Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Войска ЗША — «у поўнай баявой гатоўнасьці»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што амэрыканскае войска знаходзіцца " у поўнай баявой гатоўнасьці" на выпадак «неабдуманых» дзеяньняў Паўночнай Карэі.

У сваім твітэры Трамп выказаў надзею, што лідэр КНДР Кім Чэн Ын зьменіць свой курс. Перад гэтым дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва КНДР абвінаваціла амэрыканскага лідэра ў нагнятаньні напружанасьці.

У пятніцу ж агенцтва Associated Press паведаміла аб таемных дыпляматычных кантактах паміж амэрыканскім і паўночнакарэйскім высокапастаўленымі прадстаўнікамі, якія абмяркоўваюць у тым ліку і двухбаковыя адносіны. Па словах крыніцы Associated Press, перапіска спэцпрадстаўніка ЗША па КНДР і супрацоўніка паўночнакарэйскай місіі пры ААН не прывяла да паслабленьня напружанасьці, але можа паслужыць асновай для больш сурʼёзных перамоваў. Паўночная Карэя пакуль не камэнтуе гэтую інфармацыю.

Штодзённы абмен Вашынгтона і Пхеньяна пагрозьлівымі рэплікамі выклікаў занепакоенасьць многіх сусьветных лідэраў. Нямеччына, Кітай і Расія заклікалі ўсе бакі да стрыманасьці.

ЗША і Паўднёвая Карэя, у сваю чаргу, заявілі аб працягу падрыхтоўкі да шырокамаштабных сумесных ваенных вучэньняў у жніўні, якія раней КНДР назвала «рэпэтыцыяй вайны».

Пхеньян адпрэчвае прынятую 5 жніўня рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН аб значным узмацненьні жорсткасьці санкцый супраць КНДР у адказ на яе нядаўнія запускі балістычных ракет, якія, як сьцьвярджаецца, здольныя несьці ядзерны зарад і даляцець да Злучаных Штатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG