Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён частка мяне». Дар’я Лосік пра бестэрміновую галадоўку пратэсту разам з мужам-палітвязьнем


Дар'я і Ігар Лосік
Дар'я і Ігар Лосік

Дарʼя Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка — пра тое, чаму вырашыла распачаць разам са зьняволеным мужам галадоўку пратэсту супраць новай крымінальнай справы, а таксама пра пляны пасьля вызваленьня — павянчацца і зрабіць аднолькавыя тату.

Глядзіце размову на відэа цалкам.


Асноўныя тэзісы размовы:

Пра супольную галадоўку

«Я ўжо пачала галадаваць. З дачкой мне дапамагаюць. За той час, што я бязь Ігара, нельга сказаць, што я добра харчуюся — калі не забыла, то паела. Цяпер я гэта раблю, каб яго падтрымаць, каб Ігар ня быў адзін. Не хачу яго пакідаць, ён вельмі шмат для мяне значыць. Не магу ўявіць, што ён будзе там галадаць, а я буду тут сядзець і есьці. Я так не магу, бо ён — частка мяне. Я цалкам зь ім салідарная».

Пра новае абвінавачаньне

«Я даведалася ад адваката, што яму выставілі новае абвінавачаньне і яму пагражае тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Праўдападобна, што тэрмін утрыманьня пад вартай заканчваецца (25 сьнежня), і яны вырашылі абвінаваціць яго паводле новага артыкулу, каб можна было больш за паўгода трымаць у вязьніцы без суду».

Пра адчайны крок


«Гэта моцны і рызыкоўны ўчынак, бо пад пагрозай жыцьцё і здароўе ягонае і маё. Ежа ў Жодзінскай турме — тое яшчэ задавальненьне, таму ў Ігара абвастрыўся гастрыт. Што будзе цяпер, ва ўмовах галадаваньня, калі ён будзе сядзець проста на вадзе, мне страшна ўявіць. Я вельмі за яго баюся».

Пра падтрымку і дапамогу


«Гэтыя амаль паўгода дапамагаюць трымацца мае бацькі, мужавы бацькі і людзі, якіх я нават і ня ведала, якія пішуць мне праз сацыяльныя сеткі словы падтрымкі. Гэта мне дапамагае пераадольваць цяжкасьці. І Ігар. Я трымаюся дзеля яго».

Пра ліставаньне


«Лісты па-рознаму прыходзяць. Часам затрымка, але можа быць і 40 лістоў у адзін дзень. Ігар на кожны ліст імкнецца адказваць. Надта ня можа пісаць пра навіны ў Беларусі, бо цэнзар не прапусьціць. Я таксама імкнуся пісаць на бытавыя тэмы, бо так будзе болей шанцаў, што ліст дойдзе. Гэта практычна адзіная наша зь ім сувязь — лісты».

Пра справу супраць мужа


«Ігар адмаўляецца даваць паказаньні, таму казаць пра нейкія сьледчыя дзеяньні, якія праводзіліся і ў якіх нібыта была даказаная яго віна, абсурдна. Як можна даказаць тое, чаго няма? Мне трэба супакоіцца. Я была ў шоку, калі пачула пра 293 артыкул, 2 частку».

Пра двухгадовую дачку

«Дачка мае ўсё, акрамя таты. Я даю ёй усё максымальна, мы ёй стварылі такія ўмовы, каб яна не адчувала, што нешта ня тое адбываецца. Але яна ўвесь час пытаецца, дзе тата. Страшны для мяне момант, калі яны ходзіць з тэлефонам і кажа: „Тата, ку-ку“. Так яна шукае яго».

Пра тое, што зробяць па вызваленьні

Палітвязень Ігар Лосік і яго жонка Дар’я Лосік
Палітвязень Ігар Лосік і яго жонка Дар’я Лосік

«На пачатку восені ў лісьце ён напісаў, што калі ўсё скончыцца, то мы зь ім павянчаемся. Мы вырашылі зрабіць парныя тату як памяць пра падзеі, што мы перажылі. Спадзяюся, перажывем іх з добрым канцом.

Калі Ігар выйдзе з турмы, я прыгатую яму пасту баляньнезэ, якую ён вельмі любіць, і папрашу маці сьпячы мядоўнік, які ён таксама вельмі любіць. Гэта будзе сьвята для яго. Ён столькі быў у такіх жудасных умовах, і яму трэба будзе стварыць сьвята. Я дам яму проста адпачыць, каб ён пабыў дома са мной, з дачкой. Хай робіць усё, што захоча, каб толькі акрыяў».

  • На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў. Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).
  • Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем. Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG