Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераклад з расейскай дыпляматычнай мовы


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Калі 1 верасьня 1983 году ў небе над Сахалінам савецкі зьнішчальнік «Су-15» зьбіў пасажырскі «Боінг 747» паўднёвакарэйскай авіякампаніі, які выконваў рэйс па маршруце Нью-Ёрк — Сеул, то першае паведамленьне ТАСС пра гэтую падзею выглядала прыкладна так: у паветраную прастору СССР заглыбіўся невядомы самалёт, савецкія ваенныя самалёты яго перасьледавалі, пакуль тое невядомае судна ня выйшла за нашы межы. Потым, пад ціскам фактаў, абурэньня ўсясьветнай супольнасьці Масква мусіла прызнаць, што паўднёвакарэйскі «Боінг» быў усё ж зьбіты савецкімі вайскоўцамі. І калі на прэсавай канфэрэнцыі замежныя журналісты спыталіся ў загадчыка аддзелу міжнароднай інфармацыі ЦК КПСС Леаніда Замяціна: навошта вы казалі няпраўду ў першым паведамленьні ТАСС? — то ягоны адказ можна лічыць узорам віртуознай дэмагогіі савецкай прапаганды: вы зрабілі няправільны пераклад з расейскай дыпляматычнай мовы.

Гэтая фраза ўзгадваецца, калі слухаю заявы расейскіх афіцыйных асобаў, дзяржаўных мэдыяў з нагоды зьбіцьця малайзійскага «Боінга». Зьвяртае на сябе ўвагу незвычайная рэакцыя на гэтую трагедыю Ўладзімера Пуціна. Ён, быццам чагосьці моцна спалохаўшыся, неяк дзіўна замітусіўся. Здавалася б, катастрофа здарылася на тэрыторыі суседняй дзяржавы, самалёт не расейскі, грамадзян РФ на борце не было, а паводле афіцыйнай вэрсіі Крамля, ніякай падтрымкі сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны Масква не аказвае. То бок Расея быццам бы тут зусім ні пры чым. Але Ўладзімер Пуцін нібы за нешта апраўдваецца. Адразу ж пасьля падзеньня «Боінга» ён робіць бясконцыя тэлефанаваньні заходнім лідэрам, дэманстратыўна праводзіць у тэлеэфіры хвіліну маўчаньня ў памяць аб загінулых у катастрофе, выступае зь нейкім дзіўным пустым начным тэлезваротам, ліхаманкава праводзіць паседжаньне Рады бясьпекі РФ.

Непакой Пуціна зразумелы. Зьнішчэньне пасажырскага авіялайнэра прынцыпова мяняе ўвесь кантэкст расейска-ўкраінскага канфлікту. Да гэтага часу вайна на ўсходзе Ўкраіны для ўсяго сьвету, у тым ліку для ЗША і Эўропы, была ў пэўным сэнсе геапалітычнай абстракцыяй. Так, Расея парушае міжнародныя правілы, ёй трэба на гэта мякка паказаць, але псаваць адносіны з Масквой ня хочацца, бо на яе завязана шмат розных інтарэсаў.

У эпоху глябалізацыі бясьпека можа быць толькі ўсеагульнай

Цяпер становіцца відавочным, што ваенны ачаг на ўсходзе Ўкраіны — гэта пагроза міжнароднай бясьпецы. Гэтая вайна пачала забіваць грамадзян Нідэрляндаў, Малайзіі, Аўстраліі ды іншых краін, далёкіх ад месца баявых дзеяньняў. Бо ў эпоху глябалізацыі бясьпека можа быць толькі ўсеагульнай.

У мяне ёсьць сумневы, што міжнародная камісія, якая расьсьледуе прычыны катастрофы, прыйдзе да нейкіх пэўных высноваў адносна таго, хто зьбіў самалёт. Як, напрыклад, міжнародная камісія так і не прыйшла да высновы, хто прымяняў хімічную зброю ў Сырыі. Гэта цяжка зрабіць, асабліва ва ўмовах, калі супрацоўнічаць зь міжнароднымі экспэртамі вінаватыя ня хочуць, а прымусіць іх немагчыма.

Але нават калі такія высновы будуць зробленыя, то бакі ўкраінскай вайны іх не прызнаюць. Калі камісія абвесьціць, што самалёт зьбілі сэпаратысты, то лідэры ДНР, а за імі і Расея скажуць, што экспэрты ангажаваныя, купленыя Захадам. Як не прызнаў СССР вынікаў міжнароднага расьсьледаваньня трагедыі з паўднёвакарэйскім «Боінгам» у 1983 годзе. Падчас жорсткай інфармацыйнай вайны па-іншаму не бывае. Зьбіты лайнэр стане толькі новай порцыяй бэнзіну ў агонь гэтай вайны.

Аднак нават у сытуацыі нявызначанасьці што да канкрэтных віноўнікаў зьнішчэньня малайзійскага авіялайнэра заходнія дзяржавы абвінавацілі сёньня Маскву. Пуцін не памыліўся ў сваіх прадчуваньнях. І лёгіка Захаду зразумелая. Калі, як выказаўся расейскі журналіст Уладзімер Салаўёў, «самалёт зьбіла вайна», то хто арганізаваў гэтую вайну? Без падтрымкі Расеі ваенны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны быў бы немагчымы. У такім выпадку Масква павінна несьці палітычную адказнасьць за зьбіты авіялайнэр.

Адным з важных наступстваў авіякатастрофы над Данбасам стала больш рашучая пазыцыя Эўропы адносна неабходнасьці спыненьня ваеннага канфлікту і ацэнак пазыцыі Расеі. Цяпер у грамадзкай думцы Захаду Расея выглядае спонсарам міжнароднага тэрарызму. І ад гэтага вобразу Маскве цяжка адмыцца. Як сказаў прэм’ер Аўстраліі Тоні Эбат, «Расея ня выйдзе сухой з вады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG