Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне Пуцін падараваў!» Былую прэзыдэнтку Аргентыны абвінавачваюць у крадзяжы


Уладзімір Пуцін і Крыстына Кіршнэр у Буэнас-Айрэсе ў 2014 годзе
Уладзімір Пуцін і Крыстына Кіршнэр у Буэнас-Айрэсе ў 2014 годзе

У Буэнас-Айрэсе пачаўся суд над экс-прэзыдэнтам Аргентыны, сэнатарам Крыстынай Кіршнэр, якую вінавацяць у карупцыі і злачыннай змове з мэтай адмываньня грошай. 23 траўня акрамя іншых узбуджаных супраць яе крымінальных справаў паўстала яшчэ адна — аб знойдзеных у Кіршнэр пры вобшуку найважнейшых гістарычных дакумэнтах, раней скрадзеных. Сама Кіршнэр сьцьвярджае, што рарытэты ёй падараваў асабіста прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Як старадаўнія лацінаамэрыканскія дакумэнты апынуліся ў Пуціна — задаецца пытаньнем міжнародны аглядальнік Рускай службы радыё Свабода Аляксандар Госьцеў.

Першыя слуханьні ў справе аб карупцыі супраць былога прэзыдэнта Аргентыны Крыстыны Элізабэт Фэрнандэс дэ Кіршнэр і яшчэ 12 чалавек, яе сваякоў і блізкіх да яе чыноўнікаў, адбыліся ў Буэнас-Айрэсе 21 траўня. Усіх іх вінавацяць у змове дзеля адмываньня грошай, якія яны атрымалі ў выглядзе хабараў ад буйнога будаўнічага падрадніка і бізнэсмэна Лясара Баеса ў абмен на дзяржаўныя падрады на суму ў 46 мільярдаў пэса (каля аднаго мільярда даляраў). Судзьдзі лічаць, што менавіта Крыстына Кіршнэр грала ва ўсёй справе ключавую ролю.

Гэта далёка ня першая крымінальная справа супраць былога прэзыдэнта, якая доўгі час лічылася вобразам новай Аргентыны, што ішла шляхам «левай нацыянальнай мадэрнізацыі» пад яе кіраўніцтвам. Крыстына Кіршнэр была прэзыдэнтам Аргентыны ад 2007 па 2015 год. Да яе прэзыдэнцкае крэсла ад 2003 па 2007 год займаў яе нябожчык муж Нэстар Кіршнэр. У 2010 годзе, знаходзячыся на піку славы, Крыстына Фэрнандэс дэ Кіршнэр апынулася на чацьвёртым месцы ў складзеным часопісам Time сьпісе дзесяці лепшых жанчын-лідэраў сьвету.

У сьнежні 2017 году суд запрасіў Сэнат аб пазбаўленьні Крыстыны Кіршнэр сэнатарскага імунітэту ад крымінальнага перасьледу, каб зьмясьціць яе пад арышт паводле абвінавачваньня ў дзяржаўнай здрадзе за спробу схаваць ролю Ірану ў арганізацыі выбуху ў габрэйскім цэнтры AMIA ў Буэнас-Айрэсе ў 1994 годзе, калі загінулі 85 чалавек і яшчэ каля 200 былі параненыя. Паводле сьледзтва, а таксама дадзеных ізраільскіх спэцслужбаў, будучы прэзыдэнтам, яна ўвайшла ў змову з прадстаўнікамі Ірану, схаваўшы дадзеныя аб яго наўпроставай датычнасьці да тэракту, выканаўцамі якога сталі баевікі групоўкі «Хізбала». За маўчаньне Кіршнэр Тэгеран павінен быў расплаціцца з Аргентынай выгаднай зьдзелкай, пастаўляючы нафту ў абмен на збожжа.

У 2013 годзе Буэнас-Айрэс і Тэгеран падпісалі, пры ўдзеле Кіршнэр і тагачаснага іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада, пагадненьне аб сумесным расьсьледаваньні выбуху ў габрэйскім цэнтры, што выклікала вялізны міжнародны скандал. Як стала вядома пасьля, Кіршнэр зьвярталася ў Інтэрпол з просьбай спыніць вышук грамадзянаў Ісламскай Рэспублікі Іран, у тым ліку былых іранскіх дыпляматаў у Буэнас-Айрэсе, якія падазраваліся ў датычнасьці да тэракту.

Са справай аб падрыве габрэйскага цэнтру зьвязаная іншая гучная гісторыя — пра гібель у 2015 годзе фэдэральнага пракурора Аргентыны Альбэрта Нісмана. Цела Нісмана было знойдзенае за некалькі гадзін да таго, як ён павінен быў публічна прадставіць доказы тайнай змовы Кіршнэр з Тэгеранам. Паводле ягоных дадзеных, Крыстына Кіршнэр асабіста перашкаджала сьледзтву ў справе, атрымаўшы за гэта ад іранскага рэжыму больш за мільён даляраў. У верасьні летась незалежная група патолягаанатамаў прыйшла да высновы, што Нісман быў забіты ва ўласным ванным пакоі. Гэта супярэчыць высновам урадавай камісіі, зробленым у бытнасьць Кіршнэр прэзыдэнтам, што Нісман, хутчэй за ўсё, скончыў жыцьцё самагубствам.

"Марш маўчаньня" ў Буэнас-Айрэсе ў 2015 годзе ў памяць аб Альбэрце Нісмане і з патрабаваньнем незалежнага расьсьледаваньня яго сьмерці
"Марш маўчаньня" ў Буэнас-Айрэсе ў 2015 годзе ў памяць аб Альбэрце Нісмане і з патрабаваньнем незалежнага расьсьледаваньня яго сьмерці

Сама Крыстына Кіршнэр, якая ня так даўно заявіла пра рашэньне балятавацца на пасаду віцэ-прэзыдэнта Аргентыны на выбарах сёлета, пастаянна абвяргае абвінавачваньні і сьцьвярджае, што ўсе крымінальныя справы і суды над ёй арганізаваныя яе супернікамі як унутры краіны, так і за мяжой, каб перашкодзіць яе перадвыбарчай кампаніі.

Як стала вядома 24 траўня, Кляўдыё Банадыё, вядомы аргентынскі судзьдзя, які вядзе справу Кіршнэр, зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай падрыхтаваць новы судовы працэс — у сувязі з выяўленьнем на віле экс-прэзыдэнта ў паўднёвым горадзе Эль-Каляфаце ў Патагоніі падчас ператрусу ў канцы 2018 году ўнікальных гістарычных дакумэнтаў і лістоў, які доўгі час лічыліся выкрадзенымі і бясьследна зьніклымі. Галоўныя зь іх — ліст аднаго зь лідэраў барацьбы за незалежнасьць гішпанскіх калёній у Лацінскай Амэрыцы ў пачатку XIX стагодзьдзя, нацыянальнага героя Аргентыны Хасэ дэ Сан-Марціна свайму бліжэйшаму памочніку, будучаму Вярхоўнаму кіраўніку Чылі Бэрнарда О’Хігінсу, напісаны ў 1835 годзе, і нататнік прэзыдэнта Аргентыны ў 1916-1922 і 1928-1930 гадах Іпаліта Ірыгоена.

Паводле сьледзтва, абодва гэтыя артэфакты ў 1976 і 1979 гадах былі скрадзеныя невядомымі адпаведна зь дзяржаўнага архіву Аргентыны і Нацыянальнай бібліятэкі Чылі — і знайшліся сярод 94 скрынак дакумэнтаў, канфіскаваных падчас рэйдаў, арганізаваных судзьдзём Кляўдыё Банадыё ў пошуках доказаў злачынстваў Крыстыны Кіршнэр. Цяпер да мінулых крымінальных справаў на адрас экс-прэзыдэнта (а іх усяго ўжо 10) можа дадацца і абвінавачваньне ва «ўтойваньні, зьнішчэньні або незаконным вывазе гістарычных рэліквій». Як лічыць Банадыё, нават калі Кіршнэр ня ведала аб нелегальнай крыніцы паходжаньня дакумэнтаў, яна не магла не разумець іх нацыянальнай і гістарычнай каштоўнасьці і абавязаная была перадаць дзяржаве.

Уладзімір Пуцін і Крысціна Кіршнэр у Крамлі. 23 красавіка 2015 году
Уладзімір Пуцін і Крысціна Кіршнэр у Крамлі. 23 красавіка 2015 году

У самой Крыстыны Кіршнэр маецца ўласная вэрсія таго, як зьніклыя гістарычныя паперы апынуліся ў яе доме. Яна прадставіла яе ў сваёй кнізе «Шчыра» (Sinceramente): ліст і кніжка сталі падарункам ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна падчас афіцыйнай паездкі Кіршнэр у Маскву ў сакавіку 2015 году:

«У нейкі момант Пуцін спыніў усю нашу дэлегацыю і папрасіў аднаго з сваіх супрацоўнікаў, у якога ў руках была скрынка, падысьці бліжэй. Да зьдзіўленьня майго і майго перакладчыка, ён сказаў мне: „Гэта для Вас, спадарыня прэзыдэнт“. Калі я адкрыла скрынку і ўбачыла арыгінальны ліст Сан-Марціна ОʼХігінсу, я ледзь не памерла! Я паглядзела на яго і спытала: „І дзе Вы яго ўзялі?“ Адказ быў імгненным і зьдзівіў мяне яшчэ больш: „Мы спэцыяльна пасылалі чалавека, каб купіць гэта для Вас у Нью-Ёрку“. Прызнаюся, што калі ён хацеў зрабіць на мяне ўражаньне, яму гэта больш чым удалося. Арыгінал ліста вызваліцеля Сан-Марціна вызваліцелю ОʼХігінсу! Больш за тое, там сам Сан-Марцін наракае на няўдзячнасьць, якой ім абодвум адплацілі людзі, якіх яны вызвалілі! Матухна мая! Пуцін, здымаю перад табой капялюш!»

Наступныя слуханьні паводле абвінавачваньняў Крыстыны Кіршнэр у розных злачынствах прызначаныя ў Буэнас-Айрэсе на 27 траўня. Усяго ў рамках яе справы (60 тамоў па 200 старонак у кожным) суд плянуе заслухаць каля 160 сьведак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG