Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цянюта захацеў пачуць вырак па-беларуску. Суд перанесьлі


Андрусь Цянюта каля суду
Андрусь Цянюта каля суду

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Вольга Казлова, якая разглядае пазоў сустаршыні «Маладога фронту» Андруся Цянюты да рэктарату Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, перанесла суд на 16 верасьня з-за таго, што пазоўнік запатрабаваў весьці працэс па-беларуску або прадставіць перакладчыка.

У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля Андрусь Цянюта адразу заявіў хадайніцтва, каб ягоная справа вялася на беларускай мове. Судзьдзя Вольга Казлова запярэчыла: у краіне дзьве дзяржаўныя мовы, і справаводзтва ў судах вядзецца на расейскай. Тады маладафронтавец запатрабаваў перакладчыка з расейскай мовы, бо ягоная родная мова — беларуская, і ён жадае даваць і слухаць тлумачэньні па-беларуску. І вырак мець на роднай мове.

Казлова стала дапытвацца: «А вы не разумееце расейскай мовы?» Аднак, пачуўшы ад Цянюты, што родная мова для яго — прынцыповая пазыцыя, судзьдзя абвясьціла перапынак. А па вяртаньні з дарадчага пакою зачытала рашэньне аб пераносе разгляду справы на наступны аўторак, 16 верасьня, каб запрасіць прафэсійнага перакладчыка.

Андрусь Цянюта лічыць сваё адлічэньне з ВНУ палітычна матываваным:

«Я падаў скаргу ў суд на свой унівэрсытэт імя Францішка Скарыны, зь якога я быў адлічаны за два адміністрацыйныя спагнаньні. Яны спасылаюцца на Кодэкс аб адукацыі. Але я хачу заявіць, што гэта палітычны перасьлед, калі студэнта адлічваюць цалкам палітычна матывавана. Калі б гэта быў там нейкі Вася Пупкін, які выпіў лішняга, яго два разы затрымалі, упэўнены, што яму б нічога не зрабілі. Як вядома, у нас у Беларусі права працуе выбарачна. Калі чалавек перашкаджае ўладзе, яго рэпрэсуюць — штрафуюць, садзяць і гэтак далей. Але калі ён ляяльны да ўлады, то могуць толькі пальцам паківаць».

Падтрымаць Цянюту ў судзе прыйшлі грамадзкія актывісты й паплечнікі
Падтрымаць Цянюту ў судзе прыйшлі грамадзкія актывісты й паплечнікі

Андрусь Цянюта вучыўся на 3 курсе завочнага факультэту ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны на спэцыяльнасьці «Правазнаўства». Вучыўся на платнай аснове. Няздадзеных залікаў і экзамэнаў ня меў. Меў толькі апошнім часам два адміністрацыйныя спагнаньні за грамадзкую й палітычную дзейнасьць. За распаўсюд антыалькагольных улётак адміністрацыйная камісія Савецкага раёну яго аштрафавала, але суд скасаваў штраф, замяніўшы на вымову. Апрача таго, 4 траўня блізу поўначы за 200 мэтраў ад дому Цянюту затрымалі амапаўцы. Абвінавацілі ў дробным хуліганстве — нібыта ён брыдкасловіў на пустыннай вуліцы, «чым парушаў парадак і спакой грамадзянаў». Маладафронтавец апынуўся за кратамі на 10 сутак. Гэта было акурат перад пачаткам чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, калі актывістаў «зачышчалі» і ў іншых рэгіёнах краіны:

Проста хочуць выціснуць зь Беларусі, каб я кудысьці зьехаў

«Гэта, хутчэй за ўсё, замаўляе ўлада, ці, магчыма, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Проста хочуць выціснуць зь Беларусі, каб я кудысьці зьехаў».

Кіраўнік рэгіянальнай структуры «Прававая ініцыятыва», юрыст Леанід Судаленка, якога Цянюта ў судзе запрасіў як прадстаўніка грамадзкасьці, кажа, што ні Кодэкс аб адукацыі, ні правілы ўнутранага распарадку ўнівэрсытэту ня ўтрымліваюць патрабаваньня адлічваць студэнта за нейкія адміністрацыйныя парушэньні:

«Калі суд дапусьціць мяне прадстаўніком грамадзкасьці, я буду гаварыць пра гэта — няма ва ўнівэрсытэту падставаў адлічваць Цянюту, спыняць яго вучобу. Тым больш што ён студэнт-завочнік, навучаецца за свой кошт. Зрэшты, навошта і ўнівэрсытэту губляць грошы, якія сплачвае студэнт? Незразумелая пазыцыя».

На судзе сёньня прысутнічаў і праваабаронца, дацэнт унівэрсытэту імя Францішка Скарыны Віктар Адзіночанка:

«Кажу зараз менавіта як выкладчык гэтага ўнівэрсытэту. Ініцыятыва на адлічэньне Цянюты — гэта не ініцыятыва ўнівэрсытэту. Ні рэктару, ні дэкану завочнага факультэту гэтае адлічэньне не патрэбнае. І справа гэтая ўнівэрсытэту не патрэбная. Безумоўна, што ўнівэрсытэт будзе абараняць сваю пазыцыю, але гэта не яго пазыцыя. Ва ўнівэрсытэце ёсьць такая жорсткая ўстаноўка, каб студэнтаў, асабліва завочнікаў, якія плацяць за сваю адукацыю, — каб іх не адлічваць. Такога студэнта, і гэта мне казалі на завочным факультэце, можна адлічыць, калі ён сам напіша заяву».

Загад аб адлічэньні Цянюты
Загад аб адлічэньні Цянюты

Афіцыйны прадстаўнік унівэрсытэту Валер Нядоступ сваёй пазыцыі ў судзе пакуль не выказваў, бо разгляд справы перанесены на 16 верасьня. Вядомая толькі пазыцыя Міністэрства адукацыі, куды зьвяртаўся Андрусь Цянюта, абскарджваючы загад рэктара Аляксандара Рагачова на адлічэньне. Першы намесьнік міністра спадар Богуш адказаў студэнту-завочніку, што адлічаны той правамерна.

У 2008 годзе з унівэрсытэту імя Францішка Скарыны адлічылі за палітычную дзейнасьць у «Маладым фронце» й выдатніка матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнку. Спачатку яму прыпісалі прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі — за арганізацыю канцэрту беларускамоўных бардаў. А калі ён праз суд аднавіўся, яго тут жа затрымалі ўсё ж тыя амапаўцы — нібыта за лаянку і непадпарадкаваньне міліцыі. Студэнта арыштавалі на 8 сутак і адлічылі з трэцяга курсу. Загад на адлічэньне і тады падпісаў рэктар Рагачоў. Пасьля службы ў войску Зьміцер Жалезьнічэнка скончыў Тэхнічны ўнівэрсытэт у Амстэрдаме з навучаньнем па-ангельску і атрымаў магістарскую ступень па кампутарным праграмаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG