Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Гішпаніі ўхваліў перапахаваньне парэштак Франка


Франсіска Франка, 1939 год
Франсіска Франка, 1939 год

Урад Гішпаніі ухваліў дэкрэт, які дае законнае абгрунтаваньне для эксгумацыі і пераносу парэштак Франсіска Франка, які кіраваў краінай ад 1939 да 1975 году — пасьля таго, як узначаленыя ім нацыяналісты атрымалі перамогу над рэспубліканцамі ў грамадзянскай вайне.

Пра намер прыняць адпаведны дэкрэт кіраўнік гішпанскага ўраду сацыяліст Пэдра Санчэс паведаміў яшчэ ў канцы чэрвеня. «Гішпанія як трывалая эўрапейская дэмакратыя ня можа дазволіць сабе сымбаляў, якія падзяляюць гішпанцаў», — заявіў ён тады. Сацыялісты заклікалі пакончыць з «анамаліяй у выглядзе маўзалея, прысьвечанага дыктатару».

У сваю чаргу прадстаўнікі апазыцыі раскрытыкавалі пляны ўраду. «Санчэсу важней ажывіць прывіды мінулага, чым пастарацца зьвярнуць позіркі людзей у будучыню», — заявіў лідэр правацэнтрысцкай Народнай партыі Гішпаніі Пабла Касада.

Ухвалены ўрадам дэкрэт цяпер мае быць зацьверджаны парлямэнтам, большасьць у якім належыць левым. Пра дату галасаваньня пакуль не паведамляецца.

Франсіска Франка пахаваны ў Даліне загінулых — мэмарыяльным комплексе непадалёк ад Мадрыду, пабудаваным у 1940-50-я гады з выкарыстаньнем працы палітычных зьняволеных. Мэмарыял часта выкарыстоўваўся нацыяналістамі, нэафалянгістамі і членамі правых арганізацый для ўрачыстых цырымоніяў і сьвяткаваньня юбілеяў Франка.

З 2007 году любыя палітычныя акцыі ў Даліне загінулых забароненыя. Месца, дзе былы гішпанскі кіраўнік будзе перапахаваны, вызначаць яго сваякі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG