Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі прыйшлі зь ператрусамі да кіраўніцтва «Прэс-клюбу». У аэрапорце затрымалі Юлію Слуцкую

абноўлена

Падчас адной з імпрэзаў у «Прэс-клюбе». Архіўнае фота
Падчас адной з імпрэзаў у «Прэс-клюбе». Архіўнае фота

Сілавікі праводзяць вобшукі ў офісе журналісцкай арганізацыі і ў кватэрах яе супрацоўнікаў.

У Нацыянальным аэрапорце затрымалі заснавальніцу і старшыню «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую, якая вярталася ў краіну з адпачынку з дачкой і ўнукамі.

Юлія Слуцкая
Юлія Слуцкая

Як паведаміла дачка Юліі Аляксандра, каля 10 чалавек у цывільным ладзілі ператрус у кватэры Юліі каля гадзіны. Хто дакладна ладзіў ператрус і з чым гэта зьвязана, Аляксандра ня ведае. Аднак яе маці меркавана павезьлі ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў.

Дом у Менску, дзе жыве Юлія Слуцкая
Дом у Менску, дзе жыве Юлія Слуцкая

Юлія Слуцкая раней працавала рэдактаркай «Комсомольской правды в Беларуси», галоўнай рэдактаркай «Эўрарадыё».

Аляксандра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай, пасьля ператрусу
Аляксандра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай, пасьля ператрусу

Сілавікі таксама прыйшлі дадому да праграмнага дырэктара «Прэс-клюбу» Алы Шарко. Яна пасьпела паведаміць у Беларускую асацыяцыю журналістаў, што міліцыянты ламаюць дзьверы.

Калі на месца прыбыў адвакат Сяргей Зікрацкі, чалавек у цывільным яго адтуль проста выштурхнуў.

Паводле адваката, у кватэры, праўдападобна, праходзіць вобшук.

Каля 18-й гадзіны стала вядома, што прынамсі трох журналістаў, якія знаходзіліся каля дома Алы Шарко, забралі ў Маскоўскае РУУС «для праверкі дакумэнтаў». Гэта намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Андрэй Скурко, рэпартэрка «Онлайнера» Тацяна Ашуркевіч і журналіст Антон Мардзіловіч. Іх адпусьцілі.

Пазьней з кватэры вывелі Алу Шарко, яе павезьлі ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў.

У офісе «Прэс-клюбу» таксама ператрус. Вядома, што там знаходзіцца яго дырэктар Сяргей Альшэўскі, паведамляецца ў інстаграме ўстановы.

Ператрус прайшоў і ў доме дырэктара «Прэс-клюбу» Сяргея Альшэўскага ў вёсцы Сьцяцкі. Пра гэта паведаміў у сябе на старонцы ў «Одноклассниках» яго бацька Сяргей. «Забралі фоткі, забралі працоўны ноўтбук, учынілі ператрус без прысутнасьці адваката», – сказаў бацька Альшэўскага.

Таксама прыйшлі зь ператрусам і да Сяргея Якупава — аўтара тэлеграм-каналу MediaMedia і праграмнага дырэктара Акадэміі «Прэс-клюбу».

БелТА дадаткова паведаміла, што Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў правярае факты парушэньня падатковага заканадаўства ў «Прэс-клюбе» , звязаныя, сярод іншага, «з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы».

Прадстаўнікі «Прэс-клюбу», у якіх сёньня праходзілі ператрусы, затрыманыя на 72 гадзіны. Пра гэта TUT.BY паведаміла інфармаваная крыніца.

Што такое «Прэс-клюб»

«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».

«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015 у Беларусі была зарэгістраваная культурна-асьветніцкая ўстанова «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».

«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.

Макей заявіў пра «вельмі адчувальныя і сур’ёзныя» захады ў адказ на санкцыі Эўразьвязу

Сёньня кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей прыгразіў Эўразьвязу «вельмі адчувальнымі і сур’ёзнымі» захадамі ў адказ на санкцыі.

Паводле Макея, афіцыйны Менск ужо вырашыў абмежаваць дзейнасьць шэрагу палітычных фондаў у краіне, а таксама перагледзець рэалізацыю шэрагу гуманітарных, адукацыйных, культурных праграмаў, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі. Пад абмежаваньні падпадуць і тыя праграмы, якія дзейнічаюць пад эгідай пасольстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG