Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Швайцарыі сустрэўся ў турме з Натальляй Хершэ, а потым у МЗС з намесьнікам міністра


Натальля Хершэ ў судзе, 7 сьнежня 2020
Натальля Хершэ ў судзе, 7 сьнежня 2020

Пасол Швайцарыі ў Менску Клод Альтэрмат 5 студзеня сустрэўся ў турме са швайцарскай грамадзянкай, ураджэнкай Беларусі Натальляй Хершэ, якую асудзілі за гвалт супраць міліцыянта.

«Візыт да нашай суайчыньніцы Натальлі Хершэ ў менскай турме: перад праваслаўным Раством узаемны абмен віншаваньнямі з 2021 годам. З улікам умоваў у нашай грамадзянкі па-ранейшаму ўсё добра. Натальля дзякуе ўсім за падтрымку і ўвагу да яе», — напісаў дыплямат на сваёй старонцы ў Твітэры.

6 студзеня Альтэрмат сустрэўся з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам. Як паведаміла прэс-служба МЗС, «пацьверджаная ўзаемная зацікаўленасьць у працягу канструктыўнага дыялёгу». Ці абмяркоўвалася сытуацыя вакол Натальлі Хершэ, невядома. Швайцарскі бок аб перамовах пакуль нічога не паведамляе.

Суд Савецкага раёну Менску 7 сьнежня прызнаў Хершэ вінаватай у супраціве міліцыянту (ч. 2 арт. 363 КК) і адправіў на два з паловай гады ў калёнію. Паводле суду, 19 верасьня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, «падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджаньні». Яна павінна выплаціць супрацоўніку МУС 1000 рублёў. Віны яна не прызнала.

Сытуацыю з Натальляй Хершэ 22 сьнежня абмеркавалі праз тэлефон міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і яго швайцарскі калега Іньяцыё Касіс. Пасьля перамоваў Касіс напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры: «Чарговы абмен думкамі зь міністрам замежных спраў Беларусі Макеем. Гвалт з боку сілаў бясьпекі недапушчальны. Натальля Хершэ карыстаецца консульскай абаронай: пасольства Швайцарыі ў Беларусі мае прамы доступ [да яе] і сочыць за судовай справай. Наша суайчыньніца павінна быць вызваленая».

Беларускія праваабаронцы прызналі Натальлю Хершэ палітзьняволенай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG