Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Косава пачало выдаваць папярэджаньні аўтамабілям з сэрбскімі нумарамі. Сэрбская меншасьць супраць


Сэрбскі нумарны знак у Косаўскай Мітравіцы
Сэрбскі нумарны знак у Косаўскай Мітравіцы

Улады Косава пачалі рэалізацыю пляну паступовай замены старых нумарных знакаў, выдадзеных Сэрбіяй, шляхам раздачы папярэджаньняў уладальнікам — гэты крок разглядаецца як зьмякчэньне першапачаткова жорсткай пазыцыі ўраду ў гэтым пытаньні пасьля міжнароднага ціску. 

Кіроўцам са старымі сэрбскімі нумарамі 1 лістапада на мяжы з Сэрбіяй у памежным пераходзе Ярынье выпісалі першыя папярэджаньні і запрасілі зьявіцца ў цэнтар перарэгістрацыі, каб атрымаць новыя, косаўскія, нумары.

Сёлета Косава некалькі разоў хацела запатрабаваць ад сваёй сэрбскай меншасьці зьмяніць старыя аўтамабільныя нумары, выдадзеныя да 1999 году, калі Косава яшчэ афіцыйна было часткай Сэрбіі. Гэтыя спробы сутыкнуліся з моцным, а часам і жорсткім супрацівам з боку этнічных сэрбаў, якія жывуць на поўначы краіны. 31 ліпеня і 1 жніўня сэрбы на поўначы ўстанавілі барыкады ў знак пратэсту.

Пасьля адтэрміноўкі апошні тэрмін скончыўся 1 лістапада, і каля 10 тысяч уладальнікаў павінны былі зьмяніць рэгістрацыю старых аўтамабіляў. Але пасьля папярэджаньняў Захаду аб тым, што такі крок можа павысіць напружанасьць паміж Косавам і Сэрбіяй, прэм’ер-міністар Альбін Курці 28 кастрычніка абвясьціў аб паступовай адмове.

Курці сказаў, што кіроўцам спачатку будуць выдаваць папярэджаньні на працягу трохтыднёвага пэрыяду, пачынаючы з 1 лістапада. За гэтым рушыць двухмесячны пэрыяд, калі будуць выпісвацца штрафы ў памеры 150 эўра. Затым будуць яшчэ два месяцы, на працягу якіх будуць дзейнічаць часовыя нумарныя знакі.

Калі кіроўцы не памяняюць нумары да 21 красавіка 2023, у адпаведнасьці з пастановай ураду іх транспартныя сродкі будуць канфіскоўвацца. Акрамя таго, каб стымуляваць кіроўцаў адмовіцца ад сэрбскіх нумароў, урад таксама абвясьціў, што пазбаўляецца дадатковага мытнага падатку на імпартаваныя патрыманыя аўтамабілі, уладальнікі якіх пераходзяць на новыя косаўскія нумарныя знакі. Акрамя таго, яны таксама выйграюць ад адмовы ад выдаткаў на нумарныя знакі і рэгістрацыйных збораў, якія ў цэлым складаюць 57 эўра.

Аднак пакуль, паводле інфармацыі, што прыходзіць з Косава, сэрбы не мяняюць свае нумары на новыя. Адзін з суразмоўцаў сказаў Балканскай службе Радыё Свабода, што ня будзе замяняць знак, а таксама ня будзе плаціць штраф. Пасьля кампрамісу ў жніўні некалькі палітычных экспэртаў заявілі аб тым, што рашэньне пра ўвядзеньне пэрыядаў замены толькі адтэрмінуе канфлікт, а ня вырашыць яго.

Напярэдадні афіцыйны Бялград заявіў аб тым, што прывёў войскі Сэрбіі ў павышаную баявую гатоўнасьць. Раней у Сэрбіі неаднаразова заяўлялі аб тым, што будуць бараніць сэрбаў у Косава, якое Бялград лічыць сваёй тэрыторыяй, не прызнаючы яго незалежнасьці.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч неаднаразова вінаваціў косаўскіх альбанцаў у правакацыях супраць сэрбскага насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG