалежнасьці застаецца сымбалем барацьбы за права на самавызначэньне і эўрапейскі вэктар разьвіцьця Ўкраіны. Больш за сто ахвяраў, уключна зь беларусам Міхаілам Жызьнеўскім, — занадта высокая цана, каб дараваць тагачасным уладам ігнараваньне голасу народа. І калі пачыналася ўсё як рэакцыя на адмову падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, то зараз Майдан увасабляе сабой супраціў расейскаму ўмяшаньню ў Крыме і ўсходніх рэгіёнах.

Цэнтральная частка Храшчаціка, адной з галоўных артэрый украінскай сталіцы, ператворана ў своеасаблівы рэвалюцыйны мэмарыял. Яшчэ нядаўна тут віравалі мітынговыя жарсьці, абаронцы стрымлівалі атакі «беркутаўцаў» і гінулі ад куль снайпэраў. Цяпер пра тое нагадвае хіба што ваяўнічы антураж.

Проста на праезнай частцы — дзясяткі вайсковых намётаў з пазначэньнем партыйнага і рэгіянальнага паходжаньня насельнікаў. Заставацца ў іх людзі зьбіраюцца сама меней да абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. На скрыжаваньнях з Грушэўскага і Інстытуцкай, дзе вяліся сапраўдныя баі, — горы пакрышак, паддонаў, мяхоў пяску. Тут жа адбітая ў сілавікоў трафэйная спэцтэхніка і перафарбаваныя ў жоўта-блакітныя колеры вадамёты. Вялікія кавалкі ходнікаў — бяз пліткі: яна дагэтуль цэмэнтуе абарончыя рэдуты. Навагодняя ёлка напалову разабраная, замест мішуры — антыпуцінскія плякаты. Паказальна, што навакольную тэрыторыю старанна падмятаюць як самі майданаўцы, так і камунальнікі.

Практычна паўсюль гараць сьвечкі ў памяць забітых, а фотагалерэя «Нябеснай сотні» патанае ў кветках. Актывісты ў камуфляжы вядуць запіс у народнае апалчэньне, зьбіраюцца ахвяраваньні для пацярпелых і іхніх сем’яў. Пасланьнем Маскве — выкладзены з плітак заклік па-расейску: «Стоп пропаганда! Здесь нет фашизма!». Над усім напаўбатальным пэйзажам узвышаецца абгарэлы каркас спаленага Дому прафсаюзаў.

Шмат якія эксклюзіўныя кадры супрацьстаяньня зь «Беркутам» на пачатку бестэрміновай акцыі і расстрэлу майданаўцаў снайпэрамі зьнялі апэратары і журналісты грамадзкага інтэрнэт-тэлебачаньня «Спільнобаченне», якое паўстала ўжо падчас супраціву. Згадвае адна з ініцыятарак spilno.tv Надзея Шаўчэнка:


«Чакалі адключэньня інтэрнэту, мабільнай сувязі, уласна кажучы, пачыналі рыхтавацца да горшага сцэнару, шукалі магчымасьці контразахадаў. На шчасьце, гэтага ня здарылася. Чаму? Адказаць цяжка. А чаму, дапусьцім, Майдан ніводнага разу так да канца і не разагналі? Ведаеце, пытаньняў процьма, нашмат больш, чым адказаў, вы ўжо прабачце за маю францускую... Вэрсія адна — кансьпіралягічная, другая — хаатычная. Калі першая ў прынцыпе мае зразумелы ўхіл, то другая — алягічная. Я сама матэматык, і ў мяне была тэма самаарганізацыі складаных сыстэмаў. Калі ўсё нібыта стройненька, але насамрэч адзінага цэнтру няма, усё цэнтралізуецца само сабою. Таму тут ці дурасьць улады, ці разгільдзяйства, ці неадукаванасьць. Зноў жа, супярэчнасьці ва ўладзе — хтосьці за, хтосьці супраць. Усё ж нейкі ціск з боку Захаду: дзесьці яны маглі пабаяцца, дзесьці не хацелі рызыкаваць. Бо калі насельніцтву адсякаеш інтэрнэт і мабільную сувязь, то гэта ўжо дакладныя прыкметы дыктатуры. Магчыма, не хацелі міжнароднага розгаласу ды параўнаньня з Паўночнай Карэяй».

Нібыта баючыся розгаласу ў справе абмежаваньня доступу да інфармацыі, улады, тым ня меней, адважыліся на самы радыкальны крок — страляць у людзей. Надзея Шаўчэнка кажа, што журналісты дагэтуль ня маюць адказу — хто насамрэч аддаваў злачынныя загады ды кіраваў забойствам?
Грамадзтва працуе паводле тых жа законах, што і ў мікрабіялёгіі. То бок — самаарганізаваліся
«Зноў жа, ці яны самі гэта ўчынілі, ці нехта імі маніпуляваў. Мабыць, вы чулі вэрсію, што наш таварыш былы прэзыдэнт, па некаторых прыкметах, у прынцыпе, мог выконваць марыянэтачную ролю. Акрамя таго, сапраўды незразумела, хто аддаваў загад, хто наймаў гэтых людзей. Таму столькі і вэрсіяў — ад апазыцыі, на якую ўплывалі Штаты, да адмашкі Януковіча. Было шмат публікацыяў, нават наша дыяспара і англамоўныя экспаты трымаюцца думкі, што гэта магла арганізаваць частка апазыцыі, якая пад кантролем ЗША. Што магло быць насамрэч? Ці добра арганізаваны плян, ці ўсё, зноў жа, супала, як часта бывае ў прыродзе. У мікрабіялёгіі так бывае, у гідрадынаміцы бывае. Аказваецца, законы грамадзтва, сацыялягічныя і паліталягічныя працэсы працуюць паводле тых жа раўнаньняў, тых жа законаў, што і ў мікрабіялёгіі. То бок — самаарганізаваліся. Бо што тычыцца кансьпіралёгіі, то часам бывае досыць складана такую змову пралічыць і выканаць. Але гісторыкі кажуць, што часьцяком такія рэчы бываюць. Асабліва ў гісторыі Другой усясьветнай вайны. Працэсы ў чымсьці сапраўды падобныя да цяперашніх».

Паступова палітычныя працэсы выйшлі за межы Кіева, і цяпер, пасьля бесцырымоннай «прыватызацыі» Расеяй Крыму, асяродкам хваляваньняў сталі ўсходнія рэгіёны Ўкраіны. Як працуецца ў прарасейскіх анклявах журналістам, якія разам зь іншымі абаронцамі Майдану ў тых мясьцінах звыкла асацыююцца з бандэраўцамі ды фашыстамі? Надзея Шаўчэнка канстатуе, што там датычнасьцю да журналістыкі лепш не бравіраваць увогуле:
На ўсходзе Ўкраіны пры зьяўленьні журналістаў першым чынам цікавяцца — дзе ты працуеш? І пэўная частка насельніцтва проста шалее, даведаўшыся, хто ты і адкуль
«На ўсходзе Ўкраіны пры зьяўленьні журналістаў першым чынам цікавяцца — дзе ты працуеш? І пэўная частка насельніцтва проста шалее, даведаўшыся, хто ты і адкуль ты. У прынцыпе, там такое стаўленьне да ўсёй украінскай прэсы, выключэньняў практычна няма. Здымаць не даюць, пэрыядычна даводзіцца, што называецца, рабіць ногі. У Крыме ў нашай калегі спрабавалі разьбіць камэру, адабраць. То бок туды трапляеш, як у перакуленую рэальнасьць, бо ўся гэтая гебэльсаўская прапаганда, дзе 10% праўды і 90% хлусьні, робіць сваю справу. Нават запусьцілі сайт „Антиспільнобачення“, кляпалі ролікі пра тое, якія мы агенты Захаду і г.д. Праўда, ня вельмі пераканаўча, можна было б і весялей. Што тычыцца Кіева, заходніх рэгіёнаў, то калі мы рэальна бачым нейкія касякі, то становімся як бы апазыцыяй і крытыкуем цяперашнюю ўладу. Па вялікім рахунку, зараз нашым уладам і ня надта ёсьць справа да нас, тым больш што выбары практычна на носе».

Як вядома, вайна і камэрцыя заўсёды побач. Так і на Майдане: ідзе бойкі гандаль кубкамі, талеркамі, шалікамі з рэвалюцыйнай сымболікай, сувэнірнымі магніцікамі, дзе несумненным гітом — выявы «залатых батонаў» зь януковіцкага Межыгор’я, майкамі з выявамі Сьцяпана Бандэры ды лёзунгамі «Слава Ўкраіне!», «Героям слава!», дыванкамі з тварам Януковіча і надпісам «Выцірайце ногі». Таксама можна разжыцца рэальнымі рарытэтамі — рэчавымі доказамі «мірнай зброі „Беркута“», нават каскамі і бронекамізэлькамі, канфіскаванымі ў праваахоўнікаў. А мастакі з народу бяруцца выканаць партрэт у майданаўскім антуражы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG