Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі зноў судзяць падлетка з эпілепсіяй. Ён сьцьвярджае, што яго б’юць у СІЗА


Мікіта Залатароў
Мікіта Залатароў

7 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Гомля пачаў разгляд крымінальнай справы за «гвалт над міліцыяй» у дачыненьні да 17-гадовага Мікіты Залатарова. У лютым ён быў асуджаны на пяць гадоў за «масавыя беспарадкі». У падлетка эпілепсія. Сёньня на судзе ён заявіў, што яго працягваюць біць у СІЗА.

Справу разглядае судзьдзя Віктар Казачок. Абвінаваўца — супрацоўнік пракуратуры Раман Грамыка. Адвакат — Сяргей Красноў. Пацярпелыя — супрацоўнікі СІЗА Лучкін, Хацкоў і Хаўбок.

Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году. Яму было 16 гадоў. Падлетка абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлем Молатава»). Паводле новага абвінавачаньня Мікіту пагражае да 6 гадоў.

Што кажа абвінавачваньне

У пастанове аб накіраваньні справы пракурору гаворыцца, што асуджаны Мікіта Залатароў «пэўных высноў для сябе не зрабіў, на шлях перавыхаваньня ня стаў».

«21 сакавіка Залатароў, які знаходзіўся ў службовым кабінэце псыхалягічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў установы і прайсьці ў камэру № 103, у выніку чаго супрацоўнікі Лучкін і Хацкоў прымянілі да яго фізычную сілу і вывелі ў калідор трэцяга паверху. Аднак непаўналетні зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі Лучкін падняўся, Залатароў схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі», — пішацца ў абвінавачаньні. Таксама падлетак, на думку сьледзтва, выказаў пагрозы гвалту ў бок супрацоўніцы СІЗА Хаўбок.

Што кажуць пацярпелыя

Бацька палітвязьня Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў
Бацька палітвязьня Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў

Пацярпелыя хадайнічалі аб тым, каб правесьці працэс у закрытым рэжыме з мэтай «забесьпячэньня асабістай бясьпекі».

«Не хачу, каб мае здымкі дзесьці зьявіліся ў інтэрнэце. Мікіта Залатароў — вядомая асоба, так што гэта можа здарыцца», — абгрунтаваў хадайніцтва адзін з пацярпелых.

Здымкі рабіць нельга было, але суд працягнуўся ў адкрытым рэжыме.

Адзін з пацярпелых сказаў, што канфлікт пачаўся таму, што Мікіта не хацеў вяртацца ў брудную камэру (там рамантавалі сантэхніку). «Камэры ў нас прыбіраюць самі асуджаныя, так што ён незаконна патрабаваў. Я выконваў загад начальства, калі вёў яго з камэры псыхоляга ў камэру з прымяненьнем сілы», — зазначыў супрацоўнік СІЗА.

Ён паскардзіўся, што Мікіта хапаў яго за валасы, за вуха, сарваў маску, а лежачы на падлозе — брудна лаяўся і выказваў пагрозы.

Пацярпелыя ацанілі свае маральныя пакуты ў тысячу рублёў кожны.

Пацярпелая супрацоўніца ізалятара зазначыла, што Мікіта выйшаў зь сябе, бо не атрымаў перадачы, якой чакаў. Па словах супрацоўніцы, падлетак граміў камэру, наліў ваду на падлогу. Калі яго выводзілі з кабінэта псыхоляга, Мікіта сказаў: «Выйду — спалю!».​

Што кажа Мікіта

Ён прызнаў сваю віну, але лічыць, што гэта быў ня гвалт, а супраціў.

«Праз тое, што мяне судзілі па палітычных артыкулах, да мяне кепскае стаўленьне ў СІЗА. Я амаль два месяцы сядзеў адзін і ўжо проста не вытрымліваў. Я баюся заставацца адзін, у мяне эпілепсія. Таблеткі мне даюць нерэгулярна. Калі ў мяне ў адзіночцы пачнецца прыступ — хто мне дапаможа? Я адмовіўся ісьці ў брудную камэру з кабінэта псыхоляга. Мне пачалі пагражаць, заламалі рукі, я спрабаваў вызваліцца, у гармідары выйшла так, што паставіў падножку, сарваў маску, але я ня біў супрацоўнікаў», — патлумачыў абвінавачаны.

Ён дадаў, што ў СІЗА яго часта адводзяць ад камэр назіраньня і б’юць дручкамі.

Наступнае паседжаньне — 8 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG