Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Грэцыя зьмяніць палітыку ЭЗ адносна Расеі?


Грэцыя, прэзыдэнцкая гвардыя
Грэцыя, прэзыдэнцкая гвардыя

Прадстаўнікі партыі Сірыза, якая перамагла на ўчорашніх выбарах у Грэцыі, да выбараў крытычна выказваліся наконт палітыкі санкцыяў адносна Расеі ў сувязі зь яе палітыкай ва Ўкраіне. Ці можа новы ўрад Грэцыі заблякаваць агульнаэўрапейскую палітыку санкцый у дачыненьні да Масквы? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да двух эўрапейскіх экспэртаў: выдаўца часопісу Belarus Digest, заснавальніка цэнтру імя Астрагорскага Яраслава Крывога і аналітыка Польскага інстытуту міжнародных справаў Ганну Марыю Дынэр. Зь імі гутарыў Юры Дракахруст.

Крывой: Трэба разумець, што тое, што партыі кажуць падчас перадвыбарчых кампаній, і тое, што яны робяць пасьля іх, не заўсёды супадае. І гэта ня толькі таму, што партыі сьвядома хлусяць, але таму, што рэальнасьць можа не адпавядаць тым чаканьням, калі яны маюць, калі змагаюцца за ўладу.

Сапраўды, павінен быць кансэнсус для прыняцьця ці скасаваньня санкцый. Але калі ёсьць кансэнсус сярод вядучых краінаў, то астатнія прыстасоўваюцца да іх. Узамен малыя краіны могуць патрабаваць саступак па іншых пытаньнях. Так што фармальна адна краіна сапраўды можа заблякаваць тое або іншае рашэньне, але на практыцы гэта вырашаецца шляхам перамоваў.

Дынэр: Варта ўлічваць, што ў іншых краінаў Эўразьвязу, найперш у Нямеччыны, ёсьць моцныя рычагі ціску на Грэцыю. Бо паводле ацэнак некаторых экспэртаў бяз вонкавай эканамічнай падтрымкі Грэцыя ня вытрымае больш за два месяцы.

Мне здаецца, што Грэцыя адна ня можа заблякаваць санкцыі. Большая небясьпека — у тым, што Расея будзе імкнуцца разбурыць адзінства Эўразьвязу. Мы ўжо чулі заявы, што Расея гатовая скасаваць эмбарга на імпарт харчаваньня для некаторых краінаў Зьвязу. Размова ідзе, прынамсі, пра Чэхію, Славаччыну, Італію і Вугоршчыну. Вельмі моцнае прарасейскае лобі ёсьць і ў Францыі.

РС: Назіральнікі падкрэсьліваюць, што Сірыза — гэта самая радыкальная партыя, якая ў апошнія шмат гадоў была ва ўладзе ў Эўропе. Ну а калі гэты ўрад праявіць упартасьць: мы супраць санкцыяў і будзем супраць любой цаной?

Крывой: Я не экспэрт прынамсі па грэцкай палітыцы. Але ёсьць агульны досьвед — калі нават самыя папулісцкія партыі пачынаюць кіраваць краінай і прымаць рэальныя рашэньні, яны вымушаныя быць больш прагматычнымі. Грэцыя вельмі залежыць ад краін-крэдытораў. І калі яна будзе блякаваць нейкія прынцыповыя рашэньні, гэта можа нэгатыўна адбіцца на стаўленьні да Грэцыі.

Дынэр: Такая ўпартасьць магчымая. Але я нагадаю, што санкцыі прымаліся на год. Новае рашэньне па ім будзе прымацца ў ліпені сёлета. І гэта будзе ня толькі пытаньне Грэцыі. Але мне здаецца, што калі Нямеччына і Францыя застануцца на цяперашніх пазыцыях, то ўсе спробы Расеі выбіць з «эўрапейскага шыхту» некалькі краінаў будуць марнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG