Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта дадасьць для Беларусі шмат дадатковага галаўнога болю». Экспэрт пра выхад ЗША з ракетнай дамовы з Расеяй


Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо абвясьціў аб прыпыненьні ўдзелу ЗША ў Дамове аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД).

У кастрычніку мінулага года прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што плянуе адмовіцца ад пагадненьня, спаслаўшыся на невыкананьне Расеяй сваіх абавязацельстваў.

Дамова была падпісаная ў 1987 годзе прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і лідэрам СССР Міхаілам Гарбачовым і прадугледжвала зьнішчэньне на працягу трох гадоў часткі ядзернага арсэналу абедзьвюх краін, у прыватнасьці ракет далечыні палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў.

Як гэта адаб’ецца на Беларусі? На гэта пытаньне Свабоды адказаў кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман.

Ён лічыць, што гэта крок у кірунку эскаляцыі міжнароднай сытуацыі.

«І найвышэйшы градус гэтай эскаляцыі ва Ўсходняй Эўропе. Менавіта таму гэта небясьпечна для Беларусі.

Як бачна з гісторыі міжнародных адносінаў, для такіх невялікіх краінаў як Беларусь, што знаходзяцца паміж вялікімі дзяржавамі, якія пачынаюць паміж сабой сварыцца, гэта велізарны выклік і абмежаваньне ў магчымасьцях. І гэта дадасьць для Беларусі вельмі шмат дадатковага галаўнога болю».

«Мы таксама атрымліваемся ў нядобрай сытуацыі»

Паводле Яўгена Прэйгермана, гэта «вельмі дрэнны трэнд», бо ставіць пад пытаньне ўсю існую сыстэму кантролю над узбраеньнямі.

«І менш глябальны аспэкт палягае ў тым, што мы таксама зьяўляемся часткай гэтай дамоўленасьці аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. І мы таксама атрымліваемся ў такой нядобрай сытуацыі.

Ня толькі праз тое, што патэнцыйна могуць разварочвацца вакол нас новыя тыпы гэтых ракетных узбраеньняў. Але і таму, што тыя дамоўленасьці, пад якімі мы падпісваліся і якія выкарыстоўвалі для таго, каб прасоўваць ідэю больш бясьпечнай Усходняй Эўропы, яны перад нашым носам развальваюцца»

«Гэта дае Расеі дадатковы аргумэнт»

Ці можа гэта прывесьці да таго, то Расея захоча разьмясьціць сваю вайсковую базу на тэрыторыі Беларусі?

Паводле Яўгена Прэйгермана, «гэта дакладна дае Расеі дадатковы аргумэнт каб прасоўваць гэту ідэю».

«Але мы ведаем афіцыйную пазыцыю Беларусі, што гэтая база не патрэбная. Праз тое, што Беларусь сама можа гарантаваць бясьпеку заходняга кірунку для „саюзнай дзяржавы“ і што тэхналягічна яна з вайсковага пункту гледжаньня нічога не дадае.

Але гэта дадатковы аргумэнт для Расеі, каб прасоўваць гэтую ідэю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG