Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве на акцыю салідарнасьці зь Ігарам Лосікам выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. ФОТА


Беларусы, якія мусілі ўцячы ва Ўкраіну ад рэпрэсій пасьля ўдзелу ў выбарчых кампаніях альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта і ў акцыях пратэсту, заявілі пра сваю салідарнасьць зь Ігарам Лосікам, які ўжо 40 дзён трымае галадоўку на знак пратэсту супраць свайго незаконнага зьняволеньня.

У акцыі, якая прайшла на майдане Незалежнасьці ў Кіеве, узялі ўдзел некалькі дзясяткаў актывістаў. Яны трымалі беларускую нацыянальную сымболіку і фатаздымкі Ігара Лосіка.

Актывісты трымалі плякаты з надпісамі «Ігар трымайся!», «Героі не павінны паміраць», «Ігар гатовы памерці, каб ты свабодным жыў. Задумайся!».

Цягам усёй акцы, аўтамабілі, якія праяжджалі па вуліцы Храшчацік, падтрымлівалі беларусаў сыгналамі кляксонаў. Удзельнікі выгуквалі лёзунгі «Мы разам, нас многа, за намі перамога!», «Ігар наш герой», «Ад Хабараўска да Берасьця няма месца дыктатуры».

«Я ня ведаю, ці правільна робіць Ігар, абвясьціўшы галадоўку. Усё ж у яго ёсьць сям’я. Мы ім мусім ганарыцца і раўняцца на яго. Ён наш герой», — сказаў Свабодзе Генадзь, які зьехаў у Кіеў пад пагрозай крымінальнага перасьледу. Ён быў затрыманы за ўдзел у маршы ў Курапаты і асуджаны на суткі.

Галіна Сарочык, адна з кіраўніц беларускага цэнтру «Сябры», кажа, што ўсе беларусы мусяць падтрымаць Ігара Лосіка. «Гэта вельмі мужны крок. Ня кожны можа вырашыцца на галадоўку. А мы павінны яго падтрымаць, каб ён ведаў, што не адзін».

У Кіеў зь Менску таксама пад пагрозай крымінальнага перасьледу ўцёк Максім са сваёй жонкай Кацярынай і сынам Максімам. «Мы хочам сказаць Ігару, каб ён трымаўся, што мы разам зь ім і да канца», — кажа Кацярына.

Беларусы, якія зьехалі ва Ўкраіну, ледзь не штодня праводзяць акцыі салідарнасьці. Напярэдадні яны пікетавалі амбасаду Расеі ва Ўкраіне з патрабаваньнем вызваліць затрыманага ў Маскве Аляксея Кудзіна.

Да гэтага беларусы пікетавалі офіс АБСЭ і амбасаду Нарвэгіі ва Ўкраіне, каб прыцягнуць увагу да рэпрэсій супраць працоўных — удзельнікаў страйку, а таксама незалежных СМІ ды праваабаронцаў.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня — ужо 213 дзён. Апошнія 40 зь іх Ігар галадае.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG