Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэшткі старажытнага кляштара ў Полацку пашкодзілі з дазволу ўладаў


Раскапаную траншэю абгарадзілі
Раскапаную траншэю абгарадзілі

Падчас пракладкі газаправоду ў Юбілейным завулку Полацка тэхніка капала траншэю, руйнуючы рэшткі Барысаглебскага кляштара ХІІ стагодзьдзя.

Падчас пракладкі газаправоду ў Юбілейным завулку адмысловая тэхніка капала траншэю, руйнуючы рэшткі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра.

Земляныя працы УП «Полацакгазбуд» «праводзіла зь ведама мясцовага выканкаму.

Улады санкцыянавалі газыфікацыю раёну без уліку таго, што гэта — ахоўная тэрыторыя, уключаная ў склад полацкага гісторыка-археалягічнага запаведніка, і ўнесеная ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы, пад нумарам 213Г000639.

Па тэрыторыі былога Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, збудаванага ў ХІІ стагодзьдзі, была пракапана траншэя шырынёй 40 см і глыбінёй каля 2-х мэтраў. І працы не спынілі нават тады, як заўважылі, што трушчаць не звычайную цэглу, а плінфу — усе дазвольныя дакумэнты на пракладку газаправоду былі ў поўным парадку.

Раскоп
Раскоп
Працы спыненыя
Працы спыненыя

Нідзе не было пазначана, што тут — ахоўная тэрыторыя, і што любыя працы яшчэ на этапе праектаваньня трэба ўзгадняць з навукоўцамі. Трывогу ўзьнялі полацкія карыстальнікі сацыяльных сетак і краязнаўцы-аматары.

Сярод друзу – кавалкі плінфы
Сярод друзу – кавалкі плінфы

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музэй-запаведнік мусіць сачыць, каб праектаваньне ўлічвала асаблівасьці дадзенай гістарычнай тэрыторыі. Але ў выпадку з газыфікацыяй Юбілейнага завулку да навукоўцаў ніхто не зьвяртаўся, і ў запаведніку нават ня ведалі пра пракладку траншэі.

Так выглядае Юбілейны завулак
Так выглядае Юбілейны завулак

Толькі пасьля таго, як пра руйнаваньне гістарычных парэшткаў стала вядома шырокай грамадзкасьці, на месца даслалі старэйшага супрацоўніка музэя-запаведніка Аляксандра Салаўёва — зьбіраць кавалкі старажытнай плінфы каля траншэі...​

Аскалёпкі плінфы і дагэтуль можна снайсьці сярод друзу і ўзламанага асфальтавага пакрыцьця. Участак выкапанай траншэі абгарадзілі і зьлёгку прысыпалі. Што будзе далей з працамі па газыфікацыі, мясцовыя жыхары ня ведаюць.

Калі будуць працягваць газыфікацыю па новым праекце – невядома
Калі будуць працягваць газыфікацыю па новым праекце – невядома

Завулак Юбілейны — гэта некалькі шматкватэрных дамоў, але пераважна прыватная забудова. Менавіта для жыхароў прыватнага сэктару прызначалася газыфікацыя, якую мусілі спыніць. Дарэчы, людзі тут пазбаўленыя гарадзкіх зручнасьцяў: асфальт у завулку паклалі толькі ўвесну 2013-га году, хаця менавіта тут месьціцца такі важны аб’ект гарадзкога жыцьця, як станцыя хуткай мэдычнай дапамогі...

Памятны знак на месцы былога манастыра ХІІ стагодзьдзя
Памятны знак на месцы былога манастыра ХІІ стагодзьдзя

Пакуль пракладалі траншэю пад газ, новы асфальт істотна пацярпеў. Гэта стала прычынай яшчэ адной хвалі абурэньня: тутэйшыя жыхары не задаволеныя тым, што спачатку ў Юбілейным завулку паклалі асфальт, потым яго раструшчылі, зусім не клапоцячыся пра выдаткаваныя дзяржаўныя сродкі. Потым спынілі і працы па газыфікацыі, бо праект, на які «далі дабро» ў выканкаме, цяпер давядзецца пераробліваць.

Мясцовыя ўлады не маглі ня ведаць, што тут — ахоўная тэрыторыя. У пачатку Юбілейнага завулку стаіць адмысловы сымбалічны знак, усталяваны ў 1992 годзе да 1000-годзьдзя Беларускай праваслаўнай царквы — якраз непадалёк ад месца знаходжаньня былога Барысаглебскага манастыра і ў памяць пра яго.

Бельчыцкі мужчынскі манастыр быў заснаваны полацкім князем Барысам Усяславічам у першай чвэрці XII стагодзьдзя ў Бельчыцы (прадмесьце Полацка). Манастыр быў асьвечаны ў гонар сьвятых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба. Тут было ўзьведзена некалькі храмаў, дакладна вядома пра чатыры: Вялікі сабор, Пятніцкую і Барысаглебскую цэрквы, храм-трыконх. Манастыр меў багатую гісторыю, але паступова прыйшоў у заняпад. На працягу амаль чатырох дзесяцігодзьдзяў (з 80-х гг. ХІХ да пачатку ХХ стагодзьдзя) Барысаглебскі манастыр знаходзіўся ў стане поўнага разбурэньня. Да 1910 года на тэрыторыі манастыра захаваліся Барысаглебская і Пятніцкая цэрквы, значна перайначаныя пазьнейшымі перабудовамі. Да пачатку 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя ніякіх працаў па аднаўленьні культавых пабудоваў манастыра не праводзілася. У час савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў манастырскія храмы былі значна пашкоджаныя. У 1925 годзе ад царквы Параскевы Пятніцы засталіся дзьве сьцяны з асколкамі цэглы і іншым сьмецьцем. У сваю чаргу, Барысаглебская царква ўяўляла сабой чатыры моцна пашкоджаныя сьцяны. З канца 1920-х гадоў тэрыторыя Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра пачала забудоўвацца мясцовым насельніцтвам. У ХХ стагодзьдзі на тэрыторыі былога манастыра неаднаразова праводзіліся археалягічныя дасьледаваньні.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG