Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі — 73,14%, Парашэнка — 24,53%. ЦВК Украіны падлічыў 97% галасоў

абноўлена

Уладзімер Зяленскі, пераможца прэзыдэнкціх выбараў ва Ўкраіне
Уладзімер Зяленскі, пераможца прэзыдэнкціх выбараў ва Ўкраіне

Апоўдні 22 красавіка Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны паведамляе аб падліку 97.56% пратаколаў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле гэтых зьвестак, у галасаваньні ўзялі ўдзел 16,6 млн выбарнікаў. 2,31% бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі. Яўка перавысіла 62%.

73.14% або 13,2 млн чалавек прагаласавалі за актора і бізнэсоўца Ўладзімера Зяленскага. 24.53% або 4,4 млн — за дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку.

Такім чынам, дадзеныя падліку галасоў амаль супадаюць зь лічбамі нацыянальнага экзыт-полу, агучанымі пасьля закрыцьця ўчасткаў для галасаваньня ўчора.

Зяленскі наперадзе амаль ва ўсіх абласьцях, нават на Захадзе Ўкраіны і ў сталіцы, дзе ў першым туры больш галасоў аддалі Парашэку. Адзінае выключэньне — Львоўская вобласьць, дзе за Парашэнку прагаласавалі амаль 63%, за Зяленскага — каля 34,5%.

Парашэнка ўжо прызнаў паразу, павіншаваў Зяленскага зь перамогай і заявіў, што пакідае пасаду, але не сыходзіць з палітыкі.

Першым прэзыдэнтам Украіны быў Леанід Краўчук, другім два тэрміны запар быў Леанід Кучма, пасьля Аранжавай рэвалюцыі трэцім прэзыдэнтам стаў Віктар Юшчанка, чацьвётым быў зрынуты пад час Рэвалюцыі Годнасьці Віктар Янукоувіч, пятым прэзыдэнтам пакуль яшчэ зьяўляецца Пятро Парашэнка. Такім чынам Уладзімер Зяленскі становіцца шостым прэзыдэнтам за гісторыю незалежнай Украіны.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG