Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

БАРАНАВІЧЫ. Людзі выйшлі да гарвыканкаму

ВІЦЕБСК. Каля 1000 чалавек сабралася ля аблвыканкаму

17.05 Каля тысячы чалавек сабралася каля будынка аблвыканкама ў Віцебску. Яны падпісаліся пад пэтыцыяй, у якой патрабуюць прызнаць фальсыфікацыі на выбарах, спыніць гвалт і адпусьціць палітзьняволеных.

Гараджане патрабуюць, каб да іх выйшаў прадстаўнік улады. Людзям кажуць, што працоўны дзень скончаны. Просяць прыйсьці ў панядзелак, у працоўны час. Людзі не разыходзяцца.

Віцябляне не дачакаліся, калі да іх выйдуць улады. Сумесна вырашылі сабрацца ў нядзелю. Частка людзей рушыла да гарвыканкаму. Частка - падтрымаць чыгуначнікаў і мждыкаў, якія выйшлі ў іншых частках гораду.

МЕНСК. Да калёны рабочых МТЗ далучыліся іншыя дэманстранты

У Менску на праспэкце Незалежнасьці калёны працоўных МТЗ і іншых дэманстрантаў сустрэліся ў раёне недабудаванага гатэлю «Кэмпінскі». Людзі рушаць па праезнай частцы ў бок Дому ўраду.

Калёна пратэстоўцаў разам з працоўнымі МТЗ ідзе далей да плошчы Незалежнасьці і зьбірае ўсё больш людзей. Людзі не пайшлі на Кастрычніцкую плошчу. Яны скандуюць «Сыходзь».

Да пратэстоўцаў далучыліся супрацоўнікі дзяржаўнага тэлеканалу СТВ

17.00 У Менску каля 20 працаўнікоў тэлеканалу СТВ выйшлі на пратэст. Яны стаяць каля галоўнага будынку на вуліцы Камуністычнай. Трымаюць плякаты «СТВ за справядлівыя выбары, «СТВ за мір», паведамілі Свабодзе відавочцы падзеі

17.00, МЕНСК. Дзяўчаты выйшлі з плякатамі на акцыю каля Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

16.57 Перад праспэктам Незалежнасьці ў Менску да калёны рабочых МТЗ далучыліся сотні менчукоў, якія стаялі ўздоўж дарогі з кветкамі і балёнікамі. Цяпер усе разам пайшлі па праезнай частцы ў бок Плошчы перамогі і далей да Дому ўраду

Дырэктар Купалаўскага падтрымаў пратэстоўцаў

Экс-міністар культуры, колішні амбасадар у Францыі, дырэктар тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка падтрымаў пратэстоўцаў:

«Мне стала сорамна, калі сёньня раніцай я пабачыў сьведчаньні простых людзей, якіх катавалі таксама беларусы. Сёньня раніцай я сказаў матулі, што мне сорамна, што я — беларус. Але адразу прыйшла думка, што я ганаруся тымі, хто прагне мець сваё ўласнае меркаваньне і хоча, каб яго паважалі, чулі, і, нарэшце, пачулі. Сёньня я ганаруся, што належу да беларускага народу», — заявіў Латушка ля Купалаўскага тэатру.

МЕНСК. Рабочыя МТЗ ідуць да Дому ўраду, крычаць «Жыве Беларусь!» і «Далучайся!»

16.47 Калёна, якая ішла ад МТЗ, пайшла па вуліцы Казлова ў Менску. Кіруюцца па-ранейшаму да Дому ўраду.

Удзельнікі маршу рабочых МТЗ дайшлі да вуліцы Казлова ў Менску, дзе трамвайнае кола. Тут стаяць машыны ДАІ, але пратэстоўцам ніхто не замінае. З калёны даносіцца «Жыве Беларусь!» і «Далучайся!», мінакі становяцца поруч з рабочымі.

ГОРАДНЯ. Улады выйшлі да дэманстрантаў на плошчы Леніна

16.30 Улады хочуць правесьці мірныя перамовы з дэманстрантамі. Людзі скандуюць «Свабоду», «Скралі голас». На дыялёг выйшлі старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой, намесьніца аблвыканкаму Зоя Кулеша

ГОМЕЛЬ. Страйк на «Гомсельмашы» ня ўдаўся: рабочых зачынілі ў цэхах

На прамысловым гіганце «Гомсельмаш» на 14 жніўня быў анансаваны страйк. На прызначаны час — 14.00 — да тэрыторыі транспартнай прахадной сабралася група падтрымкі: жыхары Гомля, у тым ліку дзеці і жонкі рабочых.


Над тэрыторыяй «Гомсельмаш» праходзіць пешаходны мост. На ім стаялі каля пяцьдзесят чалавек і чакалі выхаду рабочых. Яны скандавалі «Жыве Беларусь» і «Гомсельмаш, выходзь!».

У прызначаны час з правага боку пад мостам зьявілася калёна рабочых. Зь левага — яшчэ адна. Але на падыходах да моста іх спыніла кіраўніцтва, і пасьля кароткіх перамоваў рабочыя вярнуліся на свае месцы.

Потым пад мост выбег адзін з працаўнікоў «Сяльмашу», Андрэй, і пачаў крычаць людзям на мосьце, што «нас зачынілі ў цэхах, забастоўкі ня будзе». Ён распавёў, што пры сустрэчы з кіраўніцтвам працоўныя перайшлі на асабістыя скаргі: каму ботаў не хапае, каму інструмэнту... На абяцаньнях забясьпечыць рабочых усім неабходным сустрэча з кіраўніцтвам і скончылася.

16.05. У цэнтар Менску па вуліцы Чырвонай паехалі 3 машыны з узброенымі сілавікамі.

Калёна рабочых МТЗ ідзе да Дому ўраду

16.05 «Улада ня хоча з намі гаварыць, тады мы выходзім на вуліцу», — заявіў Свабодзе сябра страйкаму Сяргей Дрылеўскі, калі прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка так і не адважыўся сустрэцца з рабочымі.
Пасьля гэтага некалькі тысяч чалавек пакінулі пляцоўку перад заводаўпраўленьнем і рушылі ў бок цэнтру. Канчатковы пункт — Дом ураду. Апошні раз рабочыя былі ў цэнтры Менску 30 гадоў таму. Ад ДК МТЗ выйшлі на праезную частку.


Да калёны пратэстоўцаў МТЗ далучаюцца новыя людзі, зьяўляюцца сьцягі. Агульная колькасьць — прыблізна тры тысячы чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды. На вуліцы Даўгабродзскай да галавы калёны пад’ехала машына ДАІ.

Праз гукаўзмацняльнік інспэктар папярэдзіў, што ўдзельнікі маршу «парушаюць правілы дарожнага руху». У адказ пачуліся сьвіст і воклічы «Сыходзь». Рабочыя таксама крычалі «Жыве Беларусь!», выказвалі патрабаваньні адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня сумленных выбараў з удзелам незалежных назіральнікаў, вызваленьня палітвязьняў, вольнага доступу да інфармацыі...

Людзі стараюцца ісьці па ходніках, але нейкая частка займае правую аўтамабільную паласу. Машына ДАІ прыстроілася наперадзе і павольна рухаецца на чале, як эскорт.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG