Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русь сидящая»: вайсковая кампанія «Вагнэр» завэрбавала 1000 зьняволеных у 17 расейскіх калёніях на вайну з Украінай


Разьбітая расейская тэхніка ў Харкаўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Разьбітая расейская тэхніка ў Харкаўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Калі завэрбаваны вязень цягам паўгода на вайне застанецца жывы, яму абяцаюць памілаваньне.

Расейскія праваабаронцы выявілі, што прадстаўнікі псэўда-прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якая кіруецца Крамлём, наведалі 17 калёній, у якіх завэрбавалі ў свае шэрагі адну тысячу зьняволеных, каб адправіць іх на вайну ва Ўкраіну.

Паводле расьсьледаваньня, праведзенага расейскім выданьнем «Вёрстка» і праваабарончым фондам «Русь сидящая», у першую чаргу вярбоўшчыкі цікавяцца асуджанымі паводле артыкулаў 105 і 162 Крымінальнага кодэксу Расеі (забойства і разбой, адпаведна). Тых, хто адбывае пакараньне за наркотыкі ці сэксуальныя злачынствы, часьцей за ўсё да адбору не дапускаюць.

Зьняволеным навабранцам прапануюць заробак 200 тысяч расейскіх рублёў у месяц, выплату 300 тысяч рублёў за раненьне, а ў выпадку гібелі — 5 мільёнаў рублёў сваякам.

Паводле праваабаронцаў і журналістаў, прадстаўнікі кампаніі «Вагнэр» наведалі 17 калёній у 10 рэгіёнах Расеі. Тых, хто пагаджаецца, правяраюць дадаткова на паліграфе, цікавяцца іхным стаўленьнем да расейскай улады і запытваюць, ці не зьбіраюцца яны ўцячы ва Ўкраіну. Праз паўгода пасьля «камандзіроўкі» ва Ўкраіну ім абяцаюць вызваленьне па амністыі.

Раней стала вядома, што ў баявых дзеяньнях на Данбасе загінулі як мінімум тры зьняволеныя, якія да вэрбаваньня ў прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр» адбывалі пакараньне ў папраўчай калёніі № 7 Санкт-Пецярбургу (яе называюць «Ябланеўка»).

Яшчэ двое параненыя і знаходзяцца ў лякарні Луганску, паведаміла расейскае выданьне «Важные истории» са спасылкай на крыніцы, якія кантактуюць са сваякамі гэтых асуджаных.

Паводле выданьня, у мэдычных дакумэнтах параненых пазначаны ня іхныя імёны, а псэўданімы — ці то мянушкі, ці то пазыўныя.

«Гэтых людзей цалкам вывелі з прававога поля. Калі параненыя ляжаць у лякарнях не пад рэальнымі імёнамі, падобна, і загінулых хаваць будуць пад мянушкамі. Паўстае пытаньне, як змогуць атрымаць грошы сваякі загінулых. Бо калі сваяцтва з Іванам Івановым даказаць можна, то як даказаць сваяцтва зь якім-небудзь „Дзьмухаўцом“? Хутчэй за ўсё, грошай за сьмерць чалавека сваякі не пабачаць», — сказаў адвакат Леанід Крыкун.

Ён супрацоўнічае з праваабарончай арганізацыяй «Русь сидящая», якая і змагла выявіць выпадкі вэрбаваньня ў калёніях.

Паводле інфармацыі расейскага выданьня, вэрбавальнікі «Вагнэра» прыяжджалі ў «Ябланеўку» 1 ліпеня. Ужо ў ноч на 6 ліпеня з калёніі вывезьлі першую групу асуджаных у складзе больш як 40 асобаў. Загінулыя і параненыя знаходзіліся ў першай вывезенай з калёніі групе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG