Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія пачала вайсковыя вучэньні каля мяжы зь Беларусьсю


Латвійскія вайскоўцы на парадзе ў гонар 100-годзьдзя незалежнасьці Латвіі, Рыга, 2018
Латвійскія вайскоўцы на парадзе ў гонар 100-годзьдзя незалежнасьці Латвіі, Рыга, 2018

У Міністэрстве абароны заявілі, што гэта зьвязана зь міграцыйным крызісам, ініцыяваным Лукашэнкам. У суседняй Літве тым часам пачынаецца саміт краін Балтыі, дзе ў цэнтры ўвагі будуць акурат дзеяньні рэжыму ў Беларусі.

На паўднёвым усходзе Латвіі ў Латгаліі пачаліся маштабныя, раней не абвешчаныя вайсковыя вучэньні з удзелам чатырох брыгад Зэмэсардзэ, паведаміла агенцтву LETA прадстаўнік Нацыянальных узброеных сіл Сандра Брале.

Вучэньні пад назвай The Decisive Point працягнуцца да 12 сьнежня. Іх мэта — праверка сумеснага супрацоўніцтва, структур камандаў, лягістыкі, мабільнасьці і працэдур прыняцьця рашэньняў.

Міністар абароны Артыс Пабрыкс у інтэрвію Латвійскай тэлевізіі заявіў, што ў вучэньнях удзельнічаюць прыкладна 3000 прадстаўнікоў узброеных сілаў краіны. Ён таксама ўскосна пацьвердзіў, што вучэньні зьвязаныя з крызісам на межах Латвіі, Літвы і Польшчы зь Беларусьсю.

«Я прасіў абвясьціць аб пачатку вайсковых вучэньняў у Латгаліі, каб і нашы беларускія калегі, калі іх можна так называць, ведалі, што гэта ня проста так», — сказаў Пабрыкс у этэры.

На думку палітыка, хоць сытуацыя яшчэ не дасягнула крытычнага ўзроўню, у той жа час няма прыкметаў таго, што яна магла б палепшыцца. Расьце імавернасьць таго, што беларускія службы могуць скіраваць групы мігрантаў да латвійскай мяжы.

Тым часам у Вільні 15 лістапада стартуе саміт балтыйскіх дзяржаў. Прэзыдэнты Літвы (Гітанас Наўседа), Эстоніі (Алар Карыс) і Латвіі (Эгіл Левітс) абмяркуюць міграцыйны крызіс і дамовяцца пра ўзгодненыя дзеяньні з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Таксама перамовы адбудуцца адносна пытаньня паўночнаатлянтычнай супрацы і барацьбы супраць зьмены клімату.

Кіраўнікі балтыйскіх дзяржаў плянуюць прыняць балтыйскую кліматычную дэклярацыю аб нэўтральнай эканоміцы, якой прадугледзяць сумесныя дзеяньні краін Балтыі і супрацоўніцтва ў розных сфэрах у рэалізацыі прынятых абавязаньняў на саміце COP26 у Глазга, які завяршыўся напярэдадні сустрэчы ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG