Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абстрэлы Севераданецку, Мікалаева, памежжа Сумшчыны. 95-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Неразарваны боепрыпас на дарозе ў Севераданецку, 7 траўня 2022 году
Неразарваны боепрыпас на дарозе ў Севераданецку, 7 траўня 2022 году

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, расейцы атакуюць Севераданецк.
  • У Херсонскай вобласьці закрылі мяжу з падкантрольнай Кіеву тэрыторыяй.
  • Херсонскія ўлады заявілі аб крытычнай гуманітарнай сытуацыі ў рэгіёне: няма сувязі, прадуктаў, мэдыкамэнтаў.
  • ​Шольц і Макрон абмеркавалі з Пуціным лёс украінскіх ваеннапалонных і вываз збожжа з Украіны.
  • Джо Байдэн заявіў, што «Пуцін спрабуе зьнішчыць культуру ўкраінскага народу» і што вайна Пуціна ва Ўкраіне «падштурхоўвае ўсё больш дзяржаваў да членства ў NATO».
  • З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі больш як 240 дзяцей, 440 параненыя.
  • МАГАТЭ заявіла, што ня мае доступу на Запароскую АЭС, якую захапілі расейскія войскі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 29 траўня

2 раёны Данецкай вобласьці — без электрычнасьці, шэраг населеных пунктаў — без вады, 115 шахтараў засталіся пад зямлёй

У выніку баявых дзеяньняў Бахмуцкі і Краматорскі раёны Данецкай вобласьці засталіся без электрычнасьці, паведаміла Данецкая абласная вайсковая адміністрацыя.

Праз адключэньне электраэнэргіі Краматорск, Славянск, Дружкаўка, Канстанцінаўка, Тарэцк і бліжэйшыя населеныя пункты апынуліся без вады.

115 шахтараў засталіся пад зямлёй у Данецкай вобласьці ў выніку абясточваньня шахтаў. Адміністрацыі прымаюць неабходныя меры для ўзьняцьця шахтараў на паверхню.

Новы абстрэл Мікалаева: ёсьць пацярпелыя

Людзі пацярпелі ў выніку новага абстрэлу Мікалаева, паведаміў мэр горада Аляксандар Сянкевіч. «Раніцай расейскія войскі зноў абстралялі жылы квартал Мікалаева. Высьвятляем наступствы. Папярэдне, на жаль, ёсьць пацярпелыя», — гаворыцца ў паведамленьні.

Памежжа Сумскай вобласьці абстралялі з тэрыторыі РФ

Расейскія войскі раніцай 29 траўня чарговы раз абстралялі памежжа Сумскай вобласьці, паведамляе Апэратыўнае камандаваньне «Поўнач». «Каля 07:35 назіральнікі зафіксавалі каля 20 выбухаў («прылётаў») з тэрыторыі РФ у напрамку Баяра-Ляжачоў. Стратаў сярод асабовага складу і тэхнікі няма», – гаворыцца ў паведамленьні.

Краматорск і суседнія гарады засталіся безь сьвятла

Мэр Краматорска Аляксандар Ганчарэнка заявіў, што з-за баявых дзеяньняў на поўначы Данецкай вобласьці пашкоджаная высакавольтная ЛЭП. Паводле яго, Краматорск і суседнія гарады засталіся безь сьвятла. Рамонт ускладнены баямі.

Удар па Крывым Рогу: пацярпелых няма

У выніку ракетных удараў па прамысловым прадпрыемстве Крывога Рога параненых і загінулых няма, паведаміў кіраўнік абласной рады Мікалай Лукашук.

Раніцай 29 траўня Мінабароны РФ азаявила пра нанясеньне ўдару высокадакладнай зброяй па Крывым Рогу.

На Луганшчыне за дзень загінулі два чалавекі, разбураныя больш за 60 дамоў

У выніку абстрэлаў расейскімі войскамі Луганскай вобласьці за мінулыя суткі загінулі два чалавекі, таксама ёсьць параненыя, паведамляе 29 траўня Дзяржаўная служба Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях.

У Севераданецку, дзе працягваюцца баі, учора ў выніку абстрэлаў жылога сэктара ў старых раёнах горада ў сваёй хаце загінула жанчына. У Лісічанску расейскі снарад трапіў у шматпавярховік, дзяўчына загінула на месцы, чатыры мясцовыя жыхары шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасьці. У горадзе авіяўдарам разбураны кінатэатар, атрымалі пашкоджаньні 22 дамы.

Агулам у Луганскай вобласьці за дзень разбураныя больш за 60 разбураных дамоў, сярод іх 13 — у Севераданецку — 13 дамоў, 11 — у Горным — 11, 7 — у Ташкоўцы.

У Севераданецку працягваюцца баі

У Севераданецку абстаноўка цяжкая, баі працягваюцца, паведамляе кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

«Уся тэрыторыя Луганскай вобласьці абстрэльваецца пастаянна. Няма такога населенага пункта, які б не абстрэльваўся. Севераданецк зараз проста сьціраюць з твару зямлі, на яго скідаюць авіябомбы, пастаянна „Градамі“, „Сьмерчамі“, „Ураганамі“ абстрэльваюць, з танкаў, артылерыі, мінамі — усё ўзбраеньне, якое ёсьць у расейскага войска, выкарыстоўваецца ў маім родным горадзе», — сказаў раней у інтэрвію Гайдай.

Паводле яго слоў, у Севераданецку няма вады, газу і сьвятла.

Гайдай адзначыў, што Севераданецк застаецца пад кантролем украінскіх войскаў.

ISW: на бітве за Севераданецк наступ РФ можа спыніцца

Бітва за Севераданецк скончыцца, незалежна ад таго, хто зойме горад, расейскі наступ на апэратыўным і стратэгічным узроўнях, хутчэй за ўсё, дасягне кульмінацыі. Гэта дасьць шанец Украіне шанец аднавіць контрнаступ, гаворыцца ў справаздачы амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны ISW.

У дакумэнце адзначаецца, што ўзяцьце Севераданецку дазволіць Расеі заявіць, што яна цалкам захапіла Луганскую вобласьць, але ня дасьць краіне ніякай іншай істотнай ваеннай або эканамічнай выгады. Яны разбураюць горад і, у выпадку яго ўзяцьця, будуць кантраляваць руіны.

Зьніжэньне прафэсіяналізму расейскіх афіцэраў можа даць украінскім сілам новыя магчымасьці. Калі расейскія войскі, якія захраснулі на другарадных кірунках, страцяць волю да бою, ва Ўкраіны можа зьявіцца шанец пачаць сурʼёзны контрнаступ з добрымі шанцамі на посьпех, мяркуюць у інстытуце.

У Марыюпалі расейцы звозяць целы загінулых проста ва ўнівэрсам

Як сьцьвярджае дарадца мэра Марыюпаля Пятро Андрушчанка, расейцы зрабілі склад трупаў загінулых проста ва ўнівэрсаме на Левым беразе Марыюпаля. Гэта целы, якія выявілі падчас эксгумацыі, калі рамантавалі вадаправод.

«Яны проста выкідаюць іх як сьмецьце», — заявіў Андрушчанка і дадаў, што ў горадзе не хапае моргаў і людзей, якія могуць пахаваць усіх загінулых.

Украінскі бок раней казаў пра прынамсі 22 тысячы загінулых у Марыюпалі.

На вайне ва Ўкраіне загінуў супрацоўнік прэс-службы Мінабароны РФ у званьні палкоўніка

Падчас баёў ва Ўкраіне загінуў расейскі палкоўнік Уладзімір Васільевіч Іваноў. Першым пра ягоную сьмерць паведаміў супрацоўнік УДТРК Яўген Паддубны, ён выйшаў на акцыю «Несьмяротны полк» 9 траўня з партрэтам Іванова. «Медиазона» пацьвердзіла гібель палкоўніка з дапамогай рэестру спадчынных спраў, дадатку Getcontact і ўцечак з расейскіх баз дадзеных.

Расейцы працягваюць наступ на Данбасе

Паводле ранішняй зводкі Генштабу Ўзброеных сіл Украіны за 29 траўня:

  • На Валынскім і Палескім напрамках павялічылася колькасьць мер апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі ў ходзе праверкі Узброеных сіл Беларусі. Захоўваецца пагроза ўдараў зь Беларусі па аб’ектах інфраструктуры Ўкраіны.
  • За мінулыя суткі на Данецкім і Луганскім напрамках адбітыя 7 атак расейскіх войскаў, зьнішчаны 1 танк, 6 аўтамабіляў і бесьпілётнік «Арлан-10».
  • На Данецкім напрамку расейцы вядуць наступ, актыўна прымяняюць сілы ракетных войскаў і артылерыі, а таксама сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
  • На Ліманскім напрамку расейскія войскі ўзмацняюць групоўку, ужылі штурмавую авіяцыю паблізу Дзібровы, спрабуюць замацавацца ў раёне Лімана.
  • На Паўночнаданецкім кірунку пры падтрымцы артылерыі расейцы штурмавалі раён Севераданецка, баі працягваюцца. У раёне населенага пункта Баброва расейцы панесьлі страты і адышлі на раней занятыя пазыцыі.
  • На Северскім напрамку расейцы абстралялі зь мінамётаў пазыцыі ўкраінскіх сіл абароны ў Сумскай вобласьці.
  • На Харкаўскім кірунку асноўныя намаганьні расейцаў сканцэнтраваныя на ўтрыманьні займаных межаў. Расейцы абстралялі цывільную інфраструктуру ў раёнах Чаркаскіх Цішкоў, Рускіх Цішкоў, Пятроўкі і Цярновай.
  • Расейцы спрабуюць палепшыць тактычнае становішча на Бахмуцкім кірунку. На Славянскім, Курахаўскім, Навапаўлаўскім і Запароскім расейцы абстрэльваўлі цывільную інфраструктуру.

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі больш як 240 дзяцей

Такія зьвесткі прыводзіць Генэральная пракуратура Ўкраіны 28 траўня. Сама меней 440 дзяцей атрымалі раненьні. У Генпракуратуры падкрэсьліваюць, што лічбы не канчатковыя, бо вядзецца праца па іх устанаўленьні ў месцах актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях.

26 траўня ў Марыюпальскай школе ў выніку выбуху расейскага снарада загінуў 12-гадовы хлопчык.

Больш за 150 гарадоў сьвету разарвалі пабрацімскія адносіны з гарадамі Расеі, — МЗС Украіны

Больш за 150 гарадоў больш чым у 20 краінах ужо разарвалі пабрацімскія адносіны з больш чым 160 гарадамі Расеі. Як паведамляе Міністэрства замежных спраў Украіны, рашэньне аб спыненьні пагадненьняў аб пабрацімстве ўжо прынялі гарады Аўстраліі, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Даніі, Грэцыі, Эстоніі, Гішпаніі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Нарвэгіі, Пэру, Польшчы, Партугаліі, Славакіі, Славеніі, ЗША, Фінляндыі, Чэхіі, Швэцыя, Нідэрляндаў.

Што адбываецца ў Расеі

Схаваная мабілізацыя ў Расеі

У Благавешчанску Амурскай вобласьці жыхарам горада ў паштовыя скрыні пачалі раскладваць улёткі з рэклямай кантрактнай службы, а таксама на вуліцах расклейваць аб’явы, паведамляе выданьнеСота.

Тым, хто запісаўся на кантрактную службу, прапануюць «грашовае забесьпячэньне ў памеры ад 40 тысяч рублёў» (каля $600 па афіцыйным курсе), «бясплатны праезд», «магчымасьць набыцьця ўласнага жыльля» і «атрымаць вышэйшую адукацыю».

Расавіяцыя працягнула забарону на палёты ў 11 аэрапортаў РФ

Расавіяцыя падоўжыла рэжым часовага абмежаваньня палётаў у 11 аэрапортаў Расеі да 6 чэрвеня 2022 году. Гэта тычыцца Анапы, Белгарада, Бранска, Варонежа, Геленджыка, Краснадара, Курска, Ліпецка, Растова-на-Доне, Сімферопаля і Элісты. Авіякампаніям рэкамэндавана арганізаваць перавозку пасажыраў па альтэрнатыўных маршрутах, выкарыстоўваючы аэрапорты Сочы, Валгаграда, Мінэральных Вод, Стаўрапаля і Масквы.

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Прэзыдэнт ЗША: «Пуцін спрабуе зьнішчыць культуру ўкраінскага народу»

«Жорсткая вайна Пуціна ва Ўкраіне. Ён ня толькі спрабуе завалодаць Украінай, але літаральна спрабуе зьнішчыць культуру і самабытнасьць украінскага народу. Напады на школы, радзільні, шпіталі, музэі. Тут няма іншай мэты, акрамя зьнішчэньня культуры. Прамы напад на фундамэнтальныя прынцыпы міжнароднага права і парадку. Такі сьвет, у які вы сёньня выпускаецеся», – заявіў Джо Байдэн, выступаючы перад выпускнікамі Ваенна-марской акадэміі ЗША.

Прэзыдэнт таксама падкрэсьліў, што вайна Пуціна ва Ўкраіне падштурхоўвае ўсё больш дзяржаваў да членства ў NATO і апошнім такім прыкладам зьяўляюцца заявы Швэцыі і Фінляндыі. «Дзеяньні Пуціна былі спробай так званай «фінляндызацыі» Эўропы, каб гэтыя краіны прытрымліваліся нэўтралітэту. Замест гэтага ён пераводзіць усю Эўропу ў NATO», – падкрэсьліў Байдэн.

Канцлер Нямеччыны заявіў, што Пуціну не ўдалося дасягнуць усіх яго стратэгічных мэтаў

Оляф Шольц выказаў упэўненасьць, што прэзыдэнт Расеі не пераможа ў вайне ва Ўкраіне.

Ён заявіў, што «захоп усёй Украіны Расеяй сёньня здаецца больш аддаленым, чым на пачатку вайны». «Пры гэтым, як ніколі раней, Украіна падкрэсьлівае сваю эўрапейскую будучыню», — дадаў ён.

ЗША рыхтуюцца зацьвердзіць пастаўку ўдасканаленай ракетнай сыстэмы для Ўкраіны

Удасканаленая ракетная сыстэма вялікай далёкасьці можа быць пастаўлена Ўкраіне ўжо найбліжэйшым часам. Адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта Джо Байдэна рыхтуецца павялічыць віды ўзбраеньняў, якія яна прапануе Ўкраіне, адпраўляючы туды перадавыя ракетныя сыстэмы, якія цяпер зьяўляюцца галоўным запытам украінскіх чыноўнікаў, піша CNN.

Адміністрацыя схіляецца да адпраўкі сыстэм у рамках большага пакета вайсковай дапамогі і дапамогі ў бясьпецы Ўкраіны, пра што можа быць абвешчана ўжо на наступным тыдні.

Яшчэ адна сыстэма, якую запытала Ўкраіна, — ракетная сыстэма высокай мабільнасьці, вядомая як HIMARS, больш лёгкая колавая сыстэма, здольная страляць многімі з тых жа тыпаў боепрыпасаў, што і РСЗА.

Іншая сур’ёзная заклапочанасьць адміністрацыі Байдэна заключалася ў тым, ці могуць ЗША дазволіць сабе аддаць столькі зброі высокай клясы, атрыманай з вайсковых запасаў, сказалі крыніцы выданьня. Адміністрацыя таксама разважала наконт забесьпячэньня Ўкраіны дадатковымі зьнішчальнікамі МіГ-29, якія, на думку некаторых, могуць дазволіць украінцам перанесьці вайну на тэрыторыю Расеі. Урэшце ЗША вырашылі не засылаць у Польшчу новыя самалёты, што дазволіла б палякам перадаць Украіне МіГі савецкага часу.

ЭЗ павялічыць фінансаваньне абароны на 3 мільярды эўра

25 траўня Эўрапейская камісія абвясьціла аб выдзяленьні аднаго мільярда эўра на фінансаваньне Эўрапейскага абароннага фонду, і яшчэ двух мільярдаў — на фінансаваньне дасьледаваньняў у галіне абаронных інавацый. Па словах эўракамісара па ўнутраным рынку Т’еры Брэтона, дадатковае фінансаваньне з Эўрапейскага абароннага фонду пойдзе на разьвіцьцё сумесных абаронных праектаў у космасе, кібэрпрасторы і высокіх тэхналёгіях.

Італія, Вугоршчына і Кіпр выступаюць за «мірныя перамовы і неадкладнае спыненьне агню»

Вугоршчына і Кіпр падтрымалі ініцыятыву Італіі ўнесьці патрабаваньне аб спыненьні агню і мірных перамовах з Расеяй у праект заявы па выніках саміту ЭЗ 30–31 траўня.

Як піша Reuters, Вугоршчына выступае супраць увядзеньня забароны на імпарт нафты, а Кіпр занепакоены прапанаванай забаронай на продаж нерухомасьці грамадзянам Расеі. Італія ж настойвае, што мірныя перамовы з Расеяй — адна зь першачарговых мэтаў ЭЗ у цяперашнім становішчы.

На мінулым тыдні Італія прапанавала плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, які выклікаў крытыку як ва Ўкраіне, так і ў Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG