Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які мір прынесьлі сьвету Трамп і Кім?


Кім Чэн Ын і Дональд Трамп,Сінгапур, 12 чэрвеня 2018
Кім Чэн Ын і Дональд Трамп,Сінгапур, 12 чэрвеня 2018

Адказу на гэтае пытаньне пакуль няма. Напярэдадні сустрэчы ў Сынгапуры амэрыканскі бок, у тым ліку і сам прэзыдэнт Дональд Трамп, падкрэсьліваў, што не задаволіцца нічым меншым, чым поўным ядзерным раззбраеньнем КНДР.

Што абяцае Кім?

Ці дасягнутая гэтая мэта? Чытаем выніковы дакумэнт саміту. У ім дзьве згадкі пра заяўленую ЗША мэту: адна ў прэамбуле («прызнаючы, што пабудова ўзаемнага даверу можа паспрыяць дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава»), другая –у пункце 3 («Пацьвярджаючы Панмынчжонскую дэклярацыю ад 27 красавіка 2018 году, КНДР бярэ на сябе абавязаньне працаваць у кірунку поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава»).

«Працаваць у кірунку» — гэта цяжка назваць нават абавязаньнем.

Цяперашнія амэрыканскія ўлады дакаралі папярэднікаў за тое, што тыя нібыта былі няздольныя дамагчыся ад Паўночнай Карэі спыненьня ядзернай праграмы, ядзернага раззбраеньня. Выніковы дакумэнт не зьмяшчае ніякіх тэрмінаў дэнуклеарызацыі, ніякай формулы раззбраеньня, хаця б самай агульнай.

«Працаваць у кірунку» — гэта цяжка назваць нават абавязаньнем. Працаваць у кірунку можна дзесяцігодзьдзямі, нават вечна.

Зразумела, ня выключана, што два лідэры дасягнулі нейкай нефармальнай дамоўленасьці, што, як сказаў Трамп на выніковай прэсавай канфэрэнцыі, Кім пачне раззбраеньне адразу пасьля вяртаньня дадому. Можа быць. Цуды здараюцца. Але ніякіх абавязаньняў на гэты конт, зафіксаваных на паперы, сьвет ня ўбачыў.

Варта адзначыць яшчэ некалькі дэталяў: падчас усяго саміту Кім ухіляўся ад адказу на шматлікія пытаньні журналістаў пра тое, калі ён адмовіцца ад сваіх атамных бомбаў і ракетаў. Калі ён узяў на сябе цьвёрдыя абавязаньні, чаму яму было б іх і не агучыць?

Сэрдэчна запрашаю ў Пхэньян

Падчас перамоваў ён зрабіў яшчэ адну вельмі важную заяву. Вядома, што Кім запрасіў Трампа наведаць Пхэньян, прэзыдэнт ЗША прыняў запрашэньне. Але цікава, якімі бачацца фармат і тэрміны гэтага візыту лідэру КНДР. Ён прапанаваў правесьці ў Пхэньяне ўжо ў ліпені другі раўнд перамоваў.

Іншымі словамі, для Кіма гэтая будучая сустрэча бачыцца не як рытуальная, не як ганаровае падпісаньне ім капітуляцыі, дасягнутай у Сынгапуры, а як працяг рабочых перамоваў.

Відавочна, што перамовы будуць працягвацца — так ці інакш. Ужо пасьля завяршэньня саміту было паведамлена, што дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа накіроўваецца ў Пхэньян для працягу перамоваў.

Трампа і Кім у Сынгапуры, па сутнасьці, толькі прыступілі да перамоваў.

Можна дапусьціць, што Кім і Трамп памянялі звыклы парадак дыпляматыі. Звычайна дамоўленасьць дасягаецца шляхам доўгага дыялёгу дыпляматаў, а потым, на сустрэчы першых асобаў, ставіцца апошняя кропка, дасягаецца канчатковая ўгода. Магчыма, складаная, цяжкая для кожнага з бакоў, але канчатковая. Дыпляматы могуць яе потым «даводзіць» у дэталях, але толькі ў дэталях.

У Трампа з Кімам атрымалася наадварот — яны ў Сынгапуры, па сутнасьці, толькі прыступілі да перамоваў. У дадатак да пунктаў выніковага пагадненьня з вуснаў Трампа прагучала, што Кім нефармальна пагадзіўся ў хуткім часе ліквідаваць адзін з палігонаў для выпрабаваньня ракетных рухавікоў. Але гэта ня формула, не пагадненьне.

Магчыма, атмасфэра, створаная падчас сустрэчы, паспрыяе зьмястоўным перамовам, якія прывядуць да пагадненьня. А можа, і не прывядуць. Як не прывялі да саміту. Як не прывялі за дзесяцігодзьдзі стасункаў ЗША і КНДР.

Трамп —​ Кім, Ніксан —​ Мао, Рэйган —​Гарбачоў: падабенства і адрозьненьні

Напярэдадні саміту ў Сынгапуры экспэрты параўноўвалі яго са знакамітым візытам прэзыдэнта Рычарда Ніксана ў Кітай, зь яго сустрэчай з Мао ў 1972 годзе і з самітам Рэйган — Гарбачоў у Рэйк'явіку у 1986 годзе. Але Ніксан і Мао дамовіліся адно аб паляпшэньні стасункаў, аб зьмене іх атмасфэры. Тады ЗША не патрабавалі ад КНР ніякіх капітальных саступак. Іх і не было. Адпаведна, не было і новай сустрэчы Ніксана і Мао празь месяц пасьля першай, бо не было пытаньняў, па якіх бакі маглі б канчаткова дамовіцца.

Саміт Рэйгана і Гарбачова у 1986 годзе скончыўся няўдачай, бакі тады былі вельмі блізкія да дамоўленасьці, але ў Рэйк'явіку яны не дасягнулі яе. Потым ЗША і СССР падпісалі ўсё ж адпаведныя пагадненьні. Але значна пазьней, больш як праз год, ніякай сустрэчы двух лідэраў усяго празь месяц пасьля Рэйк'явіку не адбылося.

Экстравагантная прапанова Кіма ня ўпісваецца ў дыпляматычны досьвед.

Так што экстравагантная прапанова Кіма неяк ня ўпісваецца ў дыпляматычны досьвед, у дыпляматычную практыку. Але самой сваёй формай сьведчыць пра тое, што саміт у Сынгапуры ў самым лепшым выпадку падобны на савецка-амэрыканскі саміт у Рэйк'явіку 1986 году. Пагаварылі, абмеркавалі нейкія ідэі, падыходы, можа нават і прарыўныя. Але практычны вынік сьціплы. Калі б гэта было ня так — патрэбы ў хуткім новым саміце проста не было б.

Такой на дадзены момант бачыцца сухая рэшта перамоваў. Магчыма, як у Рэйкьявіку Гарбачоў і Рэйган, бакі падышлі да згоды, праклалі шлях да яе і г. д., але сам па сабе вынік, так выглядае, адмоўны.

Status quo можна было прызнаць і не сустракаючыся.

Магчыма, што заявы пра тое, што Амэрыка не задаволіцца нічым меншым, акрамя поўнай дэнуклеарызацыі, былі адно пазыцыяй запыту. А рэальная мэта — адно нармалізаваць адносіны, прызнаць КНДР дэ-факта ядзернай дзяржавай, наладзіць зь ёй рабочыя, больш шчыльныя адносіны і пры дапамозе іх цеплыні адбіць у Кіма ахвоту ўжываць ядзерную зброю супраць суседзяў і Амэрыкі. Калі мэта была насамрэч такая, то яна можа на саміце і была дасягнутая.

Але яна магла быць дасягнутая і 10 і 20 гадоў таму. Ды і зараз без усялякага саміту. Атрымліваць амэрыканскія грошы і гарантыі бясьпекі, а ядзерныя бомбы трымаць адно на самы крайні выпадак Кім быў гатовы заўсёды. Дык у чым навацыя, у чым посьпех? Status quo можна было прызнаць і не сустракаючыся.

«Гэта вялікі гонар — сустрэцца з вамі»

Аднак калі глядзець на іншыя аспэкты саміту, варта прызнаць, што яны ўсе — чыстыя выйгрышы паўночнакарэйскага дыктатара. Раней прэзыдэнты ЗША ніколі не сустракаліся з кіраўнікамі гэтай адной з самых бязьлітасных і жорсткіх дэспатыяў у сьвеце. Сёньня Кім — сусьветны герой дня. Які такі ізгой?

Словы пра высокі гонар, які дастаўляе прэзыдэнту ЗША сустрэча з кіраўніком зьверскай дыктатуры, пра цудоўныя адносіны, якія ўсталяваліся паміж двума лідэрамі, запрашэньне ў Белы дом, якое атрымаў Кім — таксама істотная заваёва паўночнакарэйскага дыктатара. Зразумела, гэта рытуал, хаця і з пэўным перабольшваньнем, але варта заўважыць, што адносна яшчэ ўчорашняга сусьветнага ізгоя прынамсі рытуал быў выкананы бездакорна.

Я не мараліст. Лідэры заходняга сьвету паціскалі рукі Сталіну і Мао, а ўжо ў параўнаньні з тымі вялікімі людажэрамі Кім — нявіннае дзіця. Але ім паціскалі рукі дзеля дасягненьня важных мэтаў, сувымерных з роляй і маштабамі дзяржаваў, кіраваных тымі лідэрамі. КНДР зь яе ядзернай праграмай — ня сталінскі СССР і не мааісцкі Кітай. Важная, зразумела, краіна, яе ракеты сапраўды ствараюць пагрозы глябальнай бясьпецы і нацыянальнай бясьпецы ЗША.

Ну калі пагрозу саміт не прадухіліў, то ў чым яго сэнс?

Магчыма, мы ня ўсё ведаем, магчыма і сапраўды на паперу жалезныя абавязацельствы Пхэньяну не паклалі, каб даць магчымасьць Кіму захаваць твар. А насамрэч ён Трампу памяцьцю дзядулі і таты пакляўся, што раззброіцца як толькі, дык адразу.

Але гістарычны досьвед падказвае, што КНДР вельмі дыялектычна ставіцца нават і да пісаных пагадненьняў. А ўжо да нефармальных што перашкодзіць паставіцца абыякава? Тым больш што пра наяўнасьць такіх абавязаньняў пакуль можна судзіць толькі са словаў прэзыдэнта Трампа. А калі іх не было? А калі яны былі, але Трамп іх няправільна зразумеў?

Кім і Лукашэнка

Нават калі іншых пазытыўных вынікаў ня будзе, карысьць ад саміту можа быць у тым, што адна з самых закрытых краінаў сьвету крыху адкрылася яму, завязалася камунікацыя, якая можа спарадзіць і новы кантэкст адносінаў, крокі Пхэньяну насустрач Злучаным Штатам не з прычыны цьвёрдых абавязкаў, а зь нежаданьня губляць новую якасьць стасункаў.

На іншым узроўні гэта падобна да эўрапейскай палітыкі нармалізацыі стасункаў з афіцыйным Менскам, з Лукашэнкам. Захад скасоўвае абмежаваньні, стварае больш добразычлівыя адносіны і ў выніку, паводле задумы Менск павінен паводзіць сябе больш лагодна.

Але Беларусь не была і ня ёсьць такой рэпрэсіўнай, як Паўночная Карэя. Лукашэнка у абмен усё ж пайшоў на нейкія паслабленьні. Дарэчы, пытаньне правоў чалавека ў КНДР было, мякка кажучы, не сярод галоўных у парадку дня саміту ў Сынгапуры. Ну і Лукашэнка не атрымліваў такі прыз, як сустрэча з прэзыдэнтам ЗША.

Але канцэптуальная схема падобная — прывучыць драпежніка, пагладзіць, мо і падкарміць. Мо не ўкусіць. Надзея памірае апошняй.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG