Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская мова стане абавязковай для вывучэньня ва ўнівэрсытэтах ЦАР


Прэзыдэнт ЦАР і амбасадар Расеі
Прэзыдэнт ЦАР і амбасадар Расеі

Пра гэта паведамляюць афрыканскія СМІ – Corbeau News Centrafrique і Agence Ecofin. Сьцьвярджаецца, што распараджэньне аб гэтым падпісаў прэзыдэнт Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Фостэн-Арканж Туадэра. Мяркуецца, што расейская мова стане абавязковай для вывучэньня ў магістратуры з 2022/2023 навучальнага году.

Паведамляецца, што цяпер распрацоўваюцца навучальныя праграмы, а на пачатку 2022 году ў Маскве павінна адбыцца сустрэча міністраў адукацыі ЦАР і Расеі. Ня выключана, што ў Цэнтральную Афрыку накіруюцца выкладчыкі з Расеі.

Як адзначаюць СМІ, расейская мова ў ЦАР вывучалася ў часы Жана Бэдэля Бакасы, які правіў краінай у 1966–1979 гадах і абвясьціў сябе імпэратарам. У 2019 годзе расейская мова вярнулася ў праграму сярэдніх школ. Гэта супала з актывізацыяй супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі. У ЦАР цяпер, паводле афіцыйных зьвестак, знаходзяцца сотні расейскіх вайсковых інструктараў, якія, як сьцьвярджае МЗС Расеі, садзейнічаюць мірнаму ўрэгуляваньню ў краіне, прама пры гэтым ня ўдзельнічаючы ў баявых дзеяньнях урадавых войскаў супраць паўстанцаў.

Пры гэтым, паводле шматлікіх дадзеных, у ЦАР прысутнічаюць і ўдзельнічаюць у баявых апэрацыях найміты з так званай ПВК Вагнэра. Экспэрты ААН нядаўна апублікавалі даклад, у якім расейскія найміты абвінавачваюцца ў шматлікіх злачынствах, уключаючы забойствы мірных жыхароў і згвалтаваньні.

У ЦАР, па наяўных дадзеных, 2 буйныя ўнівэрсытэты — Унівэрсытэт Банга і філія міжнароднага ўнівэрсытэту Euclid.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG