Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыкрае судзілішча», — лідэр міжнароднага прафсаюзу IndustriALL пра вырак Фядынічу і Комліку


Кемаль Эзкан (Kemal Özkan)
Кемаль Эзкан (Kemal Özkan)

«Абарона правоў працоўных ня ёсьць злачынствам у ніводнай краіне сьвету» — сказаў Свабодзе Кемаль Эзкан, лідэр міжнароднага прафсаюзу IndustriALL.

Намесьнік генэральнага сакратара міжнароднага прафсаюзу IndustriALL Global Union Кемаль Эзкан прысутнічаў на абвяшчэньні прысуду лідэрам прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. У інтэрвію Свабодзе ён ацаніў гэты вырак.

Кемаль Эзкан падкрэсьліў, што прадстаўляў на судзе 50 мільёнаў сябраў прафсаюзу IndustriALL са 154 краінаў сьвету. А прафсаюз РЭП — адзін з самых паважаных у IndustriALL, Генадзь Фядыніч — сябра Выканаўчага камітэту глябальнага прафсаюзу.

«Гэта сумны дзень для Беларусі, таму што гэтыя два джэнтльмэны, якіх сёньня асудзілі — адны з самых паважаных асобаў у нашым глябальным прафсаюзе IndustriALL па сваіх дзелавых і чалавечых якасьцях. І мне вельмі шкада, што я прысутнічаў на такім прыкрым судзілішчы.

Я магу з упэўненасьцю заявіць, што ў ніводнай краіне сьвету падобны працэс з такімі абвінавачаньнямі ня быў бы магчымы. Адзінае, чым займаюцца Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, — абараняюць правы сябраў РЭП ды іншых працаўнікоў. І гэта ні ў якім разе не зьяўляецца злачынствам, ні ў якай краіне сьвету», — сказаў Кемаль Эзкан.

IndustriALL будзе ціснуць на беларускія ўлады

Ігар Комлік, Кемаль Эзкан і Генадзь Фядыніч (зьлева направа) пасьля суду. 24 жніўня 2018 году
Ігар Комлік, Кемаль Эзкан і Генадзь Фядыніч (зьлева направа) пасьля суду. 24 жніўня 2018 году

​Кемаль Эзкан сказаў, што ў чэрвені 2018 году ў Жэнэве праходзіла чарговая канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы, і на ёй Беларусь была ўключаная ў кароткі сьпіс краінаў, у якіх найбольш сур’ёзна парушаюцца правы чалавека і свабоды прафсаюзаў і іх сябраў.

«Гэты працэс, гэты суд і гэты вырак яшчэ раз пацьвердзіў нашы правільныя апасеньні наконт сытуацыі ў Беларусі. Мы адсочваем гэты працэс з самага пачатку, і міжнародная супольнасьць зноў пераконваецца, што ў Беларусі працягваюць парушацца правы чалавека і правы прафсаюзаў.

Канечне, мы спадзяёмся, што працэс апэляцыі завершыцца поўным апраўданьнем абвінавачаных. Мы лічым, што гэта працэс ня супраць двух лідэраў РЭП, а гэта працэс супраць прафсаюзу. І, канечне, на дадзены момант, пакуль будзе ісьці працэс абскарджваньня выраку, мы зробім усе магчымыя захады і крокі, каб ціснуць на ўрад Беларусі, на ўлады Беларусі, і максымальна распаўсюдзім інфармацыю пра гэты суд у Беларусі па ўсім сьвеце», — сказаў намесьнік генэральнага сакратара міжнароднага прафсаюзу IndustriALL Global Union Кемаль Эзкан.

Што важна ведаць

  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўраў, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» — 23 тысячы рублёў.
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванаю».
  • Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Праваабаронцы, якія ўважліва сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах незразумелых і таямнічых працэдураў.
  • 24 жніўня судзьдзя суду Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (гэтак званай «хатняй хіміі»).

Што такое «хатняя хімія»

Згодна арт. 48−1 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі пакараны абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаны абавязаны:

  • зьяўляцца на выклік крымінальна-выканаўчай інспэкцыі (маюць права выклікаць асуджанага для гутарак, наведваньня выхаваўчых і іншых захадаў);
  • у вольны ад працы ці вучобы час пастаянна знаходзіцца ў сваім жытле або на калядамавой тэрыторыі, не адыходзячы ад жытла далей за адлегласьць, вызначаную інспэкцыяй;
  • з 19-й да 6-й гадзіны быць у сваім жытле;
  • пускаць дамоў супрацоўнікаў інспэкцыі ў кожны час дня (інспэкцыя можа наведваць асуджанага на месцы працы або вучобы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG