Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы перанялі «ўкраінскія тэхналёгіі» нелегальнай здабычы бурштыну


У Беларусі на мяжы з Украінай зафіксаваная нелегальная здабыча бурштыну. Як адзначаюць праваахоўныя органы, здабыча ладзіцца паводле «ўкраінскай тэхналёгіі».

3 ліпеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даў сілавікам два тыдні для ліквідацыі «крышаваньня» незаконнай здабычы. Прэзыдэнт заявіў, што 90% бурштыну ва Ўкраіне здабываецца нелегальна пры заступніцтве ці «крышаваньні» праваахоўных органаў.

За апошні год, выпадкі ценявой здабычы бурштыну фіксаваліся ў Ровенскай, Валынскай, Львоўскай і Жытомірскай абласьцях.

Паводле афіцыйных зьвестак, толькі ў Ровенскай вобласьці каля 10 тысяч чалавек працуюць у ценявым сэктары нелегальнай здабычы бурштыну. Падчас апэрацыі «Бурштын», якую распачалі ўлады Ўкраіны, высьветлілася, што да справы маюць дачыненьне ключавыя супрацоўнікі СБУ і паліцыі Ровенскай вобласьці. Падобная сытуацыя ў іншых рэгіёнах краіны. Пра гэта заяўляў міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў.

Ператрусы ва ўдзельнікаў «бурштынавай мафіі» ў Ровенскай вобласьці
Ператрусы ва ўдзельнікаў «бурштынавай мафіі» ў Ровенскай вобласьці

У траўні 2016 году, на Львоўшчыне затрымалі кантрабандную партыю бурштыну коштам 40 тысяч даляраў вагой больш за 45 кг. Чалавек, які вёз бурштын у сваім аўто, спрабаваў перасекчы ўкраінска-польскую мяжу празь «зялёны калідор».

Таксама ў траўні на Жытоміршчыне затрымалі скупшчыкаў бурштыну коштам 160 тысяч даляраў.

Але бывалі выпадкі, калі затрымліваліся партыі і значна большым коштам. Так здарылася ў 2015 годзе ў Жытомірскай вобласьці, калі праваахоўнікі канфіскавалі 2,5 тоны бурштыну на 4 мільёны даляраў.

Як паведамляе БелТА, у чэрвені 2016 году незаконную здабычу бурштыну зафіксавалі і ў Беларусі — усяго за кілямэтар ад мяжы з Украінай. Там працавала брыгада з трох чалавек, якія пражываюць у Пінску і Пінскім раёне.

«Месца выяўлена падчас паветранага маніторынгу ўчастку дзяржаўнай мяжы з выкарыстаньнем аўтажыру. Апэратыўна група затрымала нелегальных старацеляў. Усе яны зьяўляюцца жыхарамі Пінску і Пінскага раёну», — растлумачылі ў памежным ведамстве.

Бурштын
Бурштын

Было выяўлена некалькі «копанак» і мотапомпа, з дапамогай якой брыгада прамывала грунт паводле «ўкраінскай тэхналёгіі».

Паводле словаў прэзыдэнта асацыяцыі «Недропользователи Украины» Рамана Старажова, бурштын утвараецца менавіта на тэрыторыі іглістых лясоў у выніку скамяненьня смалы.

«Сытуацыю ва Ўкраіне можна коратка ахарактарызаваць так: нерацыянальным спосабам здабываецца велізарны рэсурс паўкаштоўных камянёў, але пры гэтым не пакідаецца магчымасьць для аднаўленьня сыравіннай базы і напаўненьня дзяржаўнага бюджэту».

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук кажа, што бурштынавая мафія ва Ўкраіне квітнее таму, што гэта дазваляе сыстэма дэцэнтралізацыі, у межах якой мясцовыя ўлады за «адкаты» заступаюцца за кантрабандыстаў:

Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

«Яшчэ з часоў Кучмы тэрыторыя Ўкраіна была падзеленая такім чынам, што мясцовыя ўлады маглі прымаць рашэньні і маглі „крышаваць“ кагосьці, калі яны за гэта атрымлівалі пэўныя выгады ў выглядзе „адкатаў“. Тая дэцэнтралізацыя, пра якую цяпер гавораць ва Ўкраіне, фактычна даўно ўжо адбылася. Але ў нэгатыўным сэнсе — калі на месцах можна рабіць што хочаш. Таму цяпер гэта вельмі пазытыўна, што пачалася барацьба з бурштынавай мафіяй, але кепска, што гэта адбываецца толькі цяпер, калі экалёгіі, прыродзе нанесеныя вялікія страты. Я ўвогуле не ўяўляю, як на Валыні і ў Жытомірскай вобласьці можна будзе аднавіць пашкоджаныя тэрыторыі, гэтыя „месячныя пэйзажы“. Увогуле, тут адразу некалькі праблем — экалягічная, крымінальная і карупцыйная. І ключ праблемы ў тым, што доўгі час ва Ўкраіне можна было рабіць што хочаш, калі маеш „крышу“. Не зламаўшы гэтую сыстэму „крышаваньня“, вельмі мала што можна зьмяніць».

Разам з тым Віктар Каспрук лічыць, што ў Беларусі разьвіцьцё магутнай ценявой здабычы бурштыну немагчымае:

У Беларусі палітычны дыктатарскі рэжым, а ва Ўкраіне — быў і фактычна застаецца карупцыйны. Таму ў Беларусі, як раней у СССР, можна хутчэй гэта спыніць.

«У Беларусі палітычны дыктатарскі рэжым, а ва Ўкраіне — быў і фактычна застаецца карупцыйны. Таму ў Беларусі, як раней у СССР, можна хутчэй гэта спыніць».

Незаконная здабыча і кантрабанда бурштыну прыводзіць да разбурэньня экалёгіі і ператварае адпрацаваныя месцы здабычы практычна ў безжыцьцёвую пустыню, непрыдатную для далейшага выкарыстаньня.

Пасьля здабычы ў зямлі застаюцца невялікія ямы, якія ў працэсе «прасейваньня» зямлі з дапамогай вады, якая падаецца помпай, так і застаюцца заводненымі. Гэтая тэрыторыя на доўгія гады становіцца непрыдатнай ні для росту лясоў, ні для вядзеньня сельскай гаспадаркі.

Бурштын выкарыстоўваецца для вырабу ўпрыгожаньняў і прадметаў быта, а таксама ў хімічнай прамысловасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG