Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія дыпляматы і СМІ адмовіліся наведаць будоўлю БелАЭС


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Паездку на будоўлю Беларускай АЭС для замежных дыпляматаў арганізавала беларускае Міністэрства замежных спраў.

Начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык падчас наведваньня БелАЭС сказаў журналістам, што прадстаўнікі літоўскай амбасады першапачаткова пацьвердзілі свой удзел у паездцы, аднак у апошні момант адмовіліся, паведамляе БелТА.

Не паехалі на будоўлю і літоўскія журналісты, хоць МЗС акрэдытаваў прадстаўнікоў літоўскага інфармацыйнага агенцтва.

«Але мы гатовыя і сёньня, і ў далейшым прадстаўляць усю неабходную інфармацыю нашым суседзям і іншым краінам, якім гэта цікава», — сказаў Мірончык.

Ён паведаміў, што паездка арганізаваная на запыт шэрагу амбасадараў.

«Мы пасьлядоўна дэманструем сваю адкрытасьць, транспарэнтнасьць, гатоўнасьць да дыялёгу — у першую чаргу да дыялёгу на экспэртным узроўні. І лічым, што калі будзе весьціся кампэтэнтны дыялёг менавіта на экспэртным узроўні, то яго вынік будзе адназначна на карысьць нашага праекту і яго далейшай рэалізацыі», — сказаў прадстаўнік МЗС.

26 траўня ў Астравец прыбылі больш за 25 дыпляматаў — амбасадары, часовыя павераныя, старшыя дыпляматы з акрэдытаваных у Менску амбасадаў. Сярод удзельнікаў паездкі — амбасадары Ўкраіны, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Швэцыі, дыпляматы, якія прадстаўляюць Сэрбію, Фінляндыю, Нідэрлянды і Японію.

Раней беларускі бок адмовіў у візах дэлегацыі Эўрапарлямэнту, якая плянавала наведаць Беларусь, пагутарыць з прадстаўнікамі ўлады Беларусі наконт БелАЭС, сустрэцца з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў, пабываць на будаўніцтве БелАЭС.

Сайт Міністэрства замежных спраў Літвы апублікаваў брашуру «#АстравецНебясьпечны: 10 прычын, чаму беларуская атамная электрастанцыя — гэта ВЯЛІКАЯ праблема».

Беларуская АЭС узводзіцца ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці пры ўдзеле Расеі. Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай электрычнай магутнасьцю да 2400 МВт. Беларуская АЭС будуецца за 50 кілямэтраў ад сталіцы Літвы Вільні.

26 красавіка ўдзельнікі «Чарнобыльскага шляху» ў Менску запатрабавалі ад уладаў «неадкладна спыніць» будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG