Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: стаў вядомым тып выбухоўкі, закладзенай у А321


На месцы катастрофы расейскага авіяляйнэра A321, 1 лістапада 2015 году
На месцы катастрофы расейскага авіяляйнэра A321, 1 лістапада 2015 году

Сьледчыя выявілі тып выбухоўкі, якая выкарыстоўвалася ў бомбе на борце расейскага самалёта А321 над Сінайскім паўвостравам. Ахвярамі тэракту сталі 224 чалавекі.

Як піша сёньня «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы, блізкія да сьледзтва, выбуховая прылада была вырабленая на аснове плястыкавай выбухоўкі С-4, распрацаванай у ЗША ў 1960-х гадах. У цяперашні час яе разнавіднасьць вырабляюць у многіх краінах сьвету, што абцяжарвае пошук арганізатараў і выканаўцаў тэракту. Раней сьледчыя выявілі мэтровую прабоіну ў фюзэляжы А321. Краі адтуліны былі выгнутыя, што сьведчыць пра ўзьдзеяньне выбуховага рэчыва. Верагодна, што прыладу пранёс на борт хтосьці з пэрсаналу аэрапорта, ён жа актываваў электронны таймэр. Паводле дадзеных крыніцы «Коммерсанта», бомба была закладзеная ў канцы салёну, пад пасажырскае сядзеньне.

Сьледчы камітэт Расеі да гэтага часу не распачаў крымінальную справу пра тэракт на борце авіяляйнэра, хоць расейскія ўлады прызналі крушэньне ляйнэра тэрарыстычным актам яшчэ 17 лістапада.

Улады Эгіпта адмаўляюць вэрсію тэракту. Пасьля крушэньня самалёта расейскія ўлады забаранілі палёты ў Эгіпет.

Самалёт, які ляцеў з Шарм-эль-Шэйха ў Пецярбург, упаў на Сінайскім паўвостраве 31 кастрычніка. Загінулі 224 чалавекі, большасьць зь іх былі расейцамі. Адказнасьць за выбух на борце расейскага самалёта ўзяла на сябе забароненая ў Расеі экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG