Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Лукашэнкі прыехаў адхілены прэзыдэнт Літвы


Экс-прэзыдэнт Літвы і дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Раляндас Паксас (зьлева), міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску
Экс-прэзыдэнт Літвы і дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Раляндас Паксас (зьлева), міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску

Аляксандар Лукашэнка 2 траўня правёў у Менску сустрэчу з былым прэзыдэнтам Літвы, а цяпер дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту Раландасам Паксасам. Ініцыятыва візыту паходзіла ад Паксаса, сьцьвярджае прэс-служба Лукашэнкі.

Аляксанар Лукашэнка адзначыў, што літоўскія палітыкі нячаста прыяжджаюць у Менск, а таксама што кіраўніцтва Літвы і Беларусі не пагаджаюцца «па некаторых пытаньнях». Але, дадаў ён, «суседзяў не выбіраюць» — «нам прыйдзецца жыць як суседзям, хочам мы таго ці не».

Як адзначыў Лукашэнка, агульная праблема Беларусі і Літвы – бясьпека ў рэгіёне, бо «Эўропу штарміць, і вельмі моцна», а таксама будаўніцтва БелАЭС, тэма якога ў Літве «вельмі палітызаваная». Ён пажадаў, каб візыт Паксаса стаў добрым пачаткам абмеркаваньня наяўных праблемаў, і прапанаваў «шукаць у гісторыі нешта добрае, на што можна абаперціся» – тое, што Беларусь і Літва некалі складалі адну дзяржаву.

У канцы 1990-х Раляндас Паксас быў мэрам Вільні і старшынём Саюзу лібэралаў Літвы, быў прэм’ер-міністрам Літвы некалькі месяцаў у 1990 годзе і з 26 кастрычніка 2000 году па 20 чэрвеня 2001-га, у 2002 годзе заснаваў Лібэральна-дэмакратычную партыю.

У пачатку 2003 году быў выбраны прэзыдэнтам, але ў красавіку 2004 году быў адхілены ад пасады за парушэньні Канстытуцыі: яго прызналі вінаватым у незаконным прадстаўленьні асобе грамадзянства, незабесьпячэньні дзяржаўнай таямніцы і ціску на прыватныя асобы і кампаніі. Годам пазьней апэляцыйны суд зноў прызнаў яго вінаватым, але ў сьнежні 2005 году Вярхоўны суд Літвы вынес апраўдальны прысуд. Эўрапейскі суд па правах чалавека і Камітэт ААН па правах чалавека пазьней называлі проціпраўным забарону Паскасу балятавацца на палітычныя пасады.

Аляксандар Лукашэнка апошні раз быў у Вільні ў 2009 годзе, да таго — у 1997-м. Апошні раз кіраўнік Літвы наведваў Беларусь у 2010-м — прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце прыяжджала за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, пасьля якіх стасункі Менску з Захадам моцна пагоршыліся. Візыт Паксаса адбыўся незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў у Літве — першы тур заплянаваны на 12 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG